26 красавiка 2024, Пятніца, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі знік шаман Габышаў

7
У Расеі знік шаман Габышаў

Перад гэтым ён нібыта пакінуў цыдулку з просьбай, каб «пра яго не хваляваліся».

Месцазнаходжанне якуцкага шамана Аляксандра Габышава невядомае, паведамляе «Сибирь.Реалии» са спасылкай на каардынатара «Праваабароны Паштоўкі» Аляксея Пранішнікава. З ягоных слоў, Габышаў пакінуў цыдулку, папрасіўшы, каб пра яго не хваляваліся. Праваабаронца кажа, што шаман і раней сыходзіў самотна ў лес.

Пранішнікаў мяркуе, што шаман зрабіў гэта для таго, каб знізіць напружанасць і ўвагу да яго і ягоных прыхільнікаў. Траіх нядаўна арыштавалі і адправілі ў СІЗА, аднаго вымусілі з'ехаць у Новасібірск. Супрацоўнікі праваахоўных органаў таксама спрабавалі звязацца з самім Габышавым, але ён зачыніўся ў доме і паабяцаў выклікаць адвакатаў.

У той жа час пагрозлівыя і абразлівыя надпісы з'явіліся ў пад'ездзе, дзе жыве рэжысёрка Беата Бубянец, паведаміла выданне sakhaday.ru. Яна працуе над фільмам пра шаманаў.

Таксама рэжысёрка атрымлівала SMS-паведамленні з пагрозамі: «Пайшла прэч», «Ты чаму не паехала? Ты зразумела, што табе сказалі? Дагуляешся!», «Не ганьбуй нас! У нас добрая памяць».

Габышаў атрымаў шырокую вядомасць у сакавіку 2019 года, калі пачаў пешае падарожжа з Якуціі ў Маскву з мэтай «выгнаць Пуціна» з Крамля. Ён заяўляў, што прэзідэнт Расеі з'яўляецца «спараджэннем цёмных сіл» і выгнаць яго ў стане толькі шаман.

У ноч на 19 верасня мінулага года на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці яго затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у масках са зброяй. Яго адправілі назад у Якуцію і 20 верасня змясцілі ў рэспубліканскі псіханеўралагічны дыспансер.

У дачыненні да Габышава распачалі крымінальную справу аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт.280 КК РФ). Згодна з матэрыяламі ягонай справы, «Габышаў з 6 сакавіка да 22 траўня падчас знаходжання ў неўстаноўленым месцы звярнуўся асабіста да групы людзей з заклікамі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці».

Пазней Габышава выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Свой другі паход Габышаў пачаў 8 снежня. Як і ў першы раз, ён хацеў прайсці пешшу з Якуцка ў Крэмль. Яго зноў затрымалі і аштрафавалі на 1 тысячу рублёў паводле адміністрацыйнага артыкула - за непадпарадкаванне загаду паліцыянта.

Некалькі якуцкіх СМІ пасля другога затрымання шамана паведамілі, што супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула 318 («Ужыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады»), але Следчы камітэт гэта зняпраўдзіў, заявіўшы, што такой справы няма.

12 студзеня 2020 года шаман абвясціў аб новым паходзе на Маскву, каб «выгнаць Пуціна».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках