26 красавiка 2024, Пятніца, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея накіруе нафту ў абыход Беларусі?

27
Расея накіруе нафту ў абыход Беларусі?

Павышэнне тарыфаў на транзіт прывядзе да рэзкага скарачэння аб'ёмаў прапампоўвання.

Павышэнне тарыфаў на транзіт нафты па тэрыторыі Беларусі на 20–30% прывядзе да істотнага скарачэння аб'ёмаў прапампоўвання праз Беларусь. Расейскія экспарцёры змогуць перанакіраваць транзіт нафты з беларускага напрамку на расейскія экспартныя тэрміналы ў Усць-Лузе, Прыморску і Наварасейску. Такое меркаванне выказаў асноўны аналітык Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі, эксперт Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ Ігар Юшкоў у каментары агенцтву ПраймПрэс.

«Калі Менск падыме тарыфы на прапампоўку нафты праз сваю тэрыторыю на 20–30%, то гэта, хутчэй за ўсё, прывядзе да істотных скарачэнняў прапампоўкі праз Беларусь, бо гэты маршрут стане менш канкурэнтаздольным у параўнанні з іншымі кірункамі», – адзначыў Юшкоў.

Паводле ягоных словаў, у расейскіх кампаній ёсць магчымасць перанакіраваць транзіт нафты з беларускага напрамку на расейскія экспартныя тэрміналы ў Усць-Лузе, Прыморску і Наварасейску. «Летась Дружба (нафтаправод – рэд.) прастаяла нямала часу (праз сітуацыю з пастаўкамі бруднай нафты – рэд.), і нават у рэверсе працавала, тым не менш, увесь экспарт кампаніі змаглі пераключыць на Усць-луг, Прыморск і Новарасейск. Так, было складана, але гэты прыклад паказаў, што можна ўвесь аб'ём транзіту праз Беларусь перакінуць на іншыя маршруты", – сказаў эксперт.

Пры гэтым ён заўважыў, што пакуль расейская кампанія «Транснафта» захоўвае план прапампоўкі нафты праз Беларусь да 2020 г. на ўзроўні 2019 г. – 48 млн т. З гэтага аб'ёму 34 млн т плануецца прапампаваць у напрамку Польшчы і 14 млн т – у напрамку Украіны.

Як паведамлялася, ААТ «Гомельтранснафта Дружба» (аператар магістральнага нафтаправода «Дружба» на тэрыторыі Беларусі) не атрымалася ў 2019 г кампенсаваць страты ад зніжэння аб'ёму транзіту расейскай нафты (на 6,4 млн тонаў), выкліканыя красавіцкай аварыяй на нафтаправодзе «Дружба». Часткова страты былі пагашаныя за кошт павышэння з 1 верасня 2019 г тарыфу на прапампоўку нафты на 3,7%. Каб цалкам пакрыць недаатрыманы аб'ём выручкі (яшчэ 21 млн дал), «Гомельтранснафта Дружба» планавала павялічыць транзітны тарыф да 2020 г. на 16,6% (з інфляцыйным складнікам).

Аднак на дадзены момант Федэральная антыманапольная служба РФ і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі такое павышэнне тарыфу ўзгадніць не змаглі. Прыняцце адпаведнай пастановы чакаецца да 1 лютага. Паводле працэдуры, калі пры гэтым памер прапанаванай беларускім бокам індэксацыі не будзе ўзгоднены, тарыфы будуць аўтаматычна павялічаныя на памер сярэднегадавога індэкса спажывецкіх коштаў да 2020 г. (3,8%), вызначанага параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця РФ, павялічанага не больш чым на 3 %. Гэта значыць, толькі на 6,8%.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках