26 красавiка 2024, Пятніца, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Горадзенскі гісторык: Усё будзе Беларусь

1
Горадзенскі гісторык: Усё будзе Беларусь

Цi icнуе «хюґе па-беларуску»?

Андрэй Вашкевіч апошнія 15 гадоў застаецца адным з найбольш актыўных абаронцаў гістарычнай спадчыны Горадні. Змагар за ўнікальны драўляны раён гораду Новы сьвет і галоўную гарадзкую плошчу, якую моцна зьмяніла апошняя рэканструкцыя. Ініцыятар захаваньня адных з самых старых могілак Беларусі ў Горадні. Адзін з арганізатараў прэміі Юзафа Ядкоўскага для тых, хто зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё гісторыі і культуры Горадні. Аўтар 15 кніг, уласных і ў суаўтарстве.

Ён амаль усё жыцьцё працуе ў гісторыка-археалягічным музэі, стварае экспазыцыі і водзіць экскурсіі. Прызнаецца, што стаміўся быць тым, каму трэба больш за іншых, але каму перадаць справы? Сябры ці то жартам, ці то ўсур’ёз прарочаць — адну з вуліц Горадні назавуць імем Вашкевіча.

«Радыё Свабода» гутарыць зь ім у «месцы сілы» многіх гарадзенцаў і самога Андрэя, — каля Нёмана, пад замкамі, паблізу Каложы. Сябры падарылі гісторыку вуду, і ён выйшаў у абед парыбачыць. Ніводная рыбіна падчас інтэрвію не пацярпела.

Калі вы бываеце шчасьлівым?

«Як казаў адзін з герояў братоў Стругацкіх, ёсьць тры рэчы, якія могуць зрабіць чалавека шчасьлівым: любімая праца, сябры і каханьне. Безь нейкай адной рэчы можна пражыць, можна і безь дзьвюх пражыць, але іх усяго тры. Таму калі ты праводзіш час зь сябрамі, любімым чалавекам і добра зрабіў сваю работу, тады ты адчуваеш сябе шчасьлівым».

«Як гаварыў Папа Рымскі Ян Павел ІІ: «Паглядзець у вочы бліжняга чалавека, убачыць там ягоныя неспакоі, і ягоныя надзеі — гэта і ёсьць сапраўдны сэнс салідарнасьці». Я лічу, што сапраўднае шчасьце — гэта калі ты заклапочаны іншымі людзьмі, іхнымі справамі, праблемамі, і калі яны заклапочаныя тваімі, калі людзі адзін аднаму стараюцца дапамагаць. У гэтым ёсьць сэнс, у гэтым ёсьць шчасьце, у імкненьні, каб усім было лепш.

Апошнім часам я адчуў шчасьце, калі зразумеў, што турыстаў ня будзе і можна хадзіць на рыбалку. Гэта цынічна?

Жонка зь мяне зьдзекуецца, кажа: «Ты кайфуеш, калі чытаеш уласныя артыкулы». Калі чытаю часопіс, яна адразу пачынае сьцябацца: «Пэўна, свой артыкул чытаеш».

«У мяне ёсьць некалькі сяброў, якіх я ведаю вельмі даўно, больш за 20 гадоў, некага менш. Мы нядаўна паехалі на возера Вераўское пад Горадняй і там закідвалі вуды. Мой сябар адразу вудай зачапіўся за дрэва і парваў кручок. Мы лавілі на другую вуду, нічога не злавілі, але было вельмі здорава».

Як шчасьце зьвязана з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?

«Гэта самая разнастайная работа, зьвязаная з работай гісторыка: работа па месцы працы, напісаная кніжка, любое маленькае навуковае адкрыцьцё, калі ты нешта новае даведаўся, напрыклад пра нейкае месца, будынак у горадзе. Гэта і проста праведзеная добра экскурсія. Паколькі турыстаў няма, турызм памёр, то мы можам сказаць, што і добры адпачынак — гэта таксама здорава».

«Цяпер мы можам адпачываць ня проста, а з вудай. Я даўно не лавіў рыбу, а сябры мне на дзень нараджэньня падарылі вуду. Цяпер я буду пэрыядычна, як дурань, стаяць, падзяляючы кампанію тых, з каго я раней сьцябаўся.

Ты можаш быць дасьледчыкам, будаваць добрыя рэчы кшталту экспазыцый, выставаў. Ты можаш пісаць добрыя тэксты, выкладаць, расказваць людзям пра гісторыю. Мая праца як гісторыка вельмі разнастайная, можна зьмяняць гэтыя віды дзейнасьці. Гэта вельмі клясна. Як і тэмы, якімі можна займацца. Нават тэматыка Горадні фактычна бясконцая. Калі табе нешта надакучыць, ты можаш заняцца нечым іншым».

Як вы разумееце, што гэта і ёсьць шчасьце?

«Як гаварыў герой аповесьці „На ростанях“ Якуба Коласа, кожны чалавек жыве для таго, каб атрымліваць нейкае задавальненьне. Таму шчасьце — калі ты атрымліваеш задавальненьне. Кожны па-свойму разумее гэтае задавальненьне. Бывае задавальненьне ад таго, што ты зрабіў працу, бывае, ад таго, што ты ведаеш, як яе зрабіць. Бывае такое задавальненьне, калі ты ведаеш, што заўтра дабярэсься да нечага вельмі цікавага. Такое задавальненьне ў чаканьні чагосьці. Вельмі шмат розных задавальненьняў».

«Шчасьце — гэта спакой. Можна сказаць, што мы цяпер [падчас рыбалкі] нічога талковага ня робім, але мы стаім, і мы задаволеныя.

Вельмі добры стан унутранай рэфлексіі, стан, на які ніколі часу няма. Цяперашні пэрыяд, калі няма турыстаў, сапраўды дае магчымасьць для ўнутранай рэфлексіі. Гэта вельмі цікава і здорава, што можна падумаць і адчуць гармонію з прыродай. Нармальна сказаў?»

Якога смаку шчасьце, як яно гучыць, выглядае і пахне?

«Смак — сала і дранічкаў. Пра зрок — гэты від на Нёман. Нават калі бываеш далёка, усё роўна вяртаесься да гэтага месца, месца сілы. Стаіш на Замкавай гары, шмат усяго відаць... і Нёман. Гук — хваляў Нёмана. Гэта такое пачуцьце... Я, сапраўды, і калі хачу засяродзіцца, і калі ў мяне настрой на прыемнае, і калі настрой падумаць, я іду на Нёман. Пахне шчасьце вогнішчам».

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«Беларусь. Вось Беларусь. Усё будзе Беларусь.

Дацкае „хюґе“ — страшная рэч, бо людзі жывуць у змрочнай краіне, багатай, заняцца ім там няма чым. Высокі ўзровень алькагалізму і суіцыдаў, таму яны пачынаюць шукаць для сябе нейкі глыбінны сэнс.

Беларусь адрозьніваецца толькі адным — чалавек вядзе барацьбу за выжываньне, жыве больш складана. Можа, таму некаторыя больш простыя рэчы яму здаюцца больш шчасьлівымі, напрыклад вудай рыбу павудзіць, новы тэлевізар купіць».

Наколькі шчасьлівыя беларусы і ў чым іхнае шчасьце?

«Пытаньне, наколькі беларусы разбэшчаныя. Яны разбэшчаныя безадказнасьцю, ні за што не адказваюць. Яны шчасьлівыя ў гэтым. Шчасьце цяперашніх беларусаў круціцца вакол асабістага шчасьця: сям’і, дома, новага тэлевізара. Гэта правільна для любога чалавека, але, можа быць, не да канца. Беларусы даволі прымітыўныя і разбэшчаныя. Я таксама ўвесь час мару, каб ні за што не адказваць, але ж вымушаны на працы. Працу трэба добра рабіць, калі ты яе робіш».

«Шчасьце ідэальных беларусаў — каб да нас ніхто ня лез і не вучыў нас, як жыць, ні звонку, ні знутры. Каліноўскі, з аднаго боку, — сытуацыя вялікага суцэльнага няшчасьця, бо чалавек загінуў у 26 гадоў. З другога боку, ён сфармуляваў гэтую ідэю — самае галоўнае, каб людзі былі разам, самае галоўнае, каб ніхто ня лез.

Воля любому чалавеку патрэбна для шчасьця. Проста чалавек павінен усьвядоміць неабходнасьць мець гэтую волю. Калі ўчора ён быў прыгонным, напэўна, адразу ён гэтага ўсьвядоміць ня можа. Асобны чалавек, больш шырокая супольнасьць павінны дарасьці да гэтай свабоды».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках