«Загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі»
4- 17.09.2026, 10:24
- 4,292
Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь.
З'ездзіўшы ў Беларусь, былы палітвязень, актывіст польскай дыяспары Анджэй Пачобут распавёў YouTube-праекту Kanał Zero пра праверку на мяжы.
Пачобут распавёў, што пры праходжанні пашпартнага кантролю: «калі ўвялі мае даныя ў базу, там загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія ў іх толькі ёсць».
«Праз хвіліну падышоў капітан памежнай службы, які сказаў, што мне трэба прайсці з ім на размову і абавязкова ўзяць з сабою тэлефон. Што да тэлефона, я кажу: «Так, ён са мной, толькі ёсць адна праблема — ён заблакаваны, і я не ўмею яго разблакаваць».
Ну вось, мы прыйшлі, і там прагучала пытанне: калі я выязджаю назад? Мне здаецца, гэта было самае першае пытанне, наколькі памятаю. Я адказваю: «Ну, дзіўнае пытанне, таму што я толькі ўязджаю, і наогул я прыехаў назаўсёды» (смяецца). Ну, потым зазваніў тэлефон — мабільнік аднаго з тых «хмурых паноў». Ён выйшаў, праз нейкі час вярнуўся, потым зноў выйшаў, потым зноў…» — распавёў Пачобут.
Ён дадаў, што яго дапытвалі трое — двое ў форме памежнай службы, а адзін — у цывільным:
«Я так разумею, што менавіта ён і прадстаўляў нейкую спецслужбу, але якую менавіта — не ведаю. Здагадваюся, што, магчыма, гэта быў КДБ, мяркую, што КДБ, але дакладна не ведаю. І размова са мной у іх асабліва не клеілася».
Па яго словах, размова ў асобным пакоі доўжылася каля дзесяці хвілін:
«Потым сказалі, што магу ехаць, ну я і паехаў».