24 верасня 2021, Пятніца, 6:02
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выцек мазгоў» і дэфіцыт кадраў: што адбываецца на рынку працы Беларусі

15
«Выцек мазгоў» і дэфіцыт кадраў: што адбываецца на рынку працы Беларусі
ФОТА: PIXABAY.COM

Людзі не хочуць працаваць за шэлегі.

Калі раней на працу з'язджалі з Беларусі пераважна спецыялісты рабочых спецыяльнасцяў, то цяпер, хутчэй за ўсё, адбываецца адток работнікаў інтэлектуальнай працы. Так мяркуе эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч, паведамляе "Еўрарадыё".

- Гэта, безумоўна, звязана не з COVID-19, а з палітычнай сітуацыяй, - адзначае дырэктарка кадравага агенцтва "Квадрат" Святлана Карасцялёва. Паводле ейных слоў, усплёск міграцыі супаў з "ледзьве не вертыкальным усплёскам цікавасці" да рабочай сілы ўнутры Беларусі.

- Вядома, накладваецца наша палітычная сітуацыя і другая хваля COVID-19, але сітуацыя ўсё адно лепшая, чым улетку і ўвесну, - распавядае яна.

Ні кадраў, ні заробкаў

Са слоў Карасцялёва, рынак працы ажывіўся пасля зацішша з сакавіка па верасень.

- Па-першае, заўсёды ўсплёск дзелавой актыўнасці ў верасні - кастрычніку, - распавядае Святлана Карасцялёва. Яшчэ адна прычына - адносны выхад з каранавіруса, хоць цяпер набірае абароты другая хваля, адзначае суразмоўца.

- І трэцяе - з'явіўся рух на рынку працы, звязаны з палітычным становішчам. Хтосьці звальняецца сам, кагосьці звальняюць, кампаніі пераязджаюць у іншыя краіны, пры гэтым вызваляюцца працоўныя месцы. Накладанне гэтых чыннікаў і выклікала актывізацыю.

Суразмоўніца адзначае, што чаканні заробкаў кандыдатаў адрозніваюцца ад таго, што прапануюць наймальнікі.

- Як заўсёды, усе хочуць кадры з высокай кваліфікацыяй за меншыя грошы. А людзі, хай нават не экспэрты ў сваёй сферы, часцяком не гатовыя ісці працаваць за 600-700 рублёў.

А што праграмісты? Зменяць лакацыю?

На рынку працы ёсць дэфіцыт кадраў. Асабліва гэта тычыцца IT-спецыялістаў з досведам працы і вузкай спецыялізацыяй. Зрэшты, хоць цяпер шмат кажуць аб рэлакацыі IT-спецыялістаў, пакуль што гэта больш размовы.

- Я глядзеў даследаванне BEROC, дзе яны апытвалі прыватны бізнэс пра тое, ці думаюць яны пра рэлакацыю. Толькі блізу 4% думаюць аб пераездзе. З аднаго боку, гэты працэс можа быць дастаткова доўгатэрміновым. Калі негатыўная сацыяльна-палітычная тэндэнцыя будзе працягвацца, то хваля будзе нарастаць. З іншага боку, магчыма, сітуацыя стабілізуецца, а выдаткі пераезду будуць занадта высокія, і людзі не будуць пераязджаць, - кажа Глеб Шымановіч.

Экспэрт адзначае, што афіцыйная статыстыка можа шмат каго не ўлічваць, бо не ўсё пры выездзе афармляюць адпаведныя дакументы. Гэта абцяжарвае ацэнку маштабу міграцыі.

Са слоў кіраўніка кадравага агенцтва "КІАТ" Ігара Качатава, у Беларусі не стае працаўнікоў з веданнем англійскай мовы, запатрабаваныя мэнаджары ў продажы.

- Не сказаў бы, што эканоміка ўпала катастрафічна, але грошай стала менш. Некаторыя напрамкі заміраюць, напрыклад будаўніцтва. Работнікам гэтай сферы стала больш складана выехаць праз каранавірус, і яны сталі дадатковай нагрузкай для рынку працы, - кажа Ігар Качатаў. - Не стае кіроўцаў, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Адчайна не стае медсясцёр і санітараў. Дэфіцыт педагогаў у рэгіёнах, але прычына вядомая. Людзі ёсць, але яны не ідуць на той заробак, які ім прапаноўваюць.

Акрамя складанасцяў у будаўніцтве, праз каранавірус не прадбачыцца аднаўлення турыстычнай галіны і івэнт-індустрыі.

- Адток высокакваліфікаваных кадраў - гэта значна горш, бо мае доўгатэрміновыя наступствы для эканомікі. Патэнцыял гэтых людзей значна вышэйшы, чым, напрыклад, людзей з будаўнічай сферы. Не складуцца, нейкія праекты, у плане іміджу краіны гэта таксама азначае страты. Гэта значыць падрываецца аснова доўгатэрміновага росту, - рэзюмуе Глеб Шымановіч.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».