26 красавiка 2024, Пятніца, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Часам у справу ўступае бульдозер

7
Часам у справу ўступае бульдозер
Владимир Халип

Не ўсе хваробы лечацца трактарам.

Краіна затрымалася безнадзейна паміж суботнікам і вялікім парадам. На ўсіх тэлеканалах грукочуць пераможна ўрачыстыя рапарты. Ашаломленаму электарату сняцца дзіўныя сны. Лютуе каранавірус. Толькі краіна – ні з месца. Нейкая неадольная калдобіна. Правал. Быццам грузавічок з левым таварам і дрэнным шафёрам забуксаваў на безнадзейнай бездаражы. А ў такім выпадку найлепшы спосаб развязання ўсіх праблемаў – бервяно. Тое самае, сакральнае. На ўсе выпадкі жыцця і на ўсе часы.

Сумнеўнага кшталту правадыры проста любяць прадзірацца ў гісторыю з чорнага ходу. І абавязкова з бервяном. З ім неяк надзейней. А дзе ў нас бервяно? Ды ўсё там жа, на суботніку. Як ні круці, а гэтае эпахальнае пачынанне з цягам часу сутнасці сваёй не мяняе. І пакуль любоў да бясплатнай працы жывая, застаецца ленінскім. Вось і ў мінулую суботу найбліжэйшая паплечніца кіраўніка на рубяжах чарговага працоўнага подзвігу спрабавала пераканаць мясцовых журналістаў, што гэта ў нас традыцыя такая і ўвогуле частка беларускай гісторыі. Але выйшла неяк вельмі ўжо нягегла.

Ды і працоўны парыў быў нейкі дзіўны і выпадковы. Высокапастаўленая брыгада раптам выйшла саджаць не што-небудзь, а менавіта тую. І чамусьці абавязкова на газонах блізу гатэля «Пекін». Калі б яе абслуга ведала, якога ўзроўню працаўнікі замануліся акультурыць наваколлі гэтага прыбытковага дому, магчыма, зладзілі б у адказ хоць бы феерверк.

Бо з гэтага часу ў камандзіраваных у гэты край кітайцаў будзе ўнікальная магчымасць проста са сваіх спальных месцаў любавацца не проста нейкай туяй, а туяй туяў, пасаджанай службовымі асобамі, набліжанымі да асобы высокай. Прытым паўстала гэтая раптоўная опцыя ў самы разгар жорсткай пандэміі. А працавалі земляробы-добраахвотнікі самааддана, без панікі і страху. І ніхто ж пра гэты сціплы подзвіг ведаць не будзе. Усё было пададзена сціпла і карэктна, як працоўны парыў народных масаў. Крыўдна нават!

А няма чаго было хітраваць. Суботнік – гэта ўсё тое бервяно. І абавязкова ленінскае, хто б і куды яго ні валок. Першая прыкмета дрымучай савецкай архаікі, выразны сімвал масавага прарыву ўсё тых жа няўрымслівых кухарак ва ўладу. Суботнік – з'ява ўнікальная, усенародная, з вядомым загадзя фіналам. І калі нейкі чыноўнік у гэты натхнёны дзень на сваім працоўным месцы кіруе стваральным парывам падначаленых або сарамліва сее траўку на лужку перад нечыім неапазнаным офісам, у выніку абавязкова атрымаецца бервяно. А інакш які сэнс у падобных ініцыятывах?

Вычварны сюжэт суботніка часоў каранавірусу развіваўся вычварна і неўтаймоўна. Эпіцэнтр цяперашняга вясновага ўзбуджэння цвёрда зрушыўся ў паўднёвым кірунку. З прычынаў аб'ектыўных. У Сочы не клічуць, у эміраты не пускаюць, а да братоў афрыканскіх совацца цяпер надта небяспечна. А таму гэтым разам для рэалізацыі працоўных намераў быў абраны запаведнік на Прыпяці. Са сціплай хаткай для адпачынку, якая апынулася да таго ж нядрэнным маёнткам пана далёка не дробнага кшталту.

Там падступны караед сапсаваў строга ахоўны ельнік. Вось і пастноўлена было ў гэтае радаснае свята працы папоўніць страты. Тэлевізія разгарнула ўзрушальную панараму гэтай эпахальнай падзеі. Натуральна, у цэнтры ўвагі – знаўца ўсіх навук, мастацтваў і рамёстваў, а цяпер яшчэ і лесавод. Спрабуе нязграбна саджаць нешта дробнае ды хваёвае. Два пластыкавыя кошыкі на рамянях. У адным – той самы пасадачны матэрыял. А ў іншым матлялася нешта белае і няўрымслівае. Ды гэта сабачка і да таго ж шпіц!..

Тэлегледачы ўзрушаныя і ашаломленыя. Зразумелая справа, што да выбараў лепяць новы вобраз нязменнага кіраўніка. Традыцыйна суровы, але збольшага і сентыментальны. Але прычым тут усім вядомая дама з сабачкам і яе шпіц? А дзе ж тады козкі, «беленькія-беленькія, як халаты»? Чаму не кракадзіл або бегемот – было б экзатычна і вельмі эфектна. Аднак выбары ўжо не за гарамі. І прастора для манеўру скарачаецца няўмольна.

Наўрад ці ў некага яшчэ засталіся сумненні ў тым, які кірунак абярэ гэтая ўлада, калі скончыцца пандэмія. І ўвогуле, ці зможа краіна стрэсці з сябе раптоўнае насланнё. А можа быць, яна і не захрасала ні на якіх ростанях. А проста задумалася на імгненне: як жыць, калі наперадзе ўсё той парад, усё тыя выбары, усё той іх драздоўскі рахунак і ўсё тая сумнеўная кампанія, у поўную залежнасць ад якой яна некалі патрапіла. Ды яшчэ непрадказальнае бедства ў прыдачу. Дык ці варта пры такіх жудасных абставінах ладзіць татальнае адраджэнне старой традыцыі з пераносам крамлёўскіх цяжараў і пасадкай туі?

Ужо на наступны дзень руплівы захавальнік савецкай спадчыны ўсе сумневы на гэты конт катэгарычна аспрэчыў. «Суботнік – гэта, мяркую, тое добрае, што мы ўзялі з таго (савецкага) мінулага. Вось і ўся ідэалогія. Мы памятаем колішняе, шануем сваю гісторыю, бярэм найлепшае і актывізуем на фоне сённяшніх падзей».

Аднак фон гэты – горш няма куды. І «актывізаваць» варта было б у тэрміновым парадку нешта зусім іншае. Паколькі нават старанна прасеяная і старанна загладжаная афіцыйная статыстыка проста жахае. Дынаміка сведчыць, што абяцаны Міністэрствам аховы здароўя пік эпідэміі ў канцы красавіка ці пачатку траўня – добры намер. Ці такі загад нястомнага змагара з панікай і псіхозам. Рэальнасць зусім іншая. Яшчэ месяц таму Міністэрству аховы здароўя дазволена было абвесціць пра краіну, што каранавірус дабраўся і ў нашу забароненую для яго зону. Але ўжо 26 красавіка захварэлых было 10463. Усяго толькі за дзень рэкордная колькасць – 873 хворых з пацверджаным дыягназам.

Самы час шпацыраваць у палескіх запаведніках са шпіцам. Апавядаць мясцовым жыхарам дабратворныя казкі пра тое, як радасна жыць у Нароўлі і Брагіне. Пераконваць усіх, што пік эпідэміі амаль пройдзены. І аддавацца старэчым марам пра тое, як персанальна пасаджаны парастак ператворыцца з часам у паўнавартаснае бервяно, ужо цалкам гатовае на экспарт.

Калі Савецкі Саюз сыходзіў у заслужаную пустэчу, крыкуны і захавальнікі гэтай жалезабетоннай сістэмы, пакідаючы сцэну, усё ж паспелі падзяліць яго немалую ўласнасць. Заадно і ашчаджэнні грамадзянаў прыхапіць не забылі. І ў здольнасцях цяперашняй улады сумнявацца не варта. Пакуль застаецца туманным хіба толькі лёс улюбёнага бервяна вертыкалі. Ці паспеюць, сыходзячы, распілаваць і яго, ці паспрабуюць штурхнуць выпадковым барыгам у выглядзе звычайнага кругляка?

Пачвара ўсё яшчэ “обла, озорна, стозевна”. Аднак цярпенне нават такой маўклівай краіны скончыцца можа раптоўна. Не ўсе хваробы лечацца трактарам. Часам у справу ўступае бульдозер.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках