26 красавiка 2024, Пятніца, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валанцёрка з Менска: Сэрца разрываецца, калі выходзіць загадчык лякарні, забірае дапамогу і плача

105
Валанцёрка з Менска: Сэрца разрываецца, калі выходзіць загадчык лякарні, забірае дапамогу і плача
ФОТА: KP.BY

Што цяпер на самай справе адбываецца ў лякарнях Менска.

Мянчанка Людміла Хмялькова – кіраўніца праекта «Разам ты не адзін», адна з многіх валанцёраў, якія цяпер дапамагаюць медыцынскім супрацоўнікам. Разам са сваёй камандай яна развозіць у сталічныя лякарні сродкі абароны і прадукты. Людміла расказала тэлеграм-каналу «Баста» пра сваю працу і пра тое, што цяпер адбываецца ва ўстановах аховы здароўя Менска:

– Мы ўжо гадоў 20 займаемся рознага кшталту дапамогай – маламаёмасным, інвалідам. Тыдні два таму звярнуліся знаёмыя лекары, якія працуюць у лякарнях Менску, расказалі пра складаную сітуацыю ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Мы пачалі збіраць дапамогу. Спачатку гэта была пітная вада, яе не хапала на той момант, потым дадаліся яшчэ ручнікі папяровыя, папера для прыбіральні, гелі для душа, шампуні, вадкае мыла. Гэта значыць, усё неабходнае.

Людзі, якія знаходзяцца ў ізаляваных памяшканнях, працуюць у закрытых на карантын шпіталях, жывуць там невылазна. Ім жа таксама трэба і мыцца, і, як і ўсім людзям, жыць. Нягледзячы на тое, што я чалавек маленькі, сувязі трошкі ёсць. Я падумала, што звярнуся па сваіх нейкіх каналах да бізнэсмэнаў. Папытала ў сяброў, ці змогуць яны аплачваць сродкі індывідуальнай абароны для лекараў. Яны сказалі, што так, калі знойдзеш, дзе можна набыць, то мы ў той самы дзень можам пералічыць грошы, адправіць фактуру або аплачваць паводле ведамасці. Я ў той самы дзень змагла атрымліваць гэтыя сродкі індывідуальнай абароны і адвозіць у медустановы.

Потым убачыла, што не спраўляюся, таму што з кожным днём колькасць загадчыкаў аддзяленняў і шараговых лекараў, якія звярнуўся да мяне, усё расла і расла.

– Вы развозіце прадукты і сродкі абароны па ўсім Менску?

– Так. Сёння мы развозім дапамогу ў 8 лякарняў у Менску і ў шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай у Бараўлянах. Цяпер ён перапрафіляваны для прыёму заражаных.

Там няма практычна нічога. Адзін касцюм на змену, і невылазна лекар праводзіць час у касцюме гэтым. Нічога там няма – ні масак, ні рэспіратараў, ні пальчатак! Нічога! Што можна, што магу я даставаць – развозім. Лекары для мяне значаць вельмі шмат, таму што яны неаднаразова мяне з таго свету даставалі...

– Колькі чалавек у вас у камандзе цяпер?

– Восем. Калі я зразумела, што не буду спраўляцца – размесціла інфармацыю ў сацсетках, што патрэбныя валанцёры. Спачатку мы прасілі людзей набыць тое, што неабходна лекарам, я кожную раніцу звязваюся з загадчыкамі аддзяленняў, з начмедамі, удакладняю. Валанцёры збіралі ўсё неабходнае, а я развозіла. Потым людзі, многія з якіх на самаізаляцыі, проста сталі пералічваць грошы на картку. Усе чэкі захоўваюцца, мы фатаграфуем іх, як і тое, што набываем. Кожнаму, хто пераводзіць грошы, я кожны дзень, хай гэта будзе нават 12-я гадзіна ночы, гэтыя фотасправаздачы адпраўляю. Таксама выкладаю ў сацсетках.

– Вы шмат гутарыце з медыкамі. Які іхні стан?

– Ведаеце, сэрца разрываецца, калі выходзіць загадчык лякарні, мужчына высокі, мажны, дапамогу, якую я прывезла, забірае і... Ён рэальна плача... Гэта так балюча глядзець...

Зразумейце, у мяне нават язык не паварочваецца спытаць, як там ідуць справы, таму што калі ў мяне загадчыца аддзялення просіць прывезці нават пену для галення, прабачце за падрабязнасці, пракладкі для лекарак-жанчынаў...

Яны там жывуць увесь час, начуюць. Як мне адзін лекар сказаў, дзве-тры гадзіны чаргой паспяць, устануць, апрануць касцюмы, калі няма новых – кварцуюць тыя, у якіх былі, і зноў працуюць. Я нават не пытаюся падрабязнасці, не да гэтага.

Даводзіцца нават нейкімі драбкамі дапамагаць. Рэспіратары знайшлі для 10-га шпіталя, 800 даставілі пазаўчора, у панядзелак яшчэ 1200 набудзе адзін бізнэсмэн. Маскі прадпрымальнік шые бясплатна. Знайшлі яшчэ фірму, якая таннейшая, таксама кожны дзень 100–200 штук робіць. Неяк так.

– Улады дапамагаюць лякарням?

– Ведаеце, я чалавек інтэлігентны, але з гэтай нагоды мне хочацца вылаяцца адборным матам. Гэта ўсё, што я магу сказаць. У мяне проста няма словаў. Проста няма словаў!

Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках