26 красавiка 2024, Пятніца, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абураныя менчукі выйшлі ўначы на пратэст

15
Абураныя менчукі выйшлі ўначы на пратэст
ФОТА: SVABODA.ORG

Жыхары мікрараёна Грушаўка абураныя сквапнасцю ўладаў.

У сталічным Грушаўскай скверы бушуюць жарсці і пачынаюцца будаўнічыя працы. Жыхары выйшлі ўначы, каб абараніць свой сквер і свае правы. Напярэдадні вечарам будаўнікі пачалі агароджваць тэрыторыю, на якой замест дрэваў павінна паўстаць чарговая шматпавярхоўка, паведамляе «Белсат».

Мясцовыя жыхары звярнуліся ў міліцыю, а таксама ў адміністрацыю Маскоўскага раёна сталіцы, да якога належыць Грушэўскі сквер.

«Такое ўражанне, што ім засцілаюць вочы грошы! Яны гатовыя знішчыць на сваім шляху ўсё жывое. Гэтыя дрэвы, – яны жывыя! У іх жа няма ног, каб проста ўстаць і сысці! І таму яны гатовыя забіць усё, што толькі побач стаіць. Былі б тут людзі, былі б жывёлы, і яны б перашкаджалі, – яны б ім галовы паадразалі!» – абураецца жыхарка Грушаўкі.

Нядаўна тут пачалося будаўніцтва дадатковай секцыі шматпавярховага будынка кампаніі-забудоўніка «Датч Стары». Каб пабудаваць дадатковыя 4 пад'езды, плануецца высечы 40 дрэваў, паведамляе «Радыё Свабода».

Жыхары раёна напісалі калектыўную скаргу на Менгарвыканкам у пракуратуру, але скаргу «спусцілі» назад у Менгарвыканкам для далейшага разгляду.

Мясцовыя жыхары кажуць, што раней, згодна з праектам, тут планавалі пабудаваць дзіцячы сад, але нечакана ў будаўніцтве адмовілі. Тлумачыць жыхарка раёна Кацярына Бусел: «Мы звярнуліся ў адпаведныя інстанцыі з нагоды таго, што будаўнікі, якія з раніцы пачалі ўсталёўваць плот, парушалі тэхніку бяспекі. Акрамя гэтага, ёсць актывісты, якія шукаюць адваката, і мы настроеныя ісці ў суд. Ёсць людзі, якія гатовыя гэта фінансаваць, звычайныя грамадзяне. Проста трэба вызначыць, як пісьменна гэта зрабіць. Застаецца толькі суд».

23 студзеня мясцовыя жыхары збіраюцца ісці на сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі размешчанай паблізу школы № 3, каб абмеркаваць сітуацыю са скверам.

Чаму людзі супраць?

Грушаўскі сквер знаходзіцца паміж шматпавярхоўкамі каля станцыі метро «Грушаўка». Кампанія «Датч Стары», паводле расказаў мясцовых жыхароў, насуперак праекту дэталёвага планавання пастанавіла дабудаваць жылы комплекс «Гранд Хаус». Новая будоўля закране частку Грушаўскага сквера.

У відэазвароце да Лукашэнкі мясцовыя жыхары кажуць, што без абмеркавання з жыхарамі раёна ўлады аддалі надзел сквера дзеля «асабістых, карыслівых інтарэсаў».

Два з паловай гады яны звярталіся ў Менгарвыканкам, адміністрацыю Маскоўскага раёна, пракуратуру, Міністэрства прыродных рэсурсаў. Кампанію «Датч Стары» яны заклікалі выконваць законы, а не асабістыя інтарэсы.

За апошнія два гады сквер зрэзалі амаль на чвэрць: з 2,16 га да 1,72 га.

Чым сустрэлі ў адміністрацыі Маскоўскага раёна?

Учора мясцовыя жыхары спрабавалі высветліць у кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяны Калядкі, чаму будаўнікі пачалі агароджваць пляцоўку.

«Пасля гэтага пачнуць пілаваць дрэвы, – сказаў карэспандэнту «Радыё Свабода» адзін з удзельнікаў сустрэчы. – Мы хацелі даведацца: на якіх падставах гэта адбываецца? Які план дэталёвага праектавання і пашпарт на сквер? Нам не паказалі ніводнай паперы, спаслаўшыся на тое, што гэта пастанова Менгарвыканкама і яны не могуць яе каментаваць».

Жыхарам у адміністрацыі Маскоўскага раёна сказалі, што будаўнікі спілуюць 40 дрэваў.

«У адміністрацыі нам сказалі, што новы план і пашпарт на сквер зацвердзяць пасля заканчэння будаўніцтва. Але гэта парушэнне заканадаўства. Адна з чыноўніцаў сказала – маўляў, вы ж разумееце, законы “жывыя”, яны пасля змяняюцца».

Жыхары таксама кажуць, што сын намесніка старшыні адміністрацыі раёна працуе ў фірме-забудоўніку. А сам намеснік ім казаў – маўляў, «сына не чапайце, ён там працуе дробным клеркам за 700 рублёў».

Мясцовы жыхар Антон Мацвейчык сказаў журналістам, што будаўніцтва на тэрыторыі часткі сквера незаконнае. Пра гэта ён казаў і кіраўніцтву Маскоўскай адміністрацыі Менска.

«Прыкладна палова вылучанага пад будаўніцтва надзелу трапляе пад тэрыторыю, на якой не прадугледжаная забудова паводле дзейнага праекту дэталёвага планавання. Праект з 2004 года не змяняўся. Ён можа быць зменены толькі пасля грамадскага абмеркавання. А на маё пытанне, чаму гэта адбываецца, яны спасылаюцца на пастанову Менгарвыканкама. Пастанову пра вылучэнне надзелу не паказалі. Маўляў, калі яна не падабаецца, звяртайцеся ў суд. То-бок прэтэнзіі трэба прад'яўляць гарвыканкаму. Карысці ад сённяшняй сустрэчы няма, новай інфармацыі таксама», – сказаў Антон.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках