26 красавiка 2024, Пятніца, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўшанавалі ахвяраў Галакосту

8
У Менску ўшанавалі ахвяраў Галакосту

На беларускай тэрыторыі падчас акупацыі нацыстамі загінула каля 90% яўрэйскага насельніцтва, які жыў тут да вайны.

27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў (IBB Minsk) адбыўся форум «Праблемы талерантнасці ў сучасных супольнасцях» з удзелам еўрапейскіх дыпламатаў, прадстаўнікоў розных канфесіяў, былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў і дзяцей вайны, паведамляе «Белсат».

Як адзначыў ва ўступным форуме старшыня дырэкцыі IBB Minsk Віктар Балакіраў, мэты форуму памяці ахвяраў Галакосту – высветліць прычыны і формы ксенафобіі, антысемітызму ды расізму, а таксама абмеркаваць метады барацьбы з імі. Паводле яго, мэтанакіраваная адукацыйная праца павінна дапамагчы сфармаваць культуру папярэджання, каб пазбавіцца ад ксенафобіі, сфармаваць магчымасць супрацы людзей розных народаў і канфесіяў.

У сваю чаргу Барыс Герстэн, намеснік Звязу беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў, адзначыў, што Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту – Дзень трагедыі габрэйскага народу – упершыню адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні.

Выступоўца заклікаў да талерантнасці – прыняцця асаблівасцяў людзей іншага народу, іншай мовы, іншага колеру скуры, іншых звычак.

«Мы павінны разумець адно аднаго. Не толькі разумець, але і паважаць», – адзначыў Барыс Герстэн.

Паводле яго, «навучыцца цярпімасці нашмат складаней, чым навучыцца ненавідзець».

Барыс Герстэн падкрэсліў, што Галакост – гэта не трагедыя 6 млн чалавек, а 6 млн трагедыяў, «трагедыя кожнага забітага, кожнага, хто страціў сям’ю, кожнага, хто нарадзіўся пасля».

«Габрэйскае пытанне стала сёння прычынай супрацьстаяння розных дзяржаваў. Амаль 80 гадоў, але сёння мы працягваем вінаваціць адзін народ, другі народ. Але прайшлі пакаленні. Вінаваціць сённяшніх хлопцаў і дзяўчат у тым, што зрабілі іх продкі, напэўна, бессэнсоўна, але памятаць тых, хто загінуў, – наш абавязак», – дадаў намеснік старшыні Звязу беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў.

Сталая каардынатарка ААН у Беларусі Ёанна Казана-Вісьнёвецка падкрэсліла, што сёння дзень памяці адбываецца на фоне трывожнага росту антысемітызму ў свеце: нападу на сінагогу ў ЗША, апаганьвання габрэйскіх могілак у Еўропе.

«Шматвекавая нянавісць узмацняецца», – працытавала яна генеральнага сакратара ААН.

Прадстаўніца Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заклікала да неабходнасці павышэння талерантнасці і ўзаемапавагі, але не толькі ў дачыненні да габрэяў, але і іншых уразлівых групаў насельніцтва». Паводле яе, змагацца з мовай нянавісці ды дыскрымінацыі мусіць кожны.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр выказаў «глыбокі сорам перад абліччам варварскіх злачынстваў, учыненых тут [у Беларусі. – Рэд.] немцамі, злачынстваў, якія выходзяць за межы разумення». Паводле яго, хоць усведамленне злачынстваў нацыстаў стала часткай нацыянальнай ідэнтычнасці немцаў, сёння ў Нямеччыне шырацца новыя праявы антысемітызму.

Ён падкрэсліў, што антысемітызм з’яўляецца пагрозай дэмакратыі ды плюралізму. Таму Нямеччына імкнецца ўмацаваць еўрапейскую супрацу для барацьбы з антысемітызмам, дадаў дыпламат.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Аляксандр Апімах у сваім выступе адзначыў, што ўсё часцей свет сутыкаецца з праявамі нацыяналізму, спробамі перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны ды адмаўлення Галакосту. Ён выказаў гатоўнасць Беларусі змагацца з усімі праявамі расізму, ксенафобіі, антысемітызму.

Аляксандр Апімах заклікаў да адказных дзеянняў усіх неабыякавых людзей, каб трагедыя Галакосту не паўтарылася.

«Талерантнасць не павінна асацыявацца з абыякавасцю. Талерантныя – гэта тыя, хто можа адстаяць правы свае і правы іншых», – заявіў ён.

Былы вязень Менскага гета, дзе загінула больш за 80 тыс. чалавек, Якаў Краўчынскі ў сваім выступе пажадаў, каб трагедыя Галакосту «больш ніколі не паўтарылася, каб больш людзі не даведаліся, што такое загон, як для быдла, што такое голад, жахі».

«Гэта цяжка згадваць», – дадаў ён.

Амбасадары Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Расеі, Украіны, Еўразвязу, прадстаўнікі амбасады ЗША, ААН прынялі ўдзел у памятнай цырымоніі запальвання свечак. Пасля чаго прысутныя ўшанавалі памяць памерлых хвілінай маўчання.

Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту ўсталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН 27 студзеня, бо менавіта ў гэты дзень 1945 году быў вызвалены канцлагер Аўшвіц у Асвенціме. За час яго існавання там загінулі больш за 1 млн габрэяў. Паводле розных ацэнак, на беларускай тэрыторыі падчас акупацыі нацыстамі загінула больш за 700 тыс., або каля 90 % габрэйскага насельніцтва, якоя жыло тут да вайны.

Арганізатарамі форуму «Праблемы талерантнасці ў сучасных супольнасцях» выступаюць МГА «Узаемаразуменне», Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў (IBB Minsk), Юдэйскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Рэлігійнае аб’яднанне грамадаў прагрэсіўнага юдаізму, Звяз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Музей гісторыі ды культуры габрэяў Беларусі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках