26 красавiка 2024, Пятніца, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зорку Купалаўскага, акторку Зою Белахвосцік звальняюць з Акадэміі мастацтваў

15
Зорку Купалаўскага, акторку Зою Белахвосцік звальняюць з Акадэміі мастацтваў
ЗОЯ БЕЛАХВОСЦІК
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА, TUT.BY

У Акадэміі яна выкладала і з'яўлялася мастацкім кіраўніком акторскага курса.

Народную акторку Беларусі Зою Белахвосцік звальняюць з Акадэміі мастацтваў. Пра гэта зорка Купалаўскага тэатра паведаміла tut.by.

Са слоў Зоі Валянцінаўны, у Акадэміі мастацтваў яна была на сумяшчальніцтве - выкладала на кафедры майстэрства актора тэатральнага факультэта. На 0,5 стаўкі яна з'яўлялася мастацкім кіраўніком акторскага курса.

— Напрыканцы кожнага навучальнага году мы падаем заявы. А потым нас заўсёды бяруць. Гэта звыклая завядзёнка. Але зараз мяне не прынялі [на аналагічную пасаду].

- З якой фармулёўкай?

— Мне наогул нічога не тлумачылі, бо мяне не выклікалі. Загадчыку кафедры майстэрства актора Вячаславу Паўлюцю патлумачылі так: «Ну вы жэ панімаеця». У рэктараце яму сказалі: «Мы паважаем Зою Валянцінаўну, яна мудрая жанчына, яна зразумее».

- Вы застаяцеся на кафедры шараговай выкладчыцай?

— Я не застаюся ні ў якой якасці. Мяне няма, ўсё.

- У вас няма педагагічнай нагрузкі?

- Так, так.

У рэктараце Акадэміі мастацтваў адмовіліся ад каментароў.

Зоя Белахвосцік - прадстаўніца знакамітай беларускай тэатральнай дынастыі. Яе заснавальнік - актор Глеб Глебаў. Ягоная дачка Вольга выйшла замуж за Валянціна Белахвосціка. Дачка апошняга - Зоя Белахвосцік. Усе трое - народныя артысты Беларусі і зоркі Купалаўскага тэатра.

Дадамо, што муж Зоі - Аляксандр Гарцуеў, доўгія гады працаваў у Купалаўскім (спачатку актор, цяпер рэжысёр). Цяпер ён мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Іх дачка Валянціна Гарцуева - таксама акторка Купалаўскага.

Зоя Белахвосцік працавала ў Купалаўскім з 1982 года. У гэтым годзе яна сышла з тэатра з большай часткай трупы.

— Калі быў запісаны першы зварот ад Купалаўскага тэатра і здарылася ўся гэта ганьба з нашым народам, мы сустрэліся з Мікалаем Мікалаевічам [Пінігіным] і Паўлам Паўлавічам [Латушкам] і сказалі, што трэба нешта рабіць, — патлумачыла яна журналістам. — Трэба, каб быў чутны наш голас, голас купалаўцаў, таму што мы голас народа. Мы не ведалі, што рабіць. Можа, зладзіць страйк, можа, напісаць зварот. Пінігін і Латушка сказалі нам: «Мы вас, безумоўна, падтрымліваем, але нас звольняць найперш». Тады мы сказалі, што звольнімся разам з імі. Калі Паўла Паўлавіча звольнілі, мы выканалі сваё слова.

Са слоў Зоі Белахвосцік, існавалі і іншыя прычыны ейнага сыходу з Купалаўскага.

— Я не магу выходзіць на сцэну. Гэта азначала б, што я пагаджаюся, што я нічога не разумею. Што жыву ў цудоўнай краіне, нібыта пясняр на панскіх дварах. Няважна, што я іграю — нешта трагічнае ці нешта вясёлае. Калі я выйду, то пагаджуся з цяперашнім рэжымам. Як казала Зоя Валянцінаўна, яна не плануе працаваць у іншых тэатрах.

- Наогул больш нікуды працаваць не пайду. А нават калі гэта будзе фінал маёй акторскай кар'еры. Калі захочацца, зраблю монаспектакль і дзесьці яго пакажу.

Тут вы можаце паглядзець падборку архіўных фатаграфій Зоі Белахвосцік і ўбачыць яе ў тых ролях, за якія яе любілі гледачы Купалаўскага.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках