19 сакавiка 2024, aўторак, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Зімбабвэ скандал праз «беларускія аўтобусы і зямлю»

20
У Зімбабвэ скандал праз «беларускія аўтобусы і зямлю»
АВАРЫЯ АЎТОБУСА КАМПАНІІ ZUPCO Ў ЗІМБАБВЭ
ФОТА: ZBC NEWS

У чым справа?

За апошнія пару месяцаў у Зімбабвэ адбылося пяць смяротных аварый з аўтобусамі мясцовай транспартнай кампаніі Zupco. Мясцовыя СМІ называюць аўтобусы беларускімі, хоць на фотаздымках відаць, што аўтобусы, якія трапілі ў аварыю — кітайскія Golden Dragon, паведамляе euroradio.fm.

Гісторыя дайшла да парламента краіны. Дэпутаты запатрабавалі заклікаць да адказу міністра транспарту Джаэла Бігі Маціза з просьбай расследаваць аварыі, звязаныя з аўтобусамі дзяржаўнай транспартнай кампаніі Zupco.

АВАРЫЯ АЎТОБУСА ZUPCO/ZIMEYE.NET

«Каб ён, прынамсі, зрабіў заяву аб тым, наколькі спраўныя гэтыя аўтобусы і як набіралі кіроўцаў, — патрабуе дэпутатка Ліндзіве Мапхоса. - Мы хочам ведаць, ці адпавядаюць яны ўсім крытэрам, бо праблемы могуць быць у аўтобусах, кіроўцах або дарогах».

І тут зноў згадваюцца менавіта беларускія аўтобусы. Хоць у крыніцы, на якую спасылаецца СМІ, пра Беларусь ні слова.

Прычым тут наогул Беларусь?

Аляксандр Лукашэнка рэгулярна кажа аб дыверсіфікацыі беларускага экспарту. «Дальняя дуга», да якой належаць і афрыканскія краіны, прадстаўляе для Беларусі асаблівую цікавасць. Пакуль што наш экспарт туды занадта малы, а значыць, ёсць патэнцыял для росту.

ГАНДЛЁВЫЯ СТАСУНКІ З ЗІМБАБВЭ/БЕЛАРУСКАЯ АМБАСАДА Ў ПАЎДНЁВА-АФРЫКАНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ

Год таму, у студзені 2019-га, у Беларусь прыязджаў прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва. Ён запрасіў беларусаў больш актыўна інвеставаць у ягоную краіну - у тым ліку і ў сельскую гаспадарку. Праз паўгода, у жніўні 2019-га, кіраўнік кіраўніцтва спраў Віктар Шэйман далажыў Лукашэнку, што ў стадыі заканчэння «супольнае прадпрыемства ў галіне сельскай гаспадаркі, якое будзе займацца вытворчасцю і перапрацоўкай малака, ялавічыны і птушкі»

Гісторыя з пастаўкамі аўтобусаў пачалася тады ж, у студзені 2019-га. Беларусь і Зімбабвэ дасягнулі дамоўленасці на пастаўку 500 аўтобусаў МАЗ для дзяржаўнай транспартнай кампаніі Zupco. Як мінімум 300 з іх (запомніце гэтую лічбу, яна вам яшчэ сустрэнецца) павінны былі быць дастаўленыя ў выглядзе машынакамплектаў.

Не атрымалася

У верасні 2019 года падчас візіту ў Зімбабвэ (дарэчы, трэці раз за два гады), Шэйман змог падпісаць толькі дзве з шасці запланаваных дамоваў: мемарандум аб узаемаразуменні і мемарандум аб супрацоўніцтве, арганізацыі і падтрымцы супольнай будаўнічай кампаніі. Пагадненні аб будаўніцтве электрастанцыі, узаемадзеянні ў галіне транспарту і лагістыкі і развіцці сельскагаспадарчых праектаў засталіся непадпісанымі.

Зімбабвійскае выданне The Herald заявіла, што Беларусь была гатовая падпісаць астатнія чатыры пагадненні, але вымушаная чакаць адабрэння Кабінета міністраў Зімбабвэ. У верасні 2019 года Віктар Шэйман аптымістычна заявіў, што вытворчасць аўтобусаў пачнецца ўжо ў кастрычніку-лістападзе. Але зусім нядаўна - напачатку лютага 2020 года - газета The Sunday Mail паведаміла, што пастаўка і зборка плануецца толькі ў трэцім квартале гэтага года.

«Ні ў 2019 годзе, ні раней мы не пастаўлялі аўтобусы ў Зімбабвэ», - распавёў «Еўрарадыё» начальнік управы замежнаэканамічных сувязяў у экспарце МАЗ Антон Казлоўскі. Але пацвердзіў, што ўсталяванне машынакамплектаў і наладка зборачнай вытворчасці ў Зімбабвэ вядуцца. Машынакамплекты МАЗ будуць збіраць на базе мясцовага прадпрыемства AVM Africa. Тэхніку хочуць рэалізоўваць на ўнутраным рынку Зімбабвэ і ў краінах паўднёваафрыканскага рэгіёну.

ВІКТАР ШЭЙМАН І ПРЭЗІДЭНТ ЗІМБАБВЭ ЭМЕРСАН МНАНГАГВА

Хтосьці спрабуе сарваць угоду?

18 лютага зімбабвійскія СМІ зноў «наехалі» на беларускія аўтобусы. На твітэр-старонцы выдання Harare Sun з'явілася інфармацыя, што 65 новых беларускіх аўтобусаў з 300 чаканых прыбылі ў памежны горад Бейтбрыдж, дзе яны праходзяць афармленне. Праўда, на фотаздымках — зноў кітайскія аўтобусы Golden Dragon.

Дзяржаўны вяшчальнік ZBC і шэраг зімбабвійскіх выданняў адразу пазначылі, што новыя аўтобусы — кітайскія, і пастаўленыя ў рамках дамоўленасцяў паміж Зімбабвэ і Кітаем, падпісаных у студзені 2019 года, падчас Еўразійскага турнэ прэзідэнта Эмерсана Мнангагвы. Што не перашкодзіла іншым СМІ пісаць пра тое, што аўтобусы беларускія.

Афіцыйны прадстаўнік беларускіх заводаў-вытворцаў у Зімбабвэ Вадзім Жук растлумачыў дзяржаўнаму тэлеканалу ZBС, што дамоўленасці паміж Беларуссю і Зімбабвэ ў прынцыпе не прадбачаць пастаўку гатовых аўтобусаў: «Плануецца вытворчасць на месцы з выкарыстаннем мясцовых кампанентаў і прыцягненнем мясцовых спецыялістаў».

Асобна Вадзім Жук падкрэсліў, што дагэтуль ніводзін з беларускіх аўтобусаў не быў дастаўлены ў Зімбабвэ.

АЎТОБУСЫ GOLDEN DRAGON НА ПАМЕЖНЫМ ПУНКЦЕ ЗІМБАБВЭ/HARARE SUN

10 тысяч гектараў зямлі ў абмен на 300 аўтобусаў

Паралельна з прэтэнзіямі да паводзін на дарогах яшчэ не пастаўленых у Зімбабвэ беларускіх аўтобусаў разгараецца скандал вакол дзясяці тысяч гектараў зімбабвійскай зямлі. 11 лютага 2019 года газета «СБ. Беларусь сегодня» паведаміла, што Беларусь атрымала ўгоддзі ў Зімбабвэ - для рэалізацыі маштабнага сельскагаспадарчага праекта з вырошчваннем рысу, пшаніцы і стварэннем малочнай фермы на тысячу кароў, якіх планавалася завезці з Новай Зеландыі.

Праз два дні ў выданні My zimbabwe news з'явіўся артыкул пра тое, што экспэрты з Менска знаходзяцца ў афрыканскай краіне. Інвестары-беларусы «праявілі цікавасць» да асваення дзялянкі 10 тысяч гектараў зямлі каля мястэчка Канемба ў раёне Мбіры.

Роўна праз год сайт ZimEye са спасылкай на Reuters (мы не знайшлі спасылку на гэтае расследаванне) заявіў што 10 тысяч гектараў зямлі былі незаконна прададзеныя Беларусі ўсяго за 300 аўтобусаў. Праўда, асноўны аргумент журналіста выглядае сумнеўна: ён проста супаставіў навіны аб зацікаўленасці беларусаў у 10 тысячах гектараў зямлі і аб пастаўцы ў Зімбабвэ 300 аўтобусаў МАЗ. Навіны з'явіліся прыкладна ў адзін час, у студзені-лютым 2019 года.

У святле заявы Вадзіма Жука пра тое, што ніводзін беларускі аўтобус яшчэ не барозніць зімбабвійскія дарогі, хлуснёй выглядае і навіна пра тое, што Беларусь расплацілася імі за 10 тысяч гектараў зямлі ў Зімбабвэ.

Няпроста працаваць з Зімбабвэ

Пры гэтым яшчэ ў 2016 годзе беларускія аналітыкі скептычна ацэньвалі патэнцыйнае супрацоўніцтва з зімбабвійцамі. Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры коштаў уважаў Зімбабвэ за відавочнага аўтсайдэра ва ўзроўні сукупных інвестыцыйных рызык.

МІЖНАРОДНЫ РЭЙТЫНГ КАМФОРТУ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАГА АСЯРОДДЗЯ

У аналітычнай запісцы цэнтра адзначаецца высокі ўзровень карупцыі і расавая небесстароннасць уладаў. У 2016 годзе ўрад шматгадовага прэзідэнта Зімбабвэ Роберта Мугабэ абвясціў ультыматум замежным кампаніям: «Да 1 красавіка 2016 года прадаць або бязвыплатна саступіць кантрольны пакет акцый мясцовым чарнаскурым грамадзянам або пакінуць краіну».

Аналітыкі адзначаюць, што ідэя зборкі грузавікоў МАЗ атрымала падтрымку на ўзроўні прэзідэнта і профільных устаноў Зімбабвэ. Аднак гэтая і іншыя ініцыятывы так і не былі рэалізаваныя. Галоўнымі прычынамі тармажэння працэсу сталі, з аднаго боку, марудлівасць беларускага завода і яго негатоўнасць да самастойнага фінансавага ўдзелу ў праекце, а з другога — адсутнасць «надзейнага і заможнага» афрыканскага партнёра.

Аналітыкі заўважаюць, што Савет Міністраў з года ў год прымае планы нарошчвання экспарту ў Афрыку, планы супольных дзеянняў беларускіх органаў дзяржкіравання і планы ў працы з канкрэтнай краінай. Але пераважная большасць пастаўленых у іх задач выконваюцца фармальна альбо ігнаруюцца зусім.

Ужо тады Зімбабвэ прыводзіцца як негатыўны прыклад супрацоўніцтва ў галіне паставак беларускай тэхнікі на суму блізу $150 мільёнаў, якія задумваліся пры крэдытнай падтрымцы беларускага «Банка развіцця» і ўсходнеафрыканскага рэгіянальнага PTA-Bank. Асноўнымі прычынамі ўскладненняў называюцца нізкая платаздольнасць афрыканскіх партнёраў і негатоўнасць нашых прадпрыемстваў узяць на сябе адказнасць і рэалізаваць праект, атрымаўшы ў выніку ўсе дывідэнды.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках