10 траўня 2024, Пятніца, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ у лідарах ралі «Дакар»: хто гэтыя героі і на чым яны ўсіх выперадзілі

15
МАЗ у лідарах ралі «Дакар»: хто гэтыя героі і на чым яны ўсіх выперадзілі
Фота: vk.com/mazsportauto

Каманда зорак з неба не хапала да 2018 года.

Ужо некалькі дзён каманда «МАЗ-СПОРТаўта» улідарах у агульным заліку грузавікоў ралі «Дакар», якое праходзіць у пясках Савудаўскай Арабіі. Гэта ўпершыню за ўвесь час удзелу! Здаецца, у Беларусі з'явіліся новыя спартыўныя героі, піша «Еўрарадыё».

Што наогул такое гэты «Дакар»

«Дакар-2020» праходзіць з 5 да 17 студзеня ў Савудаўскай Арабіі. У гонцы 12 этапаў. Працягласць маршруту складае блізу 8 тысяч кіламетраў, прычым пясчаныя і камяністыя адцінкі сягоння цягнуцца рэкордныя 5 тысяч км. У гонцы бяруць удзел больш за 350 экіпажаў з усяго свету. З іх 46 стартавалі ў класе грузавікоў.

А што, раней МАЗ не ўдзельнічаў у «Дакары»?

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта», заснаваная ў 2010 годзе, на «Дакар» упершыню трапіла ў 2012-м. Аднак зорак з неба не хапала да 2018 года.

Ралі тады праходзіла па краінах Паўднёвай Амерыкі. Беларусы былі ў тройцы лідараў ралі, пачынаючы з трэцяга этапу. Але тады МАЗ Сяргея Вязовіча з’ехаў з пяціметровай выдмы і перакуліўся на бок.

Гэтая і іншыя цяжкасці на марафоне не перашкодзілі Вязовічу заняць ганаровае другое месца.

У 2019 годзе экіпаж Сяргея Вязовіча заняў 6-е месца. Атрымліваецца, «срэбра» - пакуль што найлепшы вынік беларусаў на «Дакары». Пакуль што.

Колькі беларускіх экіпажаў удзельнічае ў гонцы?

Беларуская каманда на цяперашняй гонцы прадстаўленая трыма грузавікамі, адзін з якіх капотны. Менавіта на ім экіпаж Сяргея Вязовіча і адзначыўся ў пачатку гонкі.

Сяргею Вязовічу 40 гадоў. З 2003 да 2009 года ён працаваў на МАЗе ў транспартным цэху. Ралійную кар'еру пачаў у 2010 годзе - але не на грузавіках. У 2011-м, у дэбютны год удзелу, ягоны экіпаж на Subaru Impreza стаў абсалютным чэмпіёнам Беларусі.

Пазней Вязоіч вярнуўся на МАЗ, але ўжо ў якасці спартоўца. Ён кіруе камандай «МАЗ-СПОРТаўта» з 2016 года і паралельна з'яўляецца пілотам асноўнага экіпажа.

Два астатніх мазаўцы - Аляксандр Васілеўскі і Аляксей Вішнеўскі - пакуль што на 10-м і 14-м месцах адпаведна. Функцыя іх экіпажаў хутчэй дапаможная: выцягнуць, напрыклад, грузавік Сяргея Вязовіча з выдмы, калі той зноў перакуліцца.

Ці ёсць у нас шанцы на перамогу?

У гэтым годзе праз болі ў хрыбетніку - традыцыйнай хваробы удзельнікаў ралі - не ўдзельнічае француз Жэрар дэ Рой, пераможца «грузавога« «Дакара» 2012 і 2016 гадоў ад каманды Iveco. Адсутнасць моцнага спаборніка павышае нашы шанцы, аднак пагрозу Беларусі (не ўпершыню) варта чакаць з усходу.

Расейцы дамінуюць на «Дакары» апошнія 20 гадоў: з 2000 года атрымалі 15 перамог! І цяпер «сядзяць на хвасце« у беларуса менавіта экіпажы на КамАЗ.

Капотны грузавік - наш козыр?

МАЗ-6440RR - першы айчынны спартыўны «капотнік» - быў прадстаўлены ў канцы 2018 года. Кампанія адразу заявіла пра яго як пра флагман сярод сваіх спартыўных грузавікоў. І пакуль што ён адпавядае гэтым заявам. У 2019-м аўтамабіль паўдзельнічаў у ралі-спаборніцтве «Шаўковы шлях», маршрут якога праходзіў па Расеі, Манголіі і Кітаі. І хоць заняць прызавыя месцы ў беларускай каманды тады не выйшла, тэхнічна навінка МАЗа стала самай хуткай сярод грузавікоў на гэтых гонках.

Заўзеем за нашых!

7 студзеня трэці этап ралі праходзіў у ваколіцах горада Няом. Спецадцінак, на якім сустракаліся каньёны і горы, расцягнуўся на 427 кіламетры. Вязовіч фінішаваў другім за 4 гадзіны і 4 хвіліны. Хутчэй беларусаў амаль на 5 хвілін быў расеец Андрэй Каргін на Камазе. Аднак праз удалыя фінішы ў першыя два этапы Вязовіч захоўвае лідарства ў агульным заліку грузавікоў.

У чацвёрты дзень, 8 студзеня, удзельнікі ралі-рэйду дабяруцца да горада Аль-Ула. Працягласць адцінку для грузавікоў складзе 453 кіламетры. Маршрут уключае як пясчаныя адцінкі, так і жвіровыя дарогі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках