26 красавiка 2024, Пятніца, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі прафесар растлумачыў асаблівасці паводзін з каранавірусам

Літоўскі прафесар растлумачыў асаблівасці паводзін з каранавірусам

Ёсць два варыянты рэакцыі.

Дырэктар Цэнтра інфекцыйных захворванняў і СНІДу, прафесар Саўлюс Чаплінскас канстатуе, што прайшоў час разумнай рэакцыі на каранавірус (COVID-19): не прыслухаліся да парадаў спецыялістаў, распаўсюджваецца дэзінфармацыя, страх і паводзіны людзей прыводзяць да сур'ёзных сацыяльных і эканамічных наступстваў, піша ru.delfi.lt.

«У першую чаргу страх узрос пасля жудасных загалоўкаў у англамоўных СМІ. Экспэрты мяркуюць, што вынік можа быць такім жа, як падчас эпідэміі грыпу 1918 года, калі вірус забраў жыцці 50 млн. Або цяперашняга крызісу ў сувязі з ВІЧ, якога нібыта ніхто не бачыць», - пісаў Чаплінскас у Фэйсбуку. «Калі з'явіўся новы патаген, кітайцы далі ўсяму свету час на падрыхтоўку. Мы бачым, што кітайцы распачалі захады. Нехта думаў, што, мажліва, Еўропу і Амерыку гэта не закране», - выказаў меркаванне прафесар.

Цяперашнія рэакцыі ён падзяліў на дзве групы: у адных страх перабольшаны, іншыя, наадварот, думаюць, што тут няма нічога страшнага. Са слоў прафесара, цяпер магчымыя два сцэнары.

«Магчыма, будзе нешта накшталт сітуацыі з пандэмічным грыпам, ён потым укарэніцца як ВІЧ і будзе цыркуляваць. Усімі сродкамі (каранцін і інш.) спрабуюць адтэрмінаваць распаўсюджванне віруса, каб, калі магчыма, «закрыць» яго, каб ён не замацаваўся ў папуляцыі», - заўважыў Чаплінскас.

«Цяпер стала зразумела, што шляхі распаўсюджвання складана спыніць, бо ён распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам і праз экскрэменты», - сказаў прафесар.

Акрамя таго, высвятляецца, што адзін хворы можа заразіць не менш за два чалавекі.

«Калі гаворка ідзе пра грып, то хворы заражае менш людзей. Гэта значыць, што ў плане распаўсюджвання ён больш небяспечны за грып. (...) Гэта значыць, што ён будзе распаўсюдзяцца і далей», - сказаў Чаплінскас, заўважыўшы, што дадатковая праблема - працяглы інкубацыйны перыяд каранавіруса.

Са слоў прафесара, на ранніх стадыях вірус звычайна знаходзяць у насаглотцы, а на позніх - толькі ў экскрэментах.

Чаплінскас заўважыў, што паводле цяперашніх звестак ад COVID-19 паміраюць блізу 2% ці менш дарослых. Гэты вірус больш небяспечны, чым грып.

«І яшчэ - ад грыпу цяпер ёсць прышчэпкі і лекі. Ад каранавірусу прышчэпкі ў найлепшым выпадку з'явяцца праз год, з лекамі незразумела, спрабуюць розныя варыянты: ад малярыі, ад ВІЧ, ад грыпу, але пакуль нельга сказаць, што знойдзены прыдатны варыянт. Фактычна ўсё залежыць ад таго, ці ўдасца арганізму чалавека справіцца з гэтай хваробай», - заўважыў прафесар.

Ён таксама звярнуў увагу, што найбольшая смяротнасць была сярод людзей сталага веку, толькі ў 0,9% выпадкаў у сканаўшых не было хранічных захворванняў. Як і ў выпадку з грыпам, гэты вірус больш небяспечны для людзей з аслабленым імунітэтам, для людзей з хранічнымі захворваннямі.

«Добрая вестка - дзеці хварэюць на гэты вірус радзей. Да канца незразумела, чаму, можа гэта абумоўленае нейкімі імуннымі асаблівасцямі. Яшчэ добрая вестка - хвароба праз плацэнту не перадаецца плоду. Дрэнная навіна - можна захварэць паўторна і тады хвароба праяўляецца ў больш сур'ёзнай форме», - сказаў Чаплінскас.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў 80% захварэлых хвароба праяўляецца ў лёгкай форме. 20% маюць патрэбу ў шпіталізацыі, 5% трапляюць у рэанімацыю, 2% паміраюць.

У прэсе паведамляюць, што жыхары скупляюць медыцынскія маскі.

«Гэта тое, пра што мы з вамі гаворым, свет не гатовы, не чуе. Мы ўвесь час пра гэта гаворым, але нас абмяжоўваюць, караюць за асвету людзей», - шкадаваў прафесар.

«Мы адразу падкрэслілі: маску павінны насіць хворыя. У Кітаі носяць усе, бо там незразумела, хто хворы. Кітайцы прывыклі хадзіць у масках праз забруджванне паветра. Нам здаецца смешным, калі здаровы чалавек ходзіць у масцы. Бо ён ахоплены ілюзіяй абароны, а гэтага няма», - сказаў Чаплінскас.

Але ён спадзяецца, што ў Літве стане нормай нашэнне маскі хворымі людзьмі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках