26 красавiка 2024, Пятніца, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Год перамен

12
Год перамен

Сайт Charter97.org уручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека.

31 студзеня ў Варшаве прайшла цырымонія ўручэння "Хартыяй-97" Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

«Вось ужо больш за 20 гадоў мы ўручаем гэтую ўзнагароду людзям, якія, ахвяруючы сабой, змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Упэўненая, што гэтая барацьба скончыцца перамогай, і мы зможам нарэшце жыць у свабоднай краіне», - заявіла на пачатку цырымоніі галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна.

У 2019 годзе «Хартыя-97» узнагародзіла Нацыянальнай прэміяй пяць чалавек і адну арганізацыю.

«У Вільні мы ўбачылі, якой будзе Беларусь»

Першым лаўрэатам стала аб'яднанне «Беларуская Нацыянальная Памяць», якое было адным з арганізатараў урачыстага перапахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў-паўстанцаў у Вільні.

«Тысячы беларусаў пад нацыянальнымі сцягамі ўдзельнічалі ў цырымоніі, паказаўшы ўсяму свету моц нацыі і яе імкненне да незалежнасці і свабоды. Гэта стала адной з самых натхняльных падзей 2019 года. У Вільні мы ўбачылі вобраз той краіны, якой мае быць і абавязкова будзе Беларусь», - сказала Наталля Радзіна.

Аб'яднанне «Беларуская нацыянальная памяць» атрымала ўзнагароду за шматгадовую дзейнасць для захавання гістарычнай памяці беларусаў.

Узнагароду яе лідару Анатолю Міхнаўцу і ягоным калегам уручыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта і адзін з кіраўнікоў праграмы Кастуся Каліноўскага Віктар Рос.

- Для мяне вялікі гонар сёння першым уручыць узнагароду для арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць», якую прадстаўляе сёння Анатоль Міхнавец. Мы вельмі добра знаёмыя, у свой час ён нават быў маім студэнтам.

Хацеў бы адзначыць, што гэтая арганізацыя адыгрывае вельмі важную ролю ў захаванні нацыянальнай памяці беларусаў, якая з'яўляецца часткай барацьбы за дэмакратызацыю.

Летась прайшла цырымонія перапахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у зброі. У паўстанні 1863 года беларусы і палякі разам змагаліся за свабоду. На жаль, Каліноўскі і ягоныя паплечнікі былі схопленыя царскімі ўладамі і пакараныя смерцю. Аднак мы бачым, што дух супрацоўніцтва паміж польскімі і беларускімі дэмакратамі жывы дагэтуль. І «Беларуская нацыянальная памяць» вельмі важная для захавання гэтых традыцый. Прадстаўляючы сёння Польшчу, хацеў бы падзякаваць беларусам за іхнюю дзейнасць - сказаў Віктар Рос.

Прымаючы ўзнагароду, Анатоль Міхнавец сказаў:

- Дзякуй за гэтую ўзнагароду, дзякуй «Хартыі-97», дзякуй Наталлі, дзякуй вам, сябры, за тое, што магу стаяць на гэтым месцы. Тысячы беларусаў паказалі, што існуе пераемнасць пакаленняў, і яна не будзе перапыненая. Беларусы прыехалі ў Вільню, каб ушанаваць памяць свайго нацыянальнага героя. Што б ні казалі ўлады, мы бачым, што наш народ не скарыўся і наперадзе ў нас свабодная Беларусь, якую мы сёння бачылі на экране. Чытаючы «Лісты з-пад шыбеніцы» і «Мужыцкую праўду», якія пісаў Кастусь Каліноўскі, мы бачым, што яны не страцілі актуальнасці. Не страціў актуальнасць і пароль паўстанцаў «Каго любіш? Люблю Беларусь. То ўзаемна». Таму я веру ў наш народ. Тыя кадры, якія мы бачылі, паказваюць, што перамены блізкія. І гэты цуд, які адбыўся ў Вільні, калі ўсе ведалі, што Каліноўскі знаходзіцца на гары, але ніхто і не марыў, што будзе перапахаванне, яно адбылося. Хай гэты цуд дасць сілы нашаму народу і 2020-ы год стане годам перамен. Дзякуй усім! Жыве Беларусь!

«2020 год шмат у чым будзе вызначальным для Беларусі»

Наступнай лаўрэаткай стала актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, адна з самых моцных і яскравых удзельніц «парламенцкай кампаніі» 2019 года. Ейныя пікеты былі самымі масавымі ў Берасці і збіралі вялікую колькасць прыхільнікаў перамен, а смелы выступ на Беларускай тэлевізіі з патрабаваннем адстаўкі дыктатара Лукашэнкі стаў сапраўднай сенсацыяй і выйшаў у спіс найпапулярных абмеркаванняў на незалежных сайтах і ў сацыяльных сетках. На знак пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў «выбараў» Паліна Шарэнда-Панасюк спаліла сваё пасведчанне кандыдата ў «дэпутаты» на адной з галоўных плошчаў Менска, заявіўшы пра намер дамагацца правядзення ў Беларусі свабодных выбараў.

Прэмію за абарону права на сумленныя выбары актывістка «Еўрапейскай Беларусі» атрымала ў намінацыі «За асабовую мужнасць».

Уручыў прэмію Паліне Шарэндзе-Панасюк прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Рафал Дзенцялоўскі.

- Па-першае, нізкі паклон Паліне за ейную адвагу і апантанасць. Фонд міжнароднай салідарнасці назіраў за гэтымі «выбарамі» і, як і вы, мы падзяляем меркаванне, што яны былі чым хочаш, толькі не выбарамі.

Па-другое, хацеў бы падкрэсліць, што наша прысутнасць з'яўляецца довадам класічнага разумення панятку салідарнасці, якое зарадзілася ў Гданьскай карабельні ў 1980 годзе. Гэта значыць, што ўсюды, дзе адбываецца барацьба за свабоду, дзе ёсць гнаныя і збіваныя — мы, палякі, павінны быць поруч. І я глыбока перакананы, што будзем.

Па-трэцяе, хацеў бы шчыра падзякаваць Паліне за тую цвёрдасць, якая з'яўляецца не толькі сведчаннем моцы характару, але і пэўнасцю палітычнай праграмы, і дэкларацыяй таго, як Паліна вяртае свету маральныя прынцыпы. За гэта ёй шчыра дзякую і віншую, - сказаў Рафал Дзенцялоўскі.

Паліна Шарэнда-Панасюк, прымаючы прэмію, сказала:

— Я таксама хачу падзякаваць усім. Падзякаваць Наталлі Радзінай, падзякаваць рэдакцыі «Хартыі-97» за гэтую прэмію. Хачу таксама падзякаваць майму мужу Андрэю, з якім мы разам бралі ўдзел у гэтай кампаніі. У нейкай ступені гэта і ягоная прэмія.

Хачу павітаць усіх прысутных людзей, якіх я ведаю ўжо шмат гадоў, а таксама новых людзей, новых асоб, якія з'явіліся ў беларускай палітыцы. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь выходзіць са сну апошняга дзесяцігоддзя.

Мы правялі ўвосень 2019 года яскравую, магутную кампанію. Гэтай кампаніяй мы зламалі сцэнар рэжыму. І гэтая кампанія збудзіла людзей, падахвоціла грамадства да дзеянняў.

Людзі згуртаваліся вакол праўды. Гэта мы бачылі ў Вільні на перапахаванні каліноўцаў. Гэта мы бачылі, калі людзі вельмі смела і цвёрда выступалі супраць фальсіфікацый. Гэта паказалі акцыі ў абарону незалежнасці. 2020 год сапраўды будзе шмат у чым вызначальным для Беларусі.

Мы, беларусы — еўрапейская нацыя. Мы вартыя нашай дэмакратычнай незалежнай краіны. Мы вартыя быць свабоднымі. Жыве Беларусь!

Таксама хацела б падзякаваць прадстаўнікам польскай стараны. Польшча была і ёсць для нас прыкладам удалай барацьбы за незалежнасць, прыкладам таго, які станоўчы эфект дае абарона сваёй мовы і культуры.

На працягу стагоддзяў нашы продкі разам змагаліся за гэтыя вартасці. І цяпер вельмі хацела б падзякаваць за гэта Польшчы. За тое, што дзякуючы польскай старане можам тут бяспечна сабрацца, уручыць гэтыя ўзнагароды. Я вельмі спадзяюся, што Польшча будзе працягваць падтрымку Беларусь, падтрымліваць нашу незалежнасць і свабоду. За нашу і вашу вольнасць!

«Справа аб злачынствах Лукашэнкі выйшла на міжнародны ўзровень»

Наступнымі лаўрэатамі сталі журналісты «Нямецкай хвалі» Наталля Макушына, Уладзімір Дорахаў і Кацярына Сотнік — аўтары сенсацыйнага інтэрв'ю з экс-байцом беларускага СОБР Юрыем Гараўскім.

«Гэтыя сведчанні аб датычнасці Лукашэнкі і ягонага асяродку да выкраданняў і забойстваў лідэраў апазіцыі ўзрушылі Беларусь і ўвесь свет. Да раней вядомых фактаў дадаліся новыя і дэталёвыя сведчанні вусцішных злачынстваў дыктатарскага рэжыму, што стала падставай для правядзення міжнароднага расследавання», - сказала Наталля Радзіна.

Журналісты «Нямецкай хвалі» былі ўзнагароджаныя за абарону права на свабоду слова і атрыманне грамадска важнай інфармацыі. Атрымаць прэмію за сябе і за калег з Бона прыехала Наталля Макушына, а ўзнагародзіў журналістку кіраўнік знакамітага польскага выдавецтва «КАРТА» Збігнеў Глуза.

— Добры вечар усім. Тое, што зрабілі журналісты «Нямецкай хвалі» - гэта адно з самых важных публічных дасягненняў, якое супрацьстаіць дыктатурам. Сведчанні Юрыя Гараўскага і прыняцце верагоднасці гэтых сведчанняў - вельмі важны акт. Гэта ўнікальная сітуацыя.

У камуністычных і посткамуністычных рэжымах людзі гінуць без знаку, і часта няма шанцаў, каб гэта расследаваць. І тое, што адбылося, сведчыць, што можа быць інакш. Гэта - асноўная абсалютная вартасць.

Я вельмі рады, што гэтая прэмія будзе ўручаная ў Польшчы, бо мы не маем добрага досведу ў такім кірунку. Тое, што забойцы ксяндза Ежага Папялушкі выкрытыя, было справай выпадку.

Як дакументацыйны цэнтр, мы апелявалі да чыноўнікаў і праваахоўнікаў камуністычнага рэжыму ў Польшчы, каб яны паспавядаліся, каб расказалі пра тое, што ўчынілі. Мы казалі, што іх не будуць пераследаваць, для нас важна зразумець гэты працэс. Да нас ніхто не звярнуўся.

Тое, што гэты чалавек, Юрый Гараўскі, пагадзіўся - гэта вялікая рэч. І важна тое, што ягонае сведчанне - такое моцнае, і яго можна было паказаць публічна. Гэта вялікі крок і вялікае папярэджанне для дыктатараў, і для Лукашэнкі ў тым ліку, — сказаў Збігнеў Глуза.

Прымаючы прэмію, Наталля Макушына сказала:

- Самае страшнае - гэта прамаўляць цяпер перад вамі. Гэта страшней, чым сядзець побач з тым чалавекам, які прызнаўся ў забойстве. Маю сказаць вялікі дзякуй маім калегам-журналістам, якія звярнулі ўвагу на гэтую справу.

Таксама я ўдзячная і Польшчы за тое, што гэта справа выходзіць на міжнародны ўзровень. За тое, што прызналі нашу працу як сімвал таго, што нават праз гады можна разбірацца з тымі злачынствамі, якія ўчыніў рэжым Лукашэнкі.

Адным з важных вынікаў расследавання калектыву «Нямецкай хвалі» стала тое, што адноўленыя тры крымінальныя справы паводле факту знікнення экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, прадпрымальніка, які падтрымліваў апазіцыю.

Ёсць надзея, якая памірае астатняй, што, можа быць, у Беларусі нешта зрушыцца.

Але маю вам сказаць, што нас ужо цяпер нахабным чынам падманваюць. Бо чацвёртая справа, аб знікненні нашага калегі-журналіста Дзмітрыя Завадскага, не адноўленая. І не аднавілі яе ўлады на той простай падставе, што нібыта справа «была скончаная». Святлана Завадская падала цяпер скаргу на працяг гэтай справы, бо мала хто ведае, што былі распачатыя дзве крымінальныя справы. Адна, сапраўды, было закончаная і суд нібыта знайшоў тых, хто быў датычны да выкрадання Завадскага, але ніхто не ведае, хто распараджаўся ягоным жыццём далей. Гэтая першая адмова ў распачынанні справы паводле факту перадачы Завадзкага нявысветленым асобам кажа аб тым, што следства ўсе 20 гадоў цягнулася, і нічога не расследавалася.

Таму мая асабовая думка: палітыкі ў Еўропе павінны трымаць гэтую справу на кантролі. Калі гэта магчыма, стварыць камісію ў Еўрапарламенце ў рамках Камітэта сувязяў з Беларуссю для кантролю расследавання гэтай справы ўнутры краіны. Можна яшчэ стварыць і камісію пры Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, пры ААН — гэта значыць, існуе шмат арганізацый, якія могуць нейкім чынам сачыць за тым, што ў нас робіцца.

20 гадоў нам тлумілі галаву — а цяпер знайшоўся чалавек, які пакуль выступае ў якасці сведкі, і ёсць падстава казаць, што справы маюць быць адноўленыя. Мае быць праведзенае бесстаронняе расследаванне, інакш будзе так, як цяпер.

Мае калегі вымушаныя працаваць тут, у Польшчы, замест таго, каб працаваць на ніве журналістыкі ў роднай краіне, мяне таксама практычна выціснулі. А тых журналістаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі, вы самі ведаеце, як іх шкуматаюць.

Таму я вельмі радая, што гэтая справа выйшла на міжнародны ўзровень. Вельмі радая, што гэтым займалася «Нямецкая хваля», у якой такая місія - працаваць з незалежнай інфармацыяй у тых краінах, дзе гэта немагчыма. А палякам проста нізкі паклон. Я, дарэчы, памятаю, як сачыла за справай ксяндза Папялушкі, калі яна раскручвалася. Сядзелі мы, абняўшы рыжскі прыймальнік, і слухалі, і вельмі хваляваліся за тое, што будзе далей — а цяпер самі апынуліся ў такой сітуацыі.

«Наступная прэмія будзе ўручаная там, дзе гэта мае праходзіць - Менск, Беларусь»

Яшчэ адной лаўрэаткай стала Ганна Толчыкава. Яе эмацыйнае відэа імгненна стала адным з самых папулярных у Інтэрнэце. Маладая ІТ-спецыялістка была назіральніцай на так званых «парламенцкіх выбарах» у Беларусі і зафіксавала нахабную фальсіфікацыю прыходу і падтасоўку вынікаў галасавання.

Ганна Толчыкава атрымала ўзнагароду за абарону права на сумленныя і свабодныя выбары ў намінацыі «За асабовую мужнасць».

Прэмію Ганне ўручыў былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Радуе, што мне выпаў гонар павіншаваць з узнагародай удзельніцу Плошчы-2010. Шчыра кажучы, я не вельмі добра стаўлюся да назірання. А калі зусім шчыра, то я дрэнна стаўлюся да гэтага. Што значыць у Беларусі назіранне і чаму туды ідуць людзі, чаму нашы сябры з дэмакратычнага руху падтрымліваюць назіранне? Бо гэта бяспечна.

- Ты будзеш на плошчы?

- Не, бо я буду назіраць.

- Ты пойдзеш сёння на акцыю пратэсту?

- Не, нам трэба назіраць.

Я не супраць назірання ў прынцыпе, але што можна назіраць на 26-м годзе дыктатуры? І гэта тычыцца не толькі нашых назіральнікаў, але і міжнародных. Я размаўляю з імі і пытаюся: а можна неяк інакш арганізаваць гэты працэс? Мы, напрыклад, у 2000 годзе арганізавалі назіранне самі і проста фізічна лічылі тых, хто прыходзіў на выбарчыя пункты. Тады мы адразу правялі прэс-канферэнцыю і сказалі, што выбары на дзялянцы не адбыліся. Потым гэта пацвердзіла нават ЦВК.

Я памятаю прыклад статуснай назіральніцы Уты Цапф, якая была шмат гадоў кіраўніцай працоўнай групы АБСЕ ў пытанні Беларусі. Вось яна ўвесь час казала, што Захаду трэба размаўляць з Лукашэнкам, што не трэба ізаляцыі, што трэба назіраць за «выбарамі», хоць іх няма... І аднойчы падчас гэтага назірання да яе ўжылі фізічны гвалт і выштурхалі з выбарчага пункта. І вось гэтая сустрэча з асфальтам расплюшчыла ёй вочы. Калі яна пакідала сваю пасаду, сказала: «У Беларусі я схібіла». Яны нічога не змаглі зрабіць з фальсіфікацыямі, якія адбываюцца ў Беларусі.

Са мной дагэтуль звязваюцца людзі, якія кажуць, што на пунктах, дзе яны былі назіральнікамі, у 2010 годзе перамагала апазіцыя. Лукашэнка тады не набіраў той колькасці галасоў, якая дазволіла б яму заняць сваю пасаду.

Але Ганны Толчыкавай гэта не тычыцца. Калі б там было хаця б дзесяць такіх назіральнікаў, якія так эмацыйна адрэагавалі, калі б яны паклікалі журналістаў паслухаць іх, то, магчыма, і сітуацыя ў нас была б іншай. Можа быць, тады б мы выйшлі з турмаў не праз гады, а праз некалькі дзён.

Шчыра віншую Ганну. Я нездарма пачаў з таго, што гэта ўдзельніца Плошчы-2010. Вялікі дзякуй за тое, што захавала эмоцыю, якая была тады на плошчы. Мая асабовая падзяка. Зычу поспехаў і ўсяго найлепшага! - сказаў Андрэй Саннікаў.

Ганна Толчыкава, прымаючы прэмію, адзначыла:

- Я была трошкі шакаваная, што менавіта Вы мне будзеце ўручаць прэмію. У мяне ўсе думкі разляцеліся.

Напраўду я і ўявіць не магла, што мае простыя (для самой мяне) дзеянні так моцна адгукнуцца ў галовах тысяч беларусаў і прывядуць мяне сюды. Што гэтыя дзеянні атрымаюць прызнанне «аксакалаў», людзей першай велічыні ў палітычнай сфэры. Людзей, якія змагаюцца за свабоду нашай краіны ўжо шмат гадоў, якія вельмі многім ахвяравалі дзеля гэтага. Для мяне гэта - як сустрэча з галівудскім акторам. Адчуваю сябе нейкім гэткім чынам. Дзякуй вам за прызнанне, дзякуй за вашу працу.

Мне па-ранейшаму яшчэ баліць за сваю краіну, за беларусаў... І мне баліць, што ў перыяд, калі мы нібыта незалежныя, народ застаецца пад прыгнётам. З дзяцінства чую фразы: «Ну, ты там цішэй. Ты там маўчы». Чаму я павінна маўчаць, калі кажу праўду, калі бараню свае грамадзянскія правы? Я не буду маўчаць, і мне перастане балець у той момант, калі ў Беларусі пройдуць сумленныя выбары. Я ўпэўненая, што гэта мае здарыцца ў 2020 годзе. Таму зычу, каб ваша прэмія налета прайшла там, дзе яна мае праходзіць - Менск, Беларусь.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках