Палітолаг: У Маскве выдатна разумеюць, што Лукашэнка – махляр
45- 13.12.2020, 20:03
- 71,675
Ягоныя словы заўсёды разыходзяцца з рэальнымі справамі.
У Беларусі ў нядзелю прайшлі традыцыйныя акцыі пратэсту, нягледзячы на абвешчаны напярэдадні аранжавы ўзровень небяспекі праз непагадзь, у тым ліку абліваху. Паводле звестак праваабаронцаў, зноў затрымана звыш ста чалавек.
Супрацьстаянне рэжыму і грамадзянскай супольнасці, якая пратэстуе супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у краіне, не згасае вось ужо пяты месяц. Некаторыя аналітыкі гавораць аб нявыкрутцы, іншыя - пра «гнойную больку», якую мае канечне прарваць.
Як адзначалася ў анонсе «Маршу народнага абвінавачванні», кожны з дэманстрантаў «мае і страх, і стомленасць, але яшчэ мацнейшае пачуццё - прага справядлівасці». Каардынатары пратэставага руху падкрэсліваюць, што выхад на акцыю - гэта «адмова падпарадкоўвацца гвалту і хлусні», а таксама «патрабаванне справядлівасці і закона».
Заходнія краіны не прызнаюць Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам і ўвялі санкцыі супраць яго і ягонага асяроддзя.
На гэтым фоне лідэрка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская прыбыла з візітам у Нямеччыну, дзе на панядзелак запланаваная ейная сустрэча з прэзідэнтам краіны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Раней з Ціханоўскай сустрэлася канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.
Тое, як будуць далей развівацца падзеі ў Беларусі, па-ранейшаму няясна. Невядома, напрыклад, як мерыцца скарыстацца сітуацыяй Масква.
Дзмітрый Балкунец: «Лукашэнка зацягвае Расею ў свой вір»
Беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец мяркуе, што ў кантэксце працягу ў Беларусі супрацьстаяння ўлады і народа Расея не мае ніякіх перспектыў для паглыблення інтэграцыі з суседняй краінай.
«Для Расеі ў гэтай сітуацыі абсалютна не з'яўляецца магчымым падпісанне ўсялякіх пагадненняў з Лукашэнкам, асабліва ў святле таго, што так або інакш закранае пытанні суверэнітэту краіны, - сцвярджае Балкунец у інтэрв'ю Расейскай службе «Голасу Амэрыкі». - Бо ў Крамлі бачаць, што ён не мае падтрымкі ў краіне. Ён фактычна не можа ні на каго абаперціся, акрамя міліцыянтаў і сваёй прэсавай сакратаркі, якая бегае з нажніцамі па Менску і зразае бел-чырвона-белыя стужачкі».
Святлана Ціханоўская таксама не раз падкрэслівала, што ўсе дамоўленасці, якія Лукашэнка падпісваў або мерыцца падпісваць з кім хоча, нелегітымныя і будуць перагледжаныя, нагадаў Дзмітрый Балкунец. Акрамя таго, на ягоную думку, уведзеныя Захадам санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў той або іншай ступені могуць закрануць і расейскія інтарэсы.
«Вядома, Маскве такі вэрхал недарэчы, - мяркуе беларускі палітолаг. - Лукашэнка зацягвае Расею ў свой вір. У Крамлі яму далі магчымасць выхаду з палітычнага крызісу, а ён зноў спрабуе падмануць усіх. Абяцаў правесці рэферэндум, канстытуцыйную рэформу, але нічога не зрабіў, спрабуе цішком адкараскацца».
Са слоў Балкунца, у Маскве выдатна разумеюць, што Лукашэнка - махляр, які не будзе выконваць ніякія дамоўленасці, асабліва цяпер. Ягоныя словы заўсёды разыходзяцца з рэальнымі справамі, падсумаваў эксперт.