27 красавiка 2024, Субота, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар Аляксандр Лобан: У беларускіх шпіталях можа адбыцца калапс

39
Лекар Аляксандр Лобан: У беларускіх шпіталях можа адбыцца калапс
ФОТА: SB.BY

Найбліжэйшым часам магчымы масавы наплыў цяжкіх хворых COVID-19.

Лекар з Гародні Аляксандр Лобан, які 16 гадоў працаваў у Нідэрландах, першым з беларускіх медыкаў звярнуўся да ўладаў з заклікам увесці ў краіне карантын і закрыць межы. Сёння ён вядзе відэаблог пра сітуацыю з эпідэміяй каранавіруса ў Беларусі.

У інтэрв'ю Charter97.org Аляксандр Лобан распавёў, па якім шляху можа пайсці захворванне COVID-19.

- Вы першым з медыкаў у Беларусі заявілі, што беларускія ўлады пакідаюць адкрытымі вароты для каранавіруса, і цяпер працягваеце інфармаваць людзей аб рэальнай сітуацыі з інфекцыяй. Чаму вы надумалі выступаць c публічнымі заявамі?

- Гэта, вядома, высокія словы, але проста ў мяне ёсць паняцце сумлення і медычнага абавязку. Таму я і далей збіраюся працягваць выказваць сваё меркаванне.

Бо дакладнай статыстыкі ад Міністэрства аховы здароўя мы так і не пачуем, асабліва аб смяротнасці. Смяротныя зыходы будуць і далей выводзіцца з-пад дыягназу «каранавіруса».

Ніхто іншы, як сама намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан сказала на брыфінгу 9 красавіка: «Калі ў чалавека быў COVID-19, які мы элімінаваны з арганізма, і праз яго запусціліся працэсы хранічных хвароб - значыць, гэты чалавек памёр не ад каранавіруса» . Гэта моцна адрозніваецца ад агульнасусветнага падыходу, дзе мяркуюць, што менавіта каранавірус мог стаць прычынай абвастрэння спадарожных захворванняў, інакш чалавек бы спакойна жыў яшчэ шмат гадоў. Але ў нас, як зразумела з афіцыйных выказванняў, будзе «крэатыўны» падыход да статыстыкі.

Вядома, гэта жарт пра «крэатыўнасць»: напраўду - гэта проста ўпартасць і самадурства дыктатара. Гэты «вірус з вусамі» адказны за ўсё. Міністэрства аховы здароўя, я думаю, разумее, наколькі небяспечная сітуацыя, але ўсе маўчаць і дрыжаць за свае крэслы.

Паглядзіце, як на тым жа брыфінгу Богдан выкручвалася і не хацела даваць статыстыку пра хворых медыкаў. Яна нават пераходзіла на агрэсіўны тон. Усе чакаюць, што ім скажуць з вуліцы Карла Маркса.

- Вы без усялякіх сімптомаў былі шпіталізаваныя з падазрэннем на каранавірус. Раскажыце, як гэта было?

- У суботу, 21 сакавіка, я паставіў свой зварот да ўладаў на Youtube. У аўторак раніцай мне ўжо патэлефанавала загадчыца амбулаторыі.

Самае цікавае: я доўгі час жыў у Нідэрландах, вярнуўся толькі ў канцы 2019 года ў Беларусь. У гарадзенскай амбулаторыі няма ні маёй карткі, ні нейкіх кантактных звестак - я там наогул ніколі не быў. Але загадчыца мне патэлефанавала і сказала: да іх паступілі звесткі, што я вярнуўся з Нідэрландаў і мне трэба ўручыць памятку аб самаізаляцыі. Кажу: добра, няхай прыходзяць.

У прызначаны час быў званок у дзверы, там стаяла загадчыца ў ахоўным рыштунку, з торбачкай у руцэ і ўчастковы з відэарэгістратарам. Мабыць, ён прыйшоў зафіксаваць для гісторыі карцінку маёй шпіталізацыі.

Загадчыца сказала, што павінна мяне абследаваць і праверыла горла, якое, з ейных словах, «было чырвоным», хоць я ніякай болю не адчуваў. Узяла бескантактавы тэрмометр, навяла на лоб: «О, 37,1 - гэта паказанні для шпіталізацыі. У вас ёсць прыкметы каранавіруса».

Затым яны выклікалі «хуткую» і мяне павезлі ў інфекцыйную лякарню, дзе я правёў 7 дзён у адзіночным боксе. За гэты час у мяне ўзялі два аналізы на каранавірус. Абодва яны былі адмоўнымі.

Лекары, з якімі я размаўляў, не разумелі прычыны маёй шпіталізацыі. Калі я распавядаў, што гэта прычына не эпідэміялагічная, а ідэалагічная, казалі: «Не можа такога быць!». Але загадчыца сама сказала, што загад аб маёй шпіталізацыі прыйшоў да яе «зверху». Такіх, як я, тады прыляталі ў краіну сотні - і ніхто з іх не быў шпіталізаваны, а мне напісалі: «кантакт другога ўзроўню».

- З вашага ўражання, ці гатовыя беларускія лякарні да ўспышкі эпідэміі і значнага росту колькасці хворых?

- Паводле прагнозаў, пік захворвання будзе прыкладна ў канцы красавіка - пачатку траўня. Дарэчы, пра гэта заявіў і міністр аховы здароўя Каранік. Толькі ён сказаў гэта праз тыдзень пасля таго, як я падаў звесткі на аснове матэматычнага аналізу Паўла Скумса. Паводле ягонага прагнозу, у Беларусі ў канцы красавіка можа быць ад 700 да 4500 хворых за дзень.

Нагадаю, што 10 красавіка толькі афіцыйная «статыстыка» Міністэрства аховы здароўя налічыла 500 новых выпадкаў каранавіруса за дзень - а гэта ж далёка няпоўныя звесткі. Высокая імавернасць, што крывая захворвання можа пайсці ўверх па максімальным сцэнары, і хутка ў нас будуць гэтыя 4,5 тысячы хворых на дзень.

Што да гатоўнасці лякарняў... У Беларусі ёсць дастатковы ложкавы фонд: больш за 20 ложкаў інтэнсіўнай тэрапіі на 100 000 насельніцтва. Гэта радуе, але адна справа ложкі і апараты ШВЛ, а іншая справа - абароненасць лекараў. Апарат ШВЛ сам па сабе - проста жалязяка, якой умеюць карыстацца лекары-рэаніматолагі. Калі яны «выйдуць са строю», бо забяспечанасць лякарняў сродкамі аховы для лекараў далёка ў не самым лепшым стане, то хто будзе працаваць на гэтых апаратах? Ужо ходзіць жарт: сядзі дома, калі не хочаш, каб цябе потым інтубаваў гінеколаг.

- Гэта значыць, беларускія лекары найперш апынуліся пад ударам эпідэміі і можа атрымацца так, што хутка нас будзе няма каму лячыць?

- У гэтым няма нічога дзіўнага. Стаўленне да медыкаў і да самой эпідэміі каранавіруса ідзе з самага «верху».

У Еўропе ўлады ўвесь час кажуць пра тое, што трэба сядзець дома, уводзяць строгія карантынныя захады, штрафы. А у нас Лукашэнка зноў заяўляе, што «мы ўсе захварэлі на грып, а яго проста назвалі каранавірусам».

І гэта - толькі адно з выказванняў Лукашэнкі, якое ніколі б не дазволіў сабе нармальна выхаваны чалавек. У вас на сайце было меркаванне блогера аб тым, што ён павінен стаць на калені перад лекарамі... Напраўду стаць на калені Лукашэнка павінен не толькі перад медыкамі, а перад усім беларускім народам. Толькі не дачакаемся мы ад яго такога добраахвотнага жэсту, але прымусіць, можа быць, і можна - калі народ Народам стане.

У рэпартажах з той жа Паўднёвай Карэі добра відаць, як іх лекары абаронены - нічога падобнага ў пераважнай большасці беларускіх лякарняў няма. Магло б быць, але ўлады выдаткоўваюць грошы, напрыклад, на падрыхтоўкі вайсковых парадаў. Яны ставяць трыбуны, перакрываюць вуліцы, выкарыстоўваюць міліцыю. У кожным выпадку, гэта не маленькія грошы. Колькі на іх можна было б закупіць ахоўнага абсталявання для лекараў!

Пры масавым наплыве цяжкіх хворых COVID-19 у беларускіх шпіталях можа адбыцца калапс. Міністэрства аховы здароўя цяпер «надзімае шчокі» і кажа, што «ўсё пад кантролем». Але гэта далёка не так.

Для мяне найбольш небяспечны і імаверны варыянт развіцця падзей такі: можа ставаць ложкаў і апаратаў ШВЛ, але працаваць на іх не будзе каму, таму што тыя, хто цяпер на першай лініі, не абароненыя на столькі, на колькі гэта патрэбна.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках