26 красавiка 2024, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прывід нафтагазавай вайны

77
Прывід нафтагазавай вайны
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.RU

Колькі праліпіць дыктатар без расейскай нафты?

Лукашэнка 20 снежня паводле вынікаў сваіх перамоваў з Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што пра газ і нафту яны нібыта «канцэптуальна дамовіліся».

І вось цяпер напярэдадні Новага года высветлілася, што ўсё гэта зусім не так. Ці то Лукашэнка тады выдаў жаданае за сапраўднае, ці то Пуцін перадумаў, ці то кожны бок па-свойму інтэрпрэтаваў сітуацыю, піша палітолаг Валер Карбалевіч у артыкуле для «Радыё Свабода».

Перад Новым годам кіраўніцтва Беларусі працавала ў рэжыме крызісу і «надзвычайнасці». Два дні запар (30 і 31 студзеня) Лукашэнка з Пуціным праводзілі інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы.

Потым кіраўнік Беларусі тэлефанаваў расейскаму прэм'еру Дзмітрыю Мядзведзеву, міністру энэргетыкі РФ Аляксандру Новаку.

31 снежня Лукашэнка правёў надзвычайную нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу.

31 снежня міністр замежных справаў Уладзімір Макей раптам тэрмінова прыняў амбасадара РФ у Беларусі Дзмітрыя Мезенцава.

Вынікам гэтых інтэнсіўных і надзвычайных намаганняў сталі кантракты толькі датычна газу, падпісаныя за пару гадзінаў да Новага года. Яны прадухіляюць «газавую вайну» усяго толькі на два першыя месяцы 2020 года.

А вось што тычыцца коштаў, то дамова дзейнічае толькі на два месяцы (студзень – люты). На сайце «Газпрама» згадак пра кошт на газ няма. А партал tut.by паведамляе, што кошт на два месяцы нібыта застанецца на ўзроўні 2019 года, гэта значыць 127 даляраў за 1 тыс. кубаметраў.

Канец перамытнення павялічвае кошт на газ

Але тут ёсць адзін нюанс. Рэч у тым, што, хоць фармальны кошт для Беларусі летась сапраўды быў 127 даляраў, але адначасова дзейнічала схема «перамытнення», якая была часткай газавага пакета. Яна прадугледжвала, што Беларусь залічвала ў свой бюджэт мыты за 6 млн тонаў расейскай нафты.

Гэта была такая прыхаваная схема міжбюджэтных кампенсацый Беларусі з боку Расеі за, як меркаваў афіцыйны Менск, высокія кошты на газ. У выніку рэальны кошт газу для Беларусі была значна меншы за 127 даляраў. З прычыны заблытанасці схемы дакладны лік цяжка назваць.

Цяпер схема «перамытнення» перастае дзейнічаць. Гэта значыць, што ніякай кампенсацыі не будзе, і 127 даляраў – гэта рэальны кошт, які будзе плаціць Беларусь. Гэта значыць, хоць фармальна кошт газу на два месяцы застаецца на леташнім узроўні, на самай справе кошт павышаецца.

Прычым такі ўмоўна «льготны» кошт захаваецца толькі на два месяцы. Паводле словаў Лукашэнкі, сказаным у інтэрв'ю Венедыктаву, «Газпрам» настойвае на кошце 152 даляры. Такі кошт атрымае Беларусь, калі не пагодзіцца на «паглыбленне інтэграцыі».

У Новы год – без дамовы пра нафту

Больш сумная сітуацыя з нафтай.

Кіраўніку здавалася, што падпісанне кантрактаў на пастаўку нафты – пытанне тэхнічнае. Так здавалася. Але, паводле інфармацыі расейскай газеты «Коммерсант», Менск настойвае на зніжэнні кошту. Таму і няма кантракту.

31 снежня агенцтва Reuters паведаміла пра магчымае спыненне транзіту нафты ў Еўропу праз Беларусь.

На нарадзе 31 снежня Лукашэнка даручыў ураду тэрмінова забяспечыць пастаўкі нафты чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама задзейнічаць для альтэрнатыўных паставак нафтаправод «Дружба».

Наконт нафтаправода – гэта доўгая песня. А вось цыстэрнамі праз чыгунку – гэта лягчэй і прасцей. Але і значна даражэй.

Фармальна кантракты на пастаўкі нафты і газу не звязаныя з праграмай «паглыблення інтэграцыі». Але кошты на іх звязаныя наўпрост. Пра гэта зусім нядаўна казалі і Пуцін, і Мядзведзеў. Гэта значыць, Масква паказала Лукашэнку, за што яму давядзецца плаціць.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках