26 красавiка 2024, Пятніца, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мірная рэвалюцыя ў сваім двары

Мірная рэвалюцыя ў сваім двары
ВЫСТУП ГАСЦЕЙ У ДВАРЫ МІКРАРАЁНА «КАСКАДА» Ў МЕНСКУ
ФОТА: DW

Дзясяткі менскіх двароў падтрымліваюць пратэсты, якія не сціхаюць у Беларусі больш за два месяцы.

Жыхары ладзяць флэшмобы, канцэрты, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. Рэпартаж «Нямецкай хвалі» з аднаго такога двара.

Жылы комплекс «Каскад» знаходзіцца недалёка ад менскай станцыі метро «Фрунзенская». Гэта адзін з самых вядомых, але далёка не адзіны пратэстны двор. Тут менчукі сустракаюцца, ладзяць канцэрты, спаборніцтвы, добраўпарадкоўваюць і ўпрыгожваюць тэрыторыю бел-чырвона-белай сімволікай.

«Калі раней я ў найлепшым выпадку ведаў суседзяў па пад'ездзе, то цяпер ведаю ці ледзь не ўвесь раён. Мы сталі разбівацца на групы па інтарэсах, стасункі выйшлі за рамкі абмеркавання праблем, якія ёсць у краіне», - дзеліцца Зміцер, жыхар «Каскаду» . У момант размовы з журналістамі тут акурат праходзіць чарговае суседскае чаяванне, выступаюць беларускія музыкі, дзецям паказваюць дыяфільмы.

На сустрэчах у двары рады ўсім

У гэтым вечаровым мерапрыемстве ўдзельнічае і маладая пара Дзяніс і Таіса. Дзяўчына кажа, што ў «Каскадзе» выдатныя суседзі, у большасці сваёй тут жывуць аднадумцы - за ўвесь час на дваровыя канцэрты паскардзілася толькі адна жанчына. «Але людзям ніхто не замінае зладзіць канцэрт - з песнямі, якія ім падабаюцца. Мы нікога не праганяем, не пытаемся пра палітычныя погляды. Нашы суседзі спрабавалі арганізаваць абмеркаванні з людзьмі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, але яны не гатовыя размаўляць. Хоць мы спадзяемся, што дыялог усё ж атрымаецца, пазіцый павінна быць шмат, мы павінны слухаць і чуць», - адзначае беларуска.

Дзяніс і Таіса - актыўныя ўдзельнікі барацьбы за сцягі. Дзяніс распавядае, што нядаўна быў аштрафаваны за тое, што, на думку суда, парушыў правілы карыстання кватэрай. Дзяніс нацягнуў металічны трос, які выходзіў з ягонай кватэры, і які, як палічылі гарадскія службы, падчас навальніцы можа загарэцца і справакаваць пажар.

Хоць, са слоў Дзяніса, справа ў рэчаіснасці тым, што на тросе вісеў бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. З нагоды сцяга іх выклікалі і ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна. Потым каля іх кватэры здарыўся пажар, але для дачы тлумачэнняў Дзяніса і Таісію адвезлі ў РУУС, дзе зноў настойліва распытвалі пра сцяг.

Сцяг над «Каскадам»

З пачатку пратэстаў у жылы комплекс «Каскад» рэгулярна прыязджаюць сілавікі і МНС - каб зняць бел-чырвона-белыя сцягі, якія жыхары вывешваюць паміж двума шматпавярховікамі. «Улада 26 гадоў дыскрэдытавала дзяржаўную сімволіку, з якой Беларусь атрымала незалежнасць. Але цяпер вельмі многія людзі менавіта яе сталі ўважаць за сваю. Таму мы наважылі падняць сцяг паміж дамамі», - тлумачыць Зміцер. З ягоных слоў, для таго, каб зняць сцягі, у «Каскад» не менш за 10 разоў прыганялі 90-метровую вышку, на якой працуюць супрацоўнікі МНС: «Яны павінны ратаваць жыцці, тушыць пажары, а замест гэтага прыязджаюць і зразаюць вяровачку ад сцяга».

Тыдзень таму ў «Каскадзе» спрабавалі павесіць 70-ці метровы сцяг, праўда, яго хутка ўбачылі і паспрабавалі зрэзаць, але гэта прадстаўнікам улады не ўдалося. Таксама, са слоў Змітра, у колеры гістарычнага сцяга хацелі пафарбаваць тэхнічную агароджу, але на бел-чырвона-белым хтось некалькі разоў маляваў свастыку.

«Гэта ніякім чынам не занепакоіла органы. Мы выклікалі міліцыю - не прыехаў ніхто. Гэтых людзей дагэтуль не знайшлі, свастыку мы зафарбавалі самі. Вызначылі зрабіць прыгожае графіці, прысвечанае «Каскаду» - намаляваць нашы знакамітыя вежы і паміж імі маленькі сцяжок. Але прыйшлі з ЖЭСа і зафарбавалі ўвесь паркан у шэры колер», - панаракаў Зміцер.

Пакуль журналісты гутараць з жыхарамі «Каскаду», выступы гасцей - беларускага гурта «Мутнае вока» і музычна-тэатральнага праекта «Дыяфільмы Live» - заканчваюцца. «Цяпер няпростая сітуацыя з каранавірусам, таму мы не даем канцэрты ў залах, а тут ёсць магчымасць выступіць на вуліцы, плюс прыемна падтрымаць гэты дваровы рух. Гэта выдатна, што суседзі пачалі знаёміцца, пазнаваць адзін аднаго, а мы, у сваю чаргу, знаёмімся з гледачамі», - падкрэслівае кіраўніца праекта «Дыяфільмы Live» Наталля Ляванава. І дадае, што і ў яе самой вельмі актыўны двор.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках