27 красавiка 2024, Субота, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот тэхагляду: Ці атрымаецца залезці ў кішэні аўтамабілістаў?

33
Байкот тэхагляду: Ці атрымаецца залезці ў кішэні аўтамабілістаў?

Сітуацыя з палівам – люстэрка беларускай «эканомікі».

Беларускія кіроўцы застаюцца адным з самых уразлівых слаёў насельніцтва. Нядаўняя статыстыка паказала, што Беларусь – у аўтсайдарах сярод краінаў Еўропы ў даступнасці аўтамабільнага паліва. У той самы час беларускі бензін адзін з самых танных у Еўропе.

Значна ўскладняюць жыццё беларускім кіроўцам і паборы ў выглядзе тэхаглядаў і дарожнага падатку. На якасць беларускіх дарог гэтыя паборы ніяк не ўплываюць.

Эксперты мяркуюць, што на фоне адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй у пастаўках нафты «Белнафтахім» можа перайсці да новай тактыкі – павышаць кошты на аўтамабільнае паліва два-тры разы на тыдзень. Як гэта адаб'ецца на беларускіх аўтаўладальніках? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да блогера Віктара Гарбачова.

– Беларускі бензін – адзін з самых танных у Еўропе, але беларусам ён не на кішэню. Як Вы растлумачыце такі феномен?

– Заробкі беларусаў не адпавядаюць нават самому таннаму тавару ў Еўропе. Так, у нас кошты на паліва нізкія, але на нашы заробкі мы можам набыць 500 літраў паліва, а еўрапейцы – 700, 800, 1000. Хоць кошты на паліва ў іх вышэйшыя. Гэта красамоўны паказнік узроўню жыцця ў маштабах краіны. Можна сказаць, лакмусавая паперка.

– Сусветныя кошты на нафту падаюць, а ў Беларусі кожныя выхадныя павышаюцца кошты на бензін. Чаму паўстаў такі парадокс?

– Гэтаму парадоксу ўжо некалькі гадоў. Такая ж сітуацыя і ў ЖКГ. Улады рапартуюць, што інфляцыі няма, а кошты ўвесь час павялічваюцца на пяць-дзесяць адсоткаў. Такая ж сітуацыя і з палівам. Людзі ў нас абураюцца, што кошты падымаюцца кожныя выхадныя. Чым ніжэйшыя ў свеце кошты на нафту – тым даражэйшы бензін у Беларусі.

Улады проста нахабна кажуць, што ў свеце эканамічныя цяжкасці, праблемы, трэба падстрахоўвацца, павышаць на капейчыну. Гэта сведчыць пра тое, што ў краіне ўвесь час эканамічны крызіс, які проста не спыняецца.

Замест эканамічных рэформаў прапануецца іншае выйсце – павышэнне коштаў на ўсё запар. Пачынаючы ад бензіну і заканчваючы паслугамі ЖКГ. Павышэнне коштаў як асноўны метад кіравання эканомікі. Інакш яны проста не могуць. Няма іншых метадаў.

Не выключаю, што да канца года літр бензіну будзе каштаваць блізу 1 даляра. А людзі скажуць: «Ніфіга сабе, неяк мы нечакана падышлі да гэтай лічбы».

А я прывяду вам яшчэ адзін прыклад – беларускія банкі. Таксама малайцы. Цяпер бяруць камісію за аплату паслуг гатоўкай. А хто ў нас у асноўным плаціць гатоўкай? Правільна, пенсіянеры, у якіх няма смартфонаў, кампутараў і магчымасці плаціць за паслугі анлайн. Атрымалі пенсію, заплацілі за паслугі ЖКГ – мінус чатыры-пяць рублёў.

– Эксперты мяркуюць, што «Белнафтахім» можа перайсці да больш агрэсіўнай тактыцы павышэння коштаў на аўтамабільнае паліва. Ці мяркуеце вы гэты сцэнар рэалістычным?

– Думаю, што гэта цалкам рэальна. Могуць зрабіць і два, і тры разы на тыдзень. Могуць зрабіць так, што раней павышаўся кошт на адну капейку, а цяпер будуць на дзве ці тры. Людзі проста будуць менш запраўляць аўтамабілі, а блізкія да Расеі вобласці – Гомельская, Віцебская, Магілёўская – будуць запраўляцца ў суседняй краіне. Бо хутка кошты на паліва там будуць ніжэйшыя. Вернуцца 90-я гады, калі аўтацыстэрны будуць запраўляцца ў Расеі, а потым на нашай тэрыторыі зліваць і прадаваць паліва.

– Улады заявілі, што з дапамогай камераў будуць лавіць аўтамабілістаў, якія не праходзяць тэхагляд. Ці паўплывае гэта на байкот ТА аўтааматарамі?

– Не праходзіць тэхагляд, думаю, 50–60%. Гэта ўсё робіцца для таго, каб не плаціць за дарожны падатак. Людзі рэальна мяркуюць, што гэтыя сумы несувымерныя з якасцю нашых дарог і стаўленнем да кіроўцаў. Таму людзі круцяць уладам дулю ў кішэні і кажуць, што будуць трымацца да апошняга. Таму ўсе відэакамеры, «лісты шчасця» – поўнае глупства. Нічога не паўплывае на нашых кіроўцаў. Як не плацілі, так і не будуць плаціць.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках