26 красавiка 2024, Пятніца, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар Аляксандр Лобан: Беларускіх медыкаў кідаюць на перадавую, як гарматнае мяса

42
Лекар Аляксандр Лобан: Беларускіх медыкаў кідаюць на перадавую, як гарматнае мяса
АЛЯКСАНДР ЛОБАН
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Шмат у якіх шпіталях ужо надыходзіць калапс.

Журналісты пачалі збіраць гісторыі пра лекараў, медработнікаў і медсясцёр, якія загінулі ў гэтым годзе, ратуючы беларусаў ад COVID-19. Аднак пра тое, колькі медыкаў напраўду стала ахвярамі каранавіруса - можна толькі здагадвацца.

Лекар Аляксандр Лобан пракаментаваў для сайта Charter97.org становішча беларускіх лекараў падчас пандэміі і параўнаў стаўленне да іх у нашай краіне і ў Нідэрландах, дзе ён працаваў у медыцынскай сферы.

- З чым вы можаце параўнаць штодзённую рызыку беларускіх лекараў падчас пандэміі каранавіруса?

- Напэўна, тых лекараў, якія цяпер непасрэдна працуюць з хворымі на каранавірус, можна параўнаць з жаўнерамі, якія змагаюцца, але не маюць пры гэтым ні касак, ні бронекамізэлек. Нашы медыкі падстаўляюць сваё жыццё і здароўе пад рызыку. Магчыма, у большых лякарнях ёсць сродкі абароны, але не ў кожнай раённай лякарні іх дастаткова. Наколькі я чуў ад калег, у некаторых рэспіратараў нават няма, а проста маскі. Надзелі і наперад.

- Журналісты пачалі ствараць «Спіс Памяці» памерлых падчас эпідэміі беларускіх медыкаў. Колькі ў такім спісе можа быць чалавек?

- Падтрымліваю ініцыятыву, але мне здаецца, што больш патрэбнай рэччу было б весці раўналежную статыстыку памерлых агулам. Няхай яна будзе прыблізнай, частковай, але яна дала б больш-менш зразумелую карціну таго, што адбываецца ў Беларусі.

Не трэба паўтараць лічбы Міністэрства аховы здароўя з прыпіскай «магчыма, іх больш». Гэта толькі ўводзіць людзей у зман. Не трэба паўтараць іх статыстыку. Беларусы чытаюць, што «памерла 84 чалавекі» і гэтыя лічбы ў іх адкладаюцца ў галаве. Калі афіцыйныя лічбы захворвання яшчэ могуць быць падобныя да рэальнасці, то смяротнасці абсалютна не.

Добра, што складаецца спіс памерлых медыкаў, гэта даніна памяці людзям. Аднак нашмат важней сёння ўявіць, колькі людзей маглі памерці ад каранавіруса ў нашай краіне.

- Чаму «Cпіс памяці» - гэта не дзяржаўная, а грамадская ініцыятыва?

- Гэта зразумела ўжо ўсім. Аддадзены загад, што ў Беларусі «ніхто ад каранавіруса не памрэ». Загад выконваецца. Усе гэтыя «пнеўманіі невыяўленыя» не трапляюць пад статыстыку.

- Вы 16 гадоў прапрацавалі ў Нідэрландах, дзе працавалі ў медыцынскай сферы. Чым адрозніваецца стаўленне ўладаў да лекараў там і ў нас?

- Лекар або медсястра ў Нідэрландах - гэта паважаныя людзі, матэрыяльнае становішча якіх непараўнальна лепшае. Іх не будуць кідаць у бой, як гарматнае мяса. Вядома, нават там могуць быць нейкія перабоі. Асабліва гэта адчувалася ў першы час, калі там былі праблемы са сродкамі аховы. Дзяржава тады зрабіла ўсё, каб гэты дэфіцыт сродкаў індывідуальнай аховы ліквідаваць або зменшыць.

У нас жа па БТ кажуць, што сродкаў індывідуальнай аховы ў Беларусі ў лішку, разглядаецца пытанне іх пастаўкі на экспарт. У мяне проста адвісла сківіца і больш я нічога не мог сказаць. Параўноўваць нашы краіны проста немагчыма.

Акрамя таго, у Нідэрландах зусім іншае стаўленне саміх лекараў да праблемы. Там нават людзі, якія былі на пенсіі або з іншых прычынах адышлі ад медыцынскай дзейнасці, добраахвотна вярнуліся на працу.

У Беларусі я чую, што шмат лекараў, імкнуцца сысці ў адпачынак за свой кошт. Не магу гэта асуджаць. Іх кідаюць на перадавую замест таго, каб абараніць, а ў кожнага ёсць сваё жыццё, сям'я, дзеці, якіх яны могуць потым заразіць.

Таму дачыненне да медыцыны і да прадстаўнікоў медыцыны зусім рознае. У Беларусі - гэта сфера абслугоўвання, «ты мне павінен усё, я табе - нічога». Думаю, што хваля павагі да медыкаў пройдзе пасля пандэміі каранавіруса. У людзей вельмі кароткая памяць, на жаль.

Успомніце нават словы Лукашэнкі, які абражаў беларускіх лекараў. Калі б такое казаў нейкі дзядзька з калгасу, гэта можна было б прапусціць, але гэта кажа чалавек, які называе сябе кіраўніком дзяржавы. Вядома, гэта зневажальна і па-хамску.

- Вы казалі, што беларускія лякарні можа чакаць калапс. Ці пацвярджае дынаміка эпідэміі вашыя прагнозы?

- Магу меркаваць з незалежных СМІ. Відавочна, Віцебск і Менск перапоўненыя хворымі з пнеўманіямі, лекары працуюць як чорныя валы, сродкаў аховы не стае. Дастаткова пачытаць, што кажа загадчык аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі. Гэта дае вельмі добрую карціну таго, што адбываецца. Ёсць таксама мноства відэа, дзе лекары з іншых Віцебскіх лякарняў распавядаюць аб сітуацыі ў горадзе. На падставе гэтага можна меркаваць, што ні Міністэрства аховы здароўя, ні Лукашэнка не чакалі такога развіцця падзей і наплыву пацыентаў. А павінны былі чакаць!

На жаль, у нас улада належыць аднаму чалавеку, а ўсе астатнія баяцца нават варушэння яго вуса. Пакуль ёсць Лукашэнка - дынаміка каранавіруса будзе расці.

Калапс надыходзіць там, дзе цяпер шмат хто заразіўся каранавірусам - Віцебск і раёны Віцебскай вобласці, Менск, Стоўбцы. Думаю, што не за гарамі той час, калі такая сітуацыя паўстане і ў многіх іншых гарадах. Дзякуй Богу, у маёй Гародні спакайней.

Аднак гэта не значыць, што нічога не адбудзецца. Усё толькі пачынаецца. У кагосьці дзеці захварэлі каранавірусам, настаўнікі пераведзены ў рэжым самаізаляцыі і так амаль усюды. Паўтарэнне віцебскай праблемы - пытанне некалькіх дзён.

Беларускія ўлады не прымуць ніякіх захадаў, пакуль Лукашэнка сядзіць у сваёй «рэзідэнцыі». Ён пакладзе паўкраіны, але працягне гнуць сваю лінію. Лукашэнка не ўмее прызнаваць сваіх памылак.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках