26 красавiка 2024, Пятніца, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«А потым ракета над намі паляцела»

11
«А потым ракета над намі паляцела»

Рэпартаж з вёскі пад Асіповічамі, якую эвакуіравалі пасля НЗ на палігоне.

25 сакавіка Міністэрства абароны паведаміла пра здарэнне на палігоне пад Асіповічамі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку пажару на транспартна-зарадным аўтамабілі пацярпелі два салдаты. Іх шпіталізавалі.

У вёсцы Паплавы, што побач з палігонам, «Радыё Свабода» сказалі: гэта далёка не ўсе наступствы.

«Учора гэта здарылася, бліжэй да вечара, - распавядае Аляксандр, які жыве там 50 гадоў. - Я тут быў, каля дома. Спачатку за лесам дым чорны пайшоў, загарэлася нешта. Тут жа палігон, тут пастаянна нешта гарыць, вайскоўцы тут. А потым адтуль паляцела ракета - і над вёскай проста. Там упала, ля чырвонай фермы. Ракета гэта была ці што іншае, я не ведаю. Нам потым сказалі, што яна без боенабою, пустая ляцела».

Перад уездам у вёску, яшчэ да размовы з Аляксандрам, сустракаем людзей у форме розных колераў, некалькі спецаўтамабіляў, квадрацыклы з абсталяваннем.

Даваць каментары пра ўчарашняе здарэнне людзі ў форме катэгарычна адмаўляюцца, адсылаюць да кіраўніцтва, якое «цяпер у штабе на палігоне». І настойліва просяць не фатаграфаваць ні іх, ні спецтэхніку.

Праход на палігон забаронены, пра што папярэджвае спецыяльная шыльда. А вось па вёсцы прайсціся ўжо можна.

«Пасля таго, як гэта ўсё здарылася, па вуліцы паехала машына з мігалкамі, у кожную хату людзі заходзілі, - працягвае Аляксандр. - Дзесьці ў сем вечара. Ужо цямнела. Сказалі нам усім збірацца хутка і ісці на аўтобусны прыпынак ля вёскі. Там аўтобус чакаў ужо. Хто мог, той сам ішоў. Зусім старых старшыня сельсавета вывозіў на сваёй машыне. За гадзіну недзе ўклаліся, усіх вывезлі адсюль. Вельмі хутка ўсё адбылося».

Жыхароў вёскі адвезлі начаваць у асіповіцкі гатэль. У вёсцы прапісана 50 чалавек, але вечарам 25 сакавіка на месцы апынулася 26 жыхароў. Усіх накармілі вячэрай, размясцілі ў нумарах з тэлевізарамі. Ля гатэля дзяжурыла «хуткая». Раніцай 26 сакавіка людзей на аўтобусе адвезлі дадому.

«Усе нам забяспечылі, усё добра арганізавалі, - распавядае суседка Аляксандра Таццяна. - Сёння раніцай ужо тут былі, дома. З гаспадаркі ў нас адзін сабака, то мы яму паспелі ежы пакінуць перад ад'ездам учора.

Ці было страшна? Ды не, вы што. У нас тут гэты палігон усё жыццё. І дэсант тут бывае, і самалёты, і знішчальнікі, і штурмавікі. Два гады таму тут і расейскія салдаты былі, і армяне. Страляюць сабе і страляюць.

Праўда, каб вось так ракета ляцела праз вёску, я не ўзгадаю. І каб адсялялі ўсіх, такога таксама не было».

Таццяна кажа, што жыве ў вёсцы ўжо больш за 20 гадоў. Прыехала з Сібіры, з Краснаярскага краю. Ад яе дома да палігона кіламетра паўтара. Можна нават убачыць назіральныя пабудовы. «Ракету», якая ляцела з-за лесу над вёскай, Таццяна бачыла на свае вочы. Дадае, што чула ад вяскоўцаў пра тры «ракеты», але сама бачыла толькі адну.

«Але не страшна ў нас тут, мы ўжо прывыклі, гэта ж палігон, - кажа Таццяна. - Тут, бывае, усю ноч нешта бахае. Так што нам нармальна. Праляцела і праляцела. Кампенсацыі нам не будуць даваць, відаць. І так пакармілі, сняданак далі. Прывезлі, адвезлі. Гатэль 27 рублёў каштуе, калі мы за свае грошы туды трапім, дорага. Мы не баімся ракет. І каронавіруса не баімся. Ён там недзе, у нас тут няма такога нічога».

Са слоў вяскоўцаў, салдаты ў форме прачэсвалі ваколіцы вёскі і пасля таго, як туды вярнуліся жыхары. Людзі ў форме хадзілі ланцугом па палях, ездзілі на квадрацыклах.

Ля чырвонай цаглянай фермы пасярод лугу знаходзім свежую варонку глыбінёй сантыметраў трыццаць. У ёй разварочаныя, месцамі абпаленыя вялікія камяні, некалькі пакамечаных металічных дэталяў са спецыфічным пахам.

Побач абпаленая сухая трава. Праз дзесяць хвілін пасля нас да варонкі пад'язджае зялёны «ўазік», з яго выходзяць два вайскоўцы. Машына хутка з'язджае, вайскоўцы застаюцца вартаваць прагледжанае намі месца.

«Радыё Свабода» звярнулася па каментар у Міністэрства абароны. Кіраўнік прэс-службы ведамства Уладзімір Макараў паведаміў, што ўся магчымая інфармацыя аб здарэнні каля вёскі Паплавы была размешчаная на сайце Міністэрства абароны 25 сакавіка (гаворка пра навіны аб пажары вайсковага аўтамабіля і двух пацярпелых салдат. - Заўвага.).

Удакладненні могуць з'явіцца там жа, калі будзе такая неабходнасць.

КАВАЛКІ МЕТАЛУ КАЛЯ ВАРОНКІ
Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках