26 красавiка 2024, Пятніца, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўніца «Нафтана»: Пры такой колькасці светлых людзей у Беларусі злу засталося нядоўга

11
Працаўніца «Нафтана»: Пры такой колькасці светлых людзей у Беларусі злу засталося нядоўга
ВОЛЬГА БРЫЦІКАВА

На прадпрыемстве ў страйк сыходзяць найлепшыя спецыялісты.

На думку Вольгі Брыцікавай, якая ўзначальвала да звальнення аддзел рэалізацыі нафтапрадуктаў, штрэйкбрэхераў знайсці не атрымаецца, піша «Салідарнасць».

У пятніцу адмовіўся выходзіць у змену апаратчык заводу «Палімір» Андрэй Шкірэнка. Ён адпрацаваў на прадпрыемстве 30 гадоў і свой зварот, сыходзячы ў страйк, скончыў словамі «Жыве Беларусь!».

– Беручы да ўвагі сваю адукацыю, я выдатна разумею, што адбываецца, і не магу спакойна глядзець на прававы калапс, якія робяцца ў краіне ўвогуле і на «Нафтане» асобна.

Сваімі дзеяннямі кіраўніцтва прадпрыемства свядома ставіць у небяспеку бесперабойную і безаварыйную працу вытворчасці, – мяркуе юрысконсульт ААТ «Нафтан» Аляксандр Капшуль, які адпрацаваў на адным месцы 20 гадоў.

Больш за 17 гадоў стаж працы ў аператара тэхналагічных установак Сяргея Скібы.

Слесар Мікалай Зелянкевіч больш за сем гадоў займаўся аварыйнымі і аднаўленчымі працамі.

– Я веру, што неймаверныя беларусы абавязкова перамогуць! – з такім настроем пачала агульнанацыянальны страйк Людміла Каляда, якая адпрацавала больш за 10 гадоў на ААТ «Полацк-Шкловалакно».

Аператар тэхналагічных установак ААТ «Нафтан» Алег Кунцэвіч (стаж працы на прадпрыемстве 17 гадоў) таксама падтрымаў калегаў. Ён патрабуе спыніць пераслед супрацоўнікаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Напярэдадні стала вядома, што з ААТ «Нафтан» звольненая актывістка Вольга Брыцікава.

– Я доўга была на бальнічным, выйшла 2 снежня і 3-га была звольненая. Я разумела, што ў дачыненні да мяне гэта будзе неўнікнёна, пытанне было толькі ў тым, з якой фармулёўкай мяне звольняць. Рабілася вельмі шмат спробаў ужыць да мяне нейкае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Але спыніліся на «пазбаўленні доступу да дзяржаўнай таямніцы», што і стала фармальнай нагодай, – расказала Вольга.

Яна кажа, што на прадпрыемстве робіцца ціск на ўсіх людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і што сама атмасфера ўнутры калектыву змушае людзей пратэставаць.

– Акрамя сітуацыі ў краіне, якая турбуе цяпер усіх, ёсць яшчэ лакальная сітуацыя на кожным прадпрыемстве. І на многіх яна спрыяе таму, каб людзі сыходзілі. Таму што яны зазнаюць жудасны ціск.

Бо ў людзей, асабліва з невялікіх гарадоў, акрамя працы мала што ёсць. Гэта вялікая частка нашага жыцця. Але цяпер да тых, хто гадамі працаваў і быў у пашане, рэзка змянілася стаўленне як да прафесіяналаў за тое, што яны праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю, уступілі ў незалежны прафзвяз, выказаліся ў роліку.

І гэта ўжо адбываецца не недзе там у Менску, а тут на тваім родным прадпрыемстве. Мы ж усе ў Наваполацку адно аднаго бачылі і многіх ведаем.

І нават калі ціск робяць не на ўсіх, дыскамфорт ад атмасферы ў калектыве адчуваюць многія. Вось нядаўна быў суботнік. Гэта хоць і справа добраахвотная, але да нас давялі рэкамендаваную суму – 5 рублёў ад працоўнага і 10 – ад кіраўніка. Тыя ведамасці, якія я бачыла, былі напалову з прочыркамі, людзі адмаўляліся здаваць грошы ці здавалі некалькі капеек. Вось так народ выказаў сваё стаўленне, – расказала актывістка.

Яна пракаментавала сыход калегаў у страйк.

– Вымыванне людзей з досведам, з ведамі негатыўна адаб'ецца на прадпрыемстве. Гэта неўнікнёна. Цяпер варта браць да ўвагі тое, што вельмі вялікая колькасць супрацоўнікаў на бальнічных з каранавірусам, прычым не толькі на «Нафтане», таму знайсці сюды штрэйхбрэхераў не атрымліваецца, – кажа Брыцікава.

Сама яна не выключае, што будзе абскарджваць пастанову пра сваё звальненне. Гэтая пастанова пакуль адзіная, якая было апублікаваная. Астатнія блізу 20 нафтанаўцаў, якія пайшлі ў страйк, не атрымалі свае працоўныя кніжкі.

Вольга Брыцікава да страйку не далучалася, але актыўна выяўляла сваю пазіцыю.

– І прадоўжу гэта рабіць! Я разумею, што пры такой колькасці светлых людзей у Беларусі злу засталося нядоўга. Пытанне стаіць перад усімі: «супакоіцца ці нешта рабіць» – і мы на гэтае пытанне сабе адказалі, мы не супакоімся! – запэўніла суразмоўца.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках