26 красавiка 2024, Пятніца, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ратуйце народ Беларусі!

7
Ратуйце народ Беларусі!
АЛЕСЬ КРУТКІН

Блогер Алесь Круткін звярнуўся з заклікам да суграмадзянаў падчас эпідэміі COVID-19.

Вядомы відэаблогер і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алесь Круткін у сваім новым выпуску заклікаў беларусаў не выходзіць на вуліцу без неабходнасці, а ўсіх, хто можа паўплываць на сітуацыю, – выратаваць беларускі народ, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».

«Цяпер самы цяжкі час у гісторыі нашай з вамі мілай Беларусі з часоў Чарнобыльскай трагедыі, – кажа актывіст. – Інфармацыя да нас – незалежных блогераў, а таксама ў рэдакцыі СМІ і тэлеграм-каналаў паступае з усёй краіны.

Менск, Віцебск, Аршанскі раён, Полацак, раён Капыля і Клецка, Гомель, Лельчыцы – галоўныя агмені эпідэміі на сёння. Але ёсць усе падставы меркаваць, што да заўтрашняй раніцы іх стане ўдвая больш.

Толькі за апошнюю гадзіну мы атрымалі інфармацыю пра некалькі новых агменяў захворвання ў менскіх мікрараёнах Малінаўка, Паўднёвы Захад, Курасоўшчына. Забіраюць людзей са студэнцкага гарадка БДУ. Віцебск – тэхналагічны і медыцынскі ўніверсітэты – пацверджаныя выпадкі ў выкладнікаў і студэнтаў. Няма месца ў шпіталях абласнога цэнтра, пацыентаў адпраўляюць у іншыя гарады.

Я рэгулярна чытаю і гляджу відэа са зваротамі жыхароў італьянскай Ламбардыі, амерыканскай Каліфорніі. Гэта не проста словы, гэта ж крык пра дапамогу, папярэджанне ўсім нам – тым, хто яшчэ не зразумеў, наколькі ўсё сур'ёзна. Лякарні перапоўненыя, моргі перапоўненыя. Лекары са слязамі вымушаныя рабіць найцяжэйшы выбар – ратаваць 40-гадовага або 50-гадовага.

«У нас на паверсе малады мужчына, пацыент 30 гадоў, тэст пазітыўны на вірус. Плакаў учора наўзрыд. Ягоны брат у рэанімацыі, такога ж узросту, мама ў рэанімацыі. Паведамілі, што будуць адключаць ад апаратаў брата, калі ён як прадстаўнік згодны, бо ён ужо не выжыве», – расказвае лекар з Лос-Анжэлеса.

Сітуацыя ў многіх раёнах Беларусі ўжо катастрафічная, а пік яшчэ не наступіў. Усё толькі пачынаецца. Хутка ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы будзе гуманітарная катастрофа. У Менску ўжо вызваляюць месцы для хворых у анкалагічным дыспансеры. Што гэта значыць? Тое, што іншыя лякарні ўжо занятыя пад хворых на «пнеўманію», як дзень таму ўжо было ў Віцебску. Мы, блогеры, не можам фізічна прымусіць улады ўвесці карантын. Але мы просім вас, родныя, прачніцеся! Перастаньце наведваць месцы масавага збору людзей. Сядзіце пры магчымасці дома. Калі ласка!

Вайскоўцы, спыніце набор, абмяжуйце кантакты ў вайсковых частках. Кіраўнікі папраўчых установаў, увядзіце карантын у калоніях і турмах. Рэктары ВНУ, адпраўце студэнтаў дадому.

Усе, хто можа паўплываць на сітуацыю, выратуйце беларускі народ, каб не давялося гэта рабіць камусьці звонку.

Сябры, набудзьце прадукты хоць бы на тыдзень і заставайцеся дома. Тады ў вас будзе шанец».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках