26 красавiка 2024, Пятніца, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Загадалі прыбраць мяса з бутэрбродаў, каб не нагадвалі бел-чырвона-белы сцяг»

44
«Загадалі прыбраць мяса з бутэрбродаў, каб не нагадвалі бел-чырвона-белы сцяг»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Страх уладаў перад рэвалюцыяй даходзіць да маразму.

На гэтыя выхадныя ўлады планавалі сабраць грандыёзны мітынг, на які зганялі супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў з усёй краіны, але ў выніку скасавалі акцыю. На стэле, плошчы Незалежнасці і Кастрычніцкай плошчы праводзілі падрыхтоўчыя працы, мантаж спецыяльных сцэнаў. Але 23 кастрычніка пачалі ўсё разбіраць.

Лукашэнка заявіў, што ён не прыхільнік правядзення «маштабнага мітынгу». Паводле ягоных словаў, з усёй краіны на мерапрыемства выказалі жаданне прыбыць блізу 250–300 тысячаў чалавек, але з прычыны бяспекі ён супраць навалы людзей. Яшчэ адна афіцыйная прычына – каранавірус.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Верыцца ў такое тлумачэнне з цяжкасцю, таму што да апошняга чыноўнікаў не бянтэжылі дадатковыя цягнікі з абласных цэнтраў і спецыяльна арандаваныя аўтобусы, якія павінны былі звазіць удзельнікаў мітынгу ў сталіцу. Ініцыяваў правядзенне мітынгу кіраўнік Федэрацыі прафзвязаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён заклікаў прыходзіць на акцыю, каб «паказаць сёння, хто ў нашай краіне гаспадар». Хутчэй за ўсё, улады зразумелі, што масавасці на мерапрыемстве чакаць не варта – большасць, нягледзячы на пагрозу звальнення і прапанаваныя адгулы, адмаўлялася ад удзелу.

Працоўныя, якія разбіралі дэкарацыі да лукашэнкаўскага мітынгу, сказалі карэспандэнту «Белсата» наступнае:

«Нічога не будзе праз каранавірус. Учора яго не было, а сёння ёсць! Ноччу ставілі сцэну, а цяпер збіраем назад».

«Далі адбой, прычынаў не патлумачылі»

Адмяніць збор работнікаў ля стэлы – такое распараджэнне атрымала адна з дзяржаўных сетак грамадскага харчавання, якая павінна была абслугоўваць мерапрыемства.

«Далі каманду “адбой”, прычынаў не называюць. Ходзяць чуткі, што баяцца зліцця двух мітынгаў у адзін», – паведамляе крыніца belsat.eu на прадпрыемстве. Што цікава, раней супрацоўнікі сеткі атрымалі каманду рыхтавацца да мерапрыемства загадзя – з 2-й гадзіны ночы з суботы на нядзелю.

Паводле крыніцы, кіраўніцтва вельмі педантычна падышло да складання святочнага меню.

«Даходзіла да маразму. Кожны пункт меню ўхвалялі зверху. Возьмем бутэрброд з салам і агурком. Кіраўніцтва не задаволіла мясная праслойка. Загадалі выразаць мяса, бо інакш сала нагадвала бел-чырвона-белы сцяг. Любы намёк на бел-чырвона-белыя колеры забаронены».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Пры тым большасць супрацоўнікаў адмаўлялася ісці на кірмаш, матывуючы гэта захадамі бяспекі.

«Кіраўніцтва разумее, што людзі незадаволеныя і не хацелі туды ісці. Ім казалі “прыходзьце адпачыць”, дазволілі нават піць алкаголь. Вядома, неафіцыйна. Адным словам, піце, ешце, танцуйце, але супрацоўнікі сказалі, што гэта небяспечна. Маўляў, як мы будзем глядзець у вочы людзям? А калі прыйдуць з іншага мітынгу? Ім сказалі, што будуць ахоўваць, будуць адмыслова навучаныя людзі. Хто – не ўдакладнілі».

«Знайшлося 2 чалавекі, толькі за грошы і адгулы»

Ахвотных паўдзельнічаць у праўладным мітынгу збіралі ў менскай арганізацыі «Белліфт» – за адгул або дадатковую аплату. Аднак сёння раніцай прайшла нарада ў выканкаме, пасля якой дырэктар ідэалогіі паведаміў супрацоўнікам, што ўсё скасоўваецца.

«Дзякуй за ўдзел у падрыхтоўцы да правядзення нядзельнага мерапрыемства, з пэўных прычынаў удзел нашага прадпрыемства скасоўваецца, усё скасоўваецца». Учора ўсім паведамілі, што з кожнай брыгады трэба 1-2 чалавекі (за адгул і аплату), усё гэта гаварылася ў вуснай форме.

Бліжэй да канца дня з аднаго ўчастка знайшлося 2 чалавекі, толькі за грошы і адгулы (гэта 100%). На астатніх участках – такая самая статыстыка. Працоўныя ў большасці адмовіліся», – напісаў чытач.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

36 вагонаў і АМАП у прыдачу

У рэдакцыю «Белсата» звярталіся чыгуначнікі з Магілёва, Гародні і Віцебска. Паводле іх інфармацыі, на выхадныя з кожнага абласнога цэнтра планавалі два дадатковыя цягнікі – 18 вагонаў кожны.

«У кожным вагоне – 40 месцаў мінімум. Нам сказалі пра тое, што едзем, толькі ўчора ўвечары. Адмовіцца не далі, паставілі перад фактам, маўляў, “трэба было раней думаць”.

Вымушаюць працаваць тых, у каго выходны. Даводзіцца пераступаць праз сябе. Таксама нам сказалі, што з намі паедзе АМАП, але навошта – не тлумачылі», – расказвае нам супрацоўнік чыгункі з Гародні.

Паводле ягоных словаў, настроі ў калектыве няўхвальныя. Брыгада адмаўлялася фармаваць склад цягніка, бо ўсе выступаюць супраць.

«Каранавірус іх не турбаваў. Прэмій і даплатаў нават не прапаноўваюць. Сёння паступіла інфармацыя, што рэйсы скасоўваюць. Увесь калектыў рады».

«На мітынг ідуць 5-6 чалавек – жонкі сілавікоў»

На мітынг за Лукашэнку збіралі выхавальніцаў дзіцячых садкоў. У чацвер, паводле крыніцаў «Белсата», у Менску адбыўся сход усіх загадчыкаў дзіцячых садкоў сталіцы.

«Потым загадчыца дзіцячага садка № 565 у Фрунзенскім раёне сабрала ўсіх супрацоўнікаў і сказала, што ўсе ў абавязковым парадку павінны ў нядзелю выйсці на праўладны мітынг. Пагражалі звальненнем. Калектыў падзяліўся 50/50: на тых, хто адкрыта адмовіліся ісці, і тых, хто думае так сама, але баіцца сказаць.

На мітынг планавалі ісці прыкладна 5-6 чалавек – жонкі супрацоўнікаў сілавых структураў. Таксама загадчыца сказала, што калі ёсць маленькія дзеці, якіх няма з кім пакінуць, можна ўзяць дзяцей з сабой», – напісаў нам адзін з працаўнікоў установы.

Аднак пакуль ніхто афіцыйна інфармацыі супрацоўнікам не даваў – трэба ім ісці на мітынг альбо не.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках