15 жнiўня 2026, Субота, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыня Асацыяцыі беларусаў Швэйцарыі: Гараўскі ўжо атрымаў прытулак

29
Старшыня Асацыяцыі беларусаў Швэйцарыі: Гараўскі ўжо атрымаў прытулак
ЮРЫ ГАРАЎСКІ

У Швэйцарыі няма пераследу за злачынства, здзейсненае на тэрыторыі іншай краіны.

Старшыня Асацыяцыі беларусаў Швэйцарыі Аляксандр Сапега сказаў «Радыё Свабода», што Юрыя Гараўскага не чакае крымінальны пераслед за прызнанне ў суўдзеле ў забойстве зніклых палітыкаў.

«У Швэйцарыі няма пераследу за злачынства, здзейсненае на тэрыторыі іншай краіны, – тлумачыць Сапега. – Напрыклад, калі б ён прызнаўся ў крымінальным злачынстве на тэрыторыі Нямеччыны, то яго б чакала турма.

Але ў Швэйцарыі яму нічога за гэта не пагражае. На гэты момант, наколькі мае крыніцы мне кажуць, ён атрымаў пазітыўны статус бежанца S праз палітычны пераслед з боку дзяржавы. Гэта дае яму права нават змяніць персанальныя звесткі: прозвішча, імя, дзень нараджэння. Разглядае такія выпадкі SEM – аддзел міграцыі, які знаходзіцца ў Берне. Яны разглядаюць кожную справу персанальна. І, безумоўна, статус S, які атрымаў спадар Гараўскі, далёка не кожнаму даюць. Гэта значыць, павінна быць гэтаму сапраўдная прычына».

Аляксандр Сапега падкрэслівае, што з моманту пазітыўнай пастановы аддзела міграцыі да атрымання дакументаў могуць прайсці месяцы.

Для Сапегі не было сакрэтам, што Гараўскі знаходзіцца менавіта ў Швэйцарыі. Але асабіста яны не знаёмыя.

«Як толькі я ўбачыў гэты відэасюжэт, адразу пазнаў нашы родныя швэйцарскія пенаты. І ў гэтым цэнтры для бежанцаў я ўжо быў шмат разоў. Я пазнаў і будынкі, і мэблю ў гэтым цэнтры, і вуліцы ў Цюрыху. Просьбы былі ў мой бок, каб я яго наведаў. Яго цэнтр, можа, за 40 кіламетраў ад Цюрыха. Я збіраўся ехаць туды з іншымі справамі. Наколькі мне стала вядома, адразу пасля выхаду відэа яго вельмі хутка не стала ў гэтым цэнтры – прыехала паліцыя ў гэты дзень і забрала яго».

Цяпер, паводле словаў Сапегі, Юры Гараўскі ў іншым горадзе. Але дакладнага месца наш суразмоўца не называе.

На думку Сапегі, Гараўскі адважыўся расказаць пра забойства зніклых палітыкаў цяпер, бо хацеў або паскорыць разгляд сваёй справы на атрыманне статусу бежанца, або прадухіліць вяртанне ў Беларусь.

«Я шмат ведаю людзей, якія гадамі жывуць у Швэйцарыі ў “паветраным” статусе. Іх і даслаць не могуць, і пакінуць не хочуць. І мне здаецца, што Гараўскі пайшоў ва-банк».

Цяпер былы сахравец не можа пакідаць тэрыторыю Швэйцарыі.

«Таксама ён не можа ўсталёўваць любы кантакт з прадстаўніком той дзяржавы, ад якой просіць абароны. Гэта значыць, любое наведванне амбасады ці мерапрыемства, дзе ёсць афіцыйныя асобы Беларусі, пагражае яму стратай статусу бежанца».

Пацвярджэннем пагрозы, кажа Сапега, могуць быць дакументы пра зняцце пабояў з лякарні, судовыя пастановы, запрашэнні прыйсці на размову ў міліцыю ці КДБ з невядомых прычынаў.

«На маю асабістую думку, у справе Гараўскага не можа быць шмат дакументаў, якія б гэта пацвярджалі. Але і сама Швэйцарыя не можа дакладна гэта праверыць. Дакументы, якія я разглядаю ад бежанцаў, – гэта нейкія копіі, выпіскі, спасылкі на што-небудзь. Але гэта вельмі слаба. Калі Гараўскаму далі пазітыў, значыць, у яго нешта было. Але гэта вельмі рэдкая для беларусаў з'ява».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках