26 красавiка 2024, Пятніца, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Аптымісты жывуць даўжэй

2
Навукоўцы: Аптымісты жывуць даўжэй

Аптымістычныя людзі могуць лепш рэгуляваць свае эмоцыі і здольныя лепш супрацьстаяць розным сітуацыям.

"Высокі крывяны ціск і дыябет небяспечныя ў старэчым узросце – але на арганізм уплывае і псіхіка", – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung (пераклад – inopressa.ru).

"Даследаванне з 70 тыс. удзельнікамі, апублікаванае нядаўна ў навуковым часопісе PNAS, паказала, што даўжыня жыцця жанчынаў і мужчынаў, якія ўваходзілі ў аптымістычна настроеную групу людзей свайго ўзросту, была на 11–15% вышэйшая за даўжыню жыцця нэндзаў, якіх аднеслі да найбольш песімістычнай групы. Такім чынам, шанцы дажыць да 85 гадоў і больш значна вышэйшыя ў аптымістаў", – гаворыцца ў публікацыі.

"Навукай даўно былі выяўленыя шматлікія біямаркеры хваробаў і заўчаснай смерці, але пакуль мы ведаем даволі мала пра тое, якія станоўчыя псіхасацыяльныя чыннікі спрыяюць здароваму старэнню, – кажа кіраўніца даследавання Левіна Лі. – Наша даследаванне паказвае, што значна падоўжыць жыццё можа аптымізм".

"Як менавіта станоўчы і адкрыты погляд на свет спрыяе падаўжэнню жыцця і абароне ад захворванняў, пакуль дакладна не ясна. Аднак вядома, што аптымістычныя людзі могуць лепш рэгуляваць свае эмоцыі і здольныя лепш супрацьстаяць стрэсавым чыннікам і цяжкасцям", – кажа Лора Кубзанскі з Гарвардскага ўніверсітэта ў Бостане, якая таксама ўдзельнічала ў даследаванні. Хоць і ў арганізме аптымістаў пры нагрузках выпрацоўваюцца гармоны стрэсу, павышаецца ціск, судзіны адчуваюць узмоцненую нагрузку, а імунная сістэма пераходзіць у найвышэйшую ступень баявой гатоўнасці, аптымісты, відавочна, здольныя лепш і хутчэй згладжваць напружаную сітуацыю і супрацьстаяць дэструктыўнаму ўздзеянню малекулаў стрэсу і іншых шкоднасных сігналаў".

"У судзінах аптымістаў, наадварот, назапашваюцца крышталі халестэрыну, складовыя часткі клетак і згусткі крыві. (...) Той, хто ўвесь час знаходзіцца ў дрэнным настроі, хутка раздражняецца і злуецца з любой дробязі, выклікае ў свайго арганізма хранічную стрэсавую рэакцыю. У такім выпадку ўзмоцнена выпрацоўваюцца адрэналін і картызол, маркеры запалення, напрыклад С-рэактыўны бялок, таксама прысутнічаюць у песімістаў у падвышанай канцэнтрацыі. Такая трывожная рэакцыя арганізма можа атакаваць усе ягоныя сістэмы – незадаволенасць, злосць і стрэс паслабляюць нават косткі", – падкрэслівае выданне.

"Узаемасувязь псіхікі і арганізма пераканальна даказалі шматлікія даследаванні. Малекулярныя і нейрабіялагічныя сляды негатыўнага настрою можна выявіць пры розных захворваннях і ў розных частках цела. Так, людзі, схільныя да дэпрэсіі, амаль у тры разы часцей паміраюць ад інфаркту ў параўнанні з не схільнымі да дэпрэсіі аднагодкамі. Шунт пасля аперацыі на сэрцы значна даўжэй не забіваецца ў тых пацыентаў, хто радасна і аптымістычна глядзіць у будучыню. Унутраная сценка судзінаў людзей, якія знаходзяцца ў дрэнным настроі, і песімістаў значна раней зазнае вапнаванне і патаўшчэнне, чым у жыццярадасных аднагодкаў".

"Даследнікі з каманды нейрабіёлага Майкла Міні паказалі, што пацукі не жывуць надта доўга, калі нават пры адносна нязначных нагрузках яны выяўляюць залішні стрэсавы адказ, а іх дыханне, пульс і абмен рэчываў адразу моцна паскараюцца, хоць дастатковай была б і памяркоўная рэакцыя".

"Пад аптымізмам, – адзначае выданне ў заключэнне, – разумеецца не беспадстаўная весялосць тых, хто, пасвістваючы, сядзіць у аўтобусе, ці, надзеўшы ружовыя акуляры, мяркуе ўсё няважным і выдатным. Гаворка хутчэй ідзе пра добразычлівае стаўленне да жыцця, да якога належыць і пазітыўны погляд у будучыню. Гарвардскія навукоўцы, якія ўдзельнічалі ў апошнім даследаванні, падкрэсліваюць, што аптымізм – гэта добра, даступна ўсім, і кожны можа дамагчыся адпаведнага настрою".

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках