27 красавiка 2024, Субота, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Вінаватых у ахвярах падчас эпідэміі ў Беларусі можна асудзіць паводле трох крымінальных артыкулаў

29
Леанід Судаленка: Вінаватых у ахвярах падчас эпідэміі ў Беларусі можна асудзіць паводле трох крымінальных артыкулаў

Перспектыва ў такіх пазоваў ёсць.

Сын памерлай ад каранавірусу жыхаркі Полацка Аляксандр Мацвееў запатрабаваў распачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі. Беларус, які жыве ў Францыі, падаў заяву ў Полацкі РУУС, ён паказаў на асабістую віну дыктатара, які не распачаў неабходных захадаў для абароны насельніцтва падчас эпідэміі COVID-19.

Сайт Charter97.org папрасіў юрыста, прававога інспектара незалежнага прафзвязу РЭП Леаніда Судаленку пракаментаваць гэтую сітуацыю.

– У Вас ёсць вялікі досвед вядзення справаў, пачатых беларусамі супраць уладаў. Як Вы ацэньваеце ініцыятыву сына памерлай палачанкі?

– Любы грамадзянін мае права падаваць заявы аб крымінальнай адказнасці кожнага, хто парушыў закон, у тым ліку і Лукашэнкі.

Што тычыцца гэтага канкрэтнага выпадку, то пры цяперашняй уладзе практычна немагчыма будзе дамагчыся распачынання крымінальнай справы менавіта ў Беларусі. На практыцы не толькі просты следчы, але нават і галоўны следчы краіны наўрад ці знойдзе поўны склад і здзяйсненне крымінальнага злачынства і распачне крымінальную справу паводле такой заявы.

А па-другое, нават калі ўявіць, што справа будзе распачатая, то ўзнікае пытанне: дзе і хто гэтую справу будзе разглядаць і выносіць у ёй пастанову? Нават калі гэта будзе Вярхоўны суд Беларусі, я сумняваюся, што ён вынесе прысуд. Як вы сабе ўяўляеце суд над тым, хто прызначае суддзяў найвышэйшай інстанцыі?

Усе мы разумеем, у палітычных справах у Беларусі сёння няма ні суда, ні следства...

– Аляксандр Мацвееў даўно жыве ў Францыі, дзе створаны прававы прэцэдэнт: людзі падавалі пазовы супраць уладаў за наўмыснае заражэнне каранавірусам падчас муніцыпальных выбараў. Ці могуць беларусы (спартоўцы, супрацоўнікі школаў і інш.) з гэтага прыкладу падаць пазовы супраць уладаў паводле факту наўмыснага заражэння каранавірусам?

– Увогуле, перспектыва такіх пазоваў, вядома ж, ёсць. Асабліва ў тых выпадках, калі чалавек інфікаваны ў санаторыі, або, скажам, у шпітальнай палаце.

Адна рэч, калі грамадзянін Беларусі падарожнічаў у Кітай або ў Італію, і зусім іншае, калі атрымаў небяспечную інфекцыю тут, на працоўным месцы. Калі факт наўмыснага заражэння будзе вызначаны, я гатовы і сёння брацца за такія справы і ісці ў суд.

– Раз у Беларусі няма незалежнага суда, ці можна падаць заяву супраць беларускіх уладаў і асабіста Лукашэнкі ў міжнародныя інстанцыі?

– Грамадзяне Беларусі пазбаўленыя права на зварот супраць сваёй краіны ў Еўрапейскі суд у правах чалавека з офісам у Страсбургу (Францыя). У гэтым плане ўлады пакуль не спяшаюцца ісці цывілізаваным шляхам. Адзіным даступным механізмам для нашых грамадзянаў з'яўляецца сістэма абароны правоў чалавека пад эгідай ААН, чым беларусы актыўна і карыстаюцца. Вось пры падачы скаргі, скажам, у Камітэт ААН у правах чалавека з офісам у Жэневе (Швэйцарыя) спасылка на прэцэдэнты з'яўляецца актуальнай. У тым ліку і на французскі прэцэдэнт, калі грамадзяне вінавацяць улады ў наўмысным заражэнні COVID-19 у ходзе правядзення муніцыпальных выбараў падчас эпідэміі.

Я асабіста бачу перспектыву ў разглядзе такой справы, у тым ліку і супраць беларускіх уладаў, у Камітэце ААН у правах чалавека. Калі чалавек звяртаецца ў суд, а яму адмаўляюць у пачатку справы з прычыны непадведамнасці, то наступны крок – гэта зварот у Камітэт ААН у Жэневе.

– Паводле якіх артыкулаў крымінальнага кодэксу Беларусі можна асудзіць улады і Лукашэнку асабіста за наўмыснае заражэнне грамадзянаў каранавірусам?

– У часы эпідэміі супраць дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку і Лукашэнкі, могуць быць ужытыя крымінальныя санкцыі паводле канкрэтных трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Гэта артыкулы за непрыманне захадаў для ратавання людзей, за непаведамленне інфармацыі пра небяспеку для жыцця людзей, а таксама за бяздзейнасць.

Артыкул 307 Крымінальнага кодэкса Беларусі вызначае адказнасць за непрыманне захадаў для ратавання людзей пры пагрозе або ва ўмовах стыхійнага бедства, катастрофы, аварыі, а таксама і ў іншых выпадках. Яна прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю (або без пазбаўлення).

Да «іншых выпадкаў», калі жыццю і здароўю людзей пагражае небяспека, Крымінальны кодэкс адносіць і біёлага-сацыяльныя надзвычайныя сітуацыі (эпідэміі).

Артыкул 308 Крымінальнага кодэкса Беларусі вызначае адказнасць для службовых асобаў за непаведамленне інфармацыі пра небяспеку для жыцця людзей. І гэты артыкул ужо прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю (або без пазбаўлення).

Артыкул 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі вызначае адказнасць за бяздзейнасць службовых асобаў.

Калі невыкананне службовай асобай сваіх абавязкаў вынікавала цяжкія наступствы або яно было дапушчанае чыноўнікам, які займае адказную пасаду, то гэты артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў са штрафам або без штрафу i з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках