25 красавiка 2024, Чацвер, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары расейскага Омска папрасілі дапамогі ў «лідараў вядучых краін»

9
Жыхары расейскага Омска папрасілі дапамогі ў «лідараў вядучых краін»
Фото: RFE/RL

У горадзе абураныя экалагічным становішчам.

У расейскім Омску больш за 100 чалавек на мітынгу пратэсту ў нядзелю выказалі абурэнне з нагоды дрэннай экалагічнай сітуацыі ў вобласці. Яны запатрабавалі адстаўкі міністра прыродных рэсурсаў і экалогіі рэгіёну Іллі Лобава і папрасілі аб дапамозе кіраўнікоў вядучых дзяржаў свету, паведаміў з месца падзей карэспандэнт сайту "Сибирь.Реалии".

Катастрафічнай назвала сітуацыю з экалогіяй ў Омску арганізатарка мітынгу Таццяна Нагібіна. Яна нагадала, што на працягу трох гадоў места, у якім знаходзіцца больш за чатыры тысячы вялікіх і малых прадпрыемстваў, пакутуе ад моцных хімічных пахаў. Але толькі ў студзені 2020 года омскія ўлады наважылі стварыць групу хуткага рэагавання на выкіды ў атмасфэру. Пакуль жа наглядныя органы павінны спачатку запытаць дазвол на правядзенне праверкі і толькі потым правесці вымеры. У выніку, са слоў Нагібінай, час змарнаваны, і вынікаў ніякіх няма.

Актывіст Іван Нікулін, выступаючы на мітынгу, узгадаў пра пазітыўны досвед Шыеса, дзе людзі тры гады змагаліся супраць ператварэння Поўначы ў вялікае сметнішча і дамагліся поспеху. "Людзі выступілі, і ў людзей выйшла. Гэтая ўлада не лічыцца з тымі, хто маўчыць", - заявіў Нікулін.

Напрыканцы акцыі омцы запісалі на дзвюх мовах, расейскай і ангельскай, відэазварот да "лідэраў вядучых краін" з просьбай аб дапамозе.

"На працягу апошніх трох гадоў насельніцтва горада задыхаецца ад шкодных выкідаў... Жыхары стаміліся ад бяздзейнасці і няўзгодненай працы чыноўнікаў, ад невыканання Канстытуцыі Расеі што да права на чыстае паветра, ад адсутнасці выканання законаў, накіраваных на ахову атмасфэрнага паветра, - заявілі аўтары звароту. - Нас мільён, і мы просім дапамогі. Мы вымушаны прасіць навучыць нашу ўладу выконваць законы і абараняць правы грамадзян".

Гэтай зімой у Омску некалькі разоў былі зафіксаваныя перавышэнні гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі розных шкодных рэчываў, у тым ліку аксіду вугляроду, хлоравадароду, аксіду азоту, этылбензолу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках