17 студзеня 2021, Нядзеля, 12:40
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Трыгерам змяненняў стане пераход узвода жаўнераў на бок народа

42
Андрэй Саннікаў: Трыгерам змяненняў стане пераход узвода жаўнераў на бок народа
Андрэй Саннікаў

Самаадданыя пратэсты і эканамічныя санкцыі даб'юць рэжым.

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, лідар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», былы намесьнік міністра замежных спраў, былы палітвязень Андрэй Саньнікаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў, як змяніць сітуацыю ў Беларусі.

Пра эфэктыўнасьць санкцый, прынятых супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня

Я лічу, што гэта ня санкцыі пакуль што. Больш за 30 тысяч чалавек у Беларусі прайшло праз арышты, затрыманьні, катаваньні, а некалькім дзясяткам чыноўнікаў забаронены ўезд у Эўропу. Я лічу, што гэта проста зьдзек зь беларускага народу, зь яго самаахвярнасьці. Нават ня тое, што Кіпр заблякаваў рашэньне напачатку, і нават ня тое, што спачатку Лукашэнку не ўключылі ў гэты сьпіс. А тое, што яны далі працёк гэтай інфармацыі праз СМІ ў Брусэлі, што яго ня будзе ў санкцыйных сьпісах. Гэта рабілася наўмысна. Мы ня першы раз сутыкаемся з такім. Гэта значыць — дыктатар, супакойся, супраць цябе санкцый ня будзе. І потым прымаецца рашэньне па санкцыях без Лукашэнкі, і гэтыя зьлівы спраўджваюцца. Спачатку яго не ўключылі, а потым уключылі. Што гэта, перамога, што яго ўключылі? Нічога гэта не дае. Відавочна, што і цяпер няма эфэктыўных санкцый.

Чаму патрэбныя эканамічныя санкцыі

Эфэктыўнымі будуць толькі эканамічныя санкцыі. «Эўрапейская Беларусь» пра гэта ўвесь час кажа. Гэта і фінансавыя, і гандлёвыя санкцыі. Гэта адключэньне банкаў ад сыстэмы SWIFT. Можна нават некалькі банкаў адключыць. Ня так шмат банкаў у Беларусі, каб гэта не спрацавала. Цяпер ідзе размова пра адключэньне ад SWIFT Расеі за атручваньне Навальнага, і можна было б спалучыць і прыняць рашэньне ў сувязі з падтрымкай Крамлём Лукашэнкі. Можна спыніць экспарт нафтавых прадуктаў у Эўропу. Вядомыя краіны, якія ў першых шэрагах займаюцца гэтым, у тым ліку Вялікая Брытанія, якія была адным з найбуйнейшых імпартэраў нафтавых прадуктаў зь Беларусі. Былі слушныя прапановы ад прэзыдэнтаў Літвы і Польшчы — караць заходнія кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі. Гэта вельмі добрая прапанова, бо калі ўважліва паглядзець, то большасьць гэтых кампаній ці наўпрост узначальваюць расейскія бізнэсоўцы, ці яны кантралююць гэтыя кампаніі. Каб эўрапейцы прынялі гэтае рашэньне, гэта была б дапамога і самім сабе.

Пра рознагалосьсі з камандай Ціханоўскай у пытаньні эканамічных санкцый

Я ня бачу ўсьведамленьня неабходнасьці эканамічных санкцый у людзей, якія найперш павінны гэта ўсьведамляць і гэтага патрабаваць. Найперш гэта атачэньне Ціханоўскай і сама Ціханоўская. Яны прамарудзілі больш за 3 месяцы, не патрабуючы ніякіх санкцый, задавальняючыся тым, што абмяркоўваліся пэўныя асобы з атачэньня Лукашэнкі. Ніводная мэта не была дасягнутая. Калі мы кажам пра кропкавыя альбо пэрсанальныя санкцыі, то пару дзясяткаў чалавек – гэта зьдзек, а там кажуць пра вынік. Калі мы кажам пра мэту — пазбавіць Лукашэнку легітымнасьці, дык яна таксама не дасягнутая. Ёсьць заявы, але ж працуюць амбасадары, ёсьць перамовы з Макеем, амбасадары прыяжджаюць у Беларусь і даверчыя граматы ўручаюць Лукашэнку. Мы патрабуем санкцый, гэта наша маральнае права. Мы павінны пазбавіцца гэтага гвалту, ратаваць людзей не ад арыштаў ужо, а ад забойстваў.

Ці ёсьць каардынацыя з камандай Ціханоўскай і Каардынацыйнай Радай

Каардынацыі няма. У нас быў досьвед няўдалай супрацы зь Ціханоўскай. «Эўрапейская Беларусь» моцна дапамагала падчас кампаніі, мы ўваходзілі ў лік арганізатараў мерапрыемстваў з удзелам Ціханоўскай. А потым былі парушаныя пэўныя дамоўленасьці, і «Эўрапейская Беларусь» адышла, бо мы зразумелі, што іншыя інтарэсы пачалі дзейнічаць і іншыя мэты зьявіліся ў гэтай каманды. Цяпер няма супрацы, але мы падтрымліваем усё тое, што паходзіць ад гэтай каманды, што можна падтрымаць, і будзем падтрымліваць усё, што накіравана на нашу перамогу.

Ідзе нейкая імітацыя дзейнасьці, а ня дзейнасьць. Ствараюцца нейкія структуры, зьяўляюцца нейкія ініцыятывы, якія не выконваюцца. Мы казалі, што трэба ад першага дня пытаньне санкцый уздымаць. Калі гэты жах здарыўся 9 жніўня, усе павінны былі крычаць пра санкцыі.

Відавочна, мяне напружвае ўзмацненьне расейскага вэктара, спадзяваньні на Расею. Я ня супраць пэўных перамоваў з Крамлём, але з нашых пазыцыяў. А тут ідуць такія слабыя сыгналы да Крамля кшталту «Пашкадуйце нас, мы ж такія маленькія, давайце, можа, дапамажыце». Гэта ніколі не спрацуе. Гэта ўсё пакідае нас па-за межамі гэтай групы. Але ж мы дзейнічаем дзеля таго, каб падтрымаць людзей у Беларусі, падтрымаць пратэстоўцаў, выратаваць людзей ад палону, ад гэтай навалы.

Што можа стаць трыгерам для расколу элітаў

Усё што заўгодна. Пэўным трыгерам стала дэманстратыўнае забойства Рамана Бандарэнкі. Тое, што мы ўбачылі потым, гэтыя зьлівы, для людзей, у якіх яшчэ нешта засталося ў галаве, павінна быць такім трыгерам. Я лічу, што самым цудоўным трыгерам быў бы пераход узводу ўнутраных войскаў на бок народу, каб, напрыклад, са зброяй яны пайшлі ахоўваць двары.

Я разглядаю ўсе варыянты як верагодныя, таму ш то гэта тое, што адбылося ў 1991 годзе ў СССР і іншых краінах, якія сталі свабоднымі і незалежнымі. Найперш у краінах Балтыі. Зараз узмоцніцца ціск на прыслугачоў Лукашэнкі. Найперш яны будуць пад ціскам, нехта ня вытрымае, нехта пачне думаць па-іншаму. Я лічу, што ўсё магчыма. Сапраўдныя санкцыі былі б велізарным трыгерам. У выніку санкцый менш грошай было б на заробак карнікам. Я лічу, што Раман Бандарэнка, сьветлая памяць яму, гэта наш Палах, бо ён сьвядома ішоў, ведаючы, што яго могуць забіць. «Я выходжу» — гэта ён сказаў для ўсіх нас.

Пра карані нянавісьці да нацыянальных сымбаляў

Карані ў Лукашэнку і яго рэжыме. Гэта ўнікальны дыктатарскі рэжым, які, адрозна ад іншых дыктатур, не базуецца на нацыянальным. Лукашэнка заўсёды адмаўляў культуру, гісторыю і мову Беларусі, заўсёды казаў, што ён інтэрнацыяналіст і вялікі сябар расейцаў, Сталіна і ўсіх мярзотнікаў, якія былі ва ўладзе за савецкім часам. Ён пабудаваў сваю сыстэму, адмаўляючы нашу нацыянальнасьць, і таму зьявіліся людзі, якія фізычна ненавідзяць сымбалі і мову. Яны нават пачалі пазначаць фарбай людзей, якія гавораць па-беларуску. Гэта нават пераўзыходзіць жоўтыя зоркі, якімі фашысты габрэяў пазначалі. Калі згадаць кнігі Айтматава, то гэта манкурты, якія зьявіліся сярод нас. Гэта агрэсіўныя манкурты, якія заўсёды будуць супраць нашай ідэнтычнасьці.

Пра катаваньні і турмы 10 гадоў таму і цяпер

Я не магу спакойна пра гэта чытаць і бачыць гэта. Сыстэма перакрочыла ўсе чырвоныя лініі. Жорсткае зьбіцьцё нас на Плошчы ў 2010 годзе ўсё ж людзей запалохала, а тыя катаваньні, якія мы праходзілі, былі ня бачныя. Цяпер нават дэманстрацыя катаваньняў і забойстваў не палохае людзей. Гэта сапраўды дае вялізарную надзею і нават упэўненасьць, што ўсё хутка скончыцца перамогай народу Беларусі. І мы павінны ўсё гэта дакладна задакумэнтаваць, бо будзе міжнародны суд і трыбунал.

Што сказаў бы ўрадоўцам, якія вагаюцца

Выбар вельмі просты. Калі хочаце быць пад міжнародным крымінальным перасьледам, заставайцеся там. Калі хочаце жыць у новай, свабоднай Беларусі, то як мага хутчэй пакідайце свае пасады, нягледзячы ні на што. Калі я сыходзіў у 1996 годзе напярэдадні рэфэрэндуму, у мяне не было ніякіх пэрспэктываў. Я адмыслова нават ні з кім не дамаўляўся, што я буду рабіць. Я мусіў сысьці з гэтай сыстэмы, якая не была яшчэ тады настолькі відавочнай усім, але для мяне было відавочна, куды гэта ўсё будзе рухацца Таму я раю абраць Беларусь. Альбо зьяжджайце куды-небудзь. Зараз межы больш адкрытыя, чым раней. Падабаецца Расея — зьяжджайце ў Расею, падабаецца Афрыка — у Афрыку. Але ж не дапамагайце забіваць людзей у сваёй роднай краіне.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».