26 красавiка 2024, Пятніца, 20:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рана - чакайце»: як 36-гадовы жыхар Ліды памёр ад каранавіруса

36
«Рана - чакайце»: як 36-гадовы жыхар Ліды памёр ад каранавіруса
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: SVABODA.ORG (RFE / RL)
ПАХАВННЕ АДНОЙ З АХВЯРАЎ КАРАНАВІРУСА Ў СТОЎБЦАХ, 23 КРАСАВІКА 2020 Г

У яго засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў.

«Адкрываць [труну] нельга было, таму што ён нават не апрануты. Ён у пакеце», - жонка Леаніда Мількоўскага з Ліды плача ў слухаўку. Хвароба ў мужа пачыналася як прастуда. Праз тры тыдні ён памёр. Паводле дакументаў, прычына смерці - COVID-19, піша «Радыё Свабода».

Леаніду Мількоўскаму было 36. У яго засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў. Працаваў эканамістам у невялікай фірме. У Лідзе ходзяць пагалоскі, што памёр таксіст, але з гэтай сферы Леанід даўно сышоў.

Дзе ён мог падчапіць каранавірус, родныя дакладна не ведаюць. Жонка падазрае, што гэта магло здарыцца ўжо ў шпіталі. Толькі трэці тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік.

Па словах сваякоў, станоўчы вынік даў толькі трэці тэст на каранавірус

«Няма нармальнай ізаляцыі людзей. Усе перамяшаныя. Хворыя ляжаць са здаровымі. Ніхто нічога не ведае. Тэсты робяць кепска, не робяць своечасова... Там усё мяшана-перамяшана», — кажа Вольга Мількоўская.

На момант выхаду публікацыі атрымаць каментар у адміністрацыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы нам не ўдалося.

Вольга па перапісцы з мужам дакладна аднаўляе падзеі апошніх трох тыдняў. Упершыню Леаніду стала кепска 19 красавіка, у нядзелю. Тэмпература паднялася трохі за 37 градусаў, крыху кашляў. 20 красавіка ў паліклініцы яму праз прастуду адкрылі бальнічны і накіравалі дахаты.

23 красавіка Леаніду трэба было ісці ў паліклініку на прыём. Тэмпература паднялася да 38 градусаў. Тэрапеўт прыйшла дадому, прызначыла мацнейшы антыбіётык і сказала прыйсці на наступны дзень у паліклініку працягнуць бальнічны ў загадчыка.

24 красавіка здымак выявіў пнеўманію. У той жа дзень Леаніда паклалі ў лідскі шпіталь, у інфекцыйнае аддзяленне. Узялі тэст на каранавірус.

На выходных толькі раз на дзень ставілі кропельніцы па 5 хвілін.

27 красавіка, па словах жонкі, да яго першы раз прыйшоў лекар. Увечары яго «паклалі пад кісларод» — не пад апарат ШВЛ, а лягчэйшы варыянт.

28 красавіка зайшоў дзяжурны лекар, супакоіў, што «так бывае» і «ўсё будзе добра».

29 красавіка прыйшоў першы адмоўны тэст на каранавірус. Стан пагоршыўся, стаў падаць кісларод у крыві. Мужчыну перавялі ў лідскую радзільню, якая цяпер часткова перапрафіляваная пад прыём ковідных пацыентаў.

«А 10:20 ён мне напісаў, што яго пераводзяць у раддом. Да 11:50 ён сядзеў, чакаў хуткую, пакуль яго перавязуць. Кепска яму было, кісларод падаў... Ехаў на заднім крэсле хуткай дапамогі», — плача Вольга.

А 13:23 29 красавіка Леаніда перавялі ў рэанімацыю, па хвілінах аднаўляе карціну хваробы жонка.

Амаль тыдзень мужчына ляжаў у рэанімацыі, яго ўвялі ў штучную кому. Сувязі са сваякамі ўжо не было.

3 траўня прыйшоў станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

Паводле заключэньня аб сьмерці, асноўная прычына сьмерці — каранавірусная інфэкцыя COVID-19

Наколькі ведаюць сваякі, пераліванне крыві мужу да апошняга не рабілі. Замовілі плазму з антыцеламі толькі за дзень да смерці, калі пайшла адмоўная дынаміка, упаў ціск у лёгкіх. Як лекары казалі сваякам, пераліванне рабілі ў ноч перад смерцю.

«Сказалі, што ў апошні дзень нібыта спрабавалі. Мы ім казалі штодня. А яны ўсё: Рана — чакайце, рана — чакайце, рана — чакайце», — плача Вольга.

Уначы 7 траўня Леанід памёр.

«Дзяцей любіў. Колькі мы разам жывём, ніколі мне слова кепскага не сказаў. Заўсёды поплеч. Такіх мужоў пашукаць. Не піў, не курыў. Нават не памятаю, каб калі на яго злавалася», — расказвае Вольга.

«Ён сябе адчуваў добра», — апісвае агульны стан мужа падчас хваробы да рэанімацыі жонка.

Мужчына быў здаровы, да лекараў не звяртаўся, толькі зубы лячыў, меў пустую медычную картку.

«Мне здаецца, гэта ўпусціла інфэкцыя [інфэкцыйнае аддзяленне шпіталя] адразу, ніхто не прыходзіў. Чаму, калі яго ў шпіталь прывезлі, ніякіх лекараў не паклікалі? Медсёстры прыходзілі, кропельніцу паставілі. Пыталіся, што ўкалолі. — «Для здароўя», — расказвае Вольга.

«Чаму ніякіх лекараў не паклікалі?». Ілюстрацыйнае фота

Сваякі былі гатовыя купіць і прывезці патрэбныя лекі, аднак у шпіталі ім не казалі, што трэба.

Тэмпература ў Леаніда за ўвесь гэты час, наколькі ведае жонка, падымалася не вышэй за 38,8. Да рэанімацыі ён верыў, што неўзабаве ачуняе. Калі перавялі ў радзільню, стала лягчэй.

«Ну што ў нас «інфекцыя» [інфекцыйнае аддзяленне шпіталя]? Будынак стары, палаты малыя, вокны страшныя. Там ні дыхаць, нічога немагчыма. А ў раддоме, кажа, яму і дыхаць лягчэй было. Там паветра іншае, вокны адчыніць можна было. Я і падумаць не магла, што так будзе», — словы суразмоўніцы ўвесь час перарывае плач.

Колькасць ковідных пацыентаў, са слоў мужа, Вольга акрэслівае як «шмат» і «усё закладзена».

Кватэру і пад’езд, дзе жыве сям’я, апрацавала санстанцыя. У жонкі і дзяцей узялі тэсты. Праўда, адразу на малодшага тэст не ўзялі, нібыта не запісалі яго ў спісы. Па выніку ні ў кога інфекцыі не знайшлі.

«Далі паперкі падпісаць, што мы сядзім дома. Мне і дочкам да 7 чысла, сыну — да 8 чысла. Для чаго гэта? Навошта?», — не разумее Вольга.

8 траўня Леаніда пахавалі. Перад гэтым вазілі ў Горадню на ўскрыццё.

На разьвітаньне прыйшло шмат людзей. Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на небяспечны дыягназ, на пахаванне прыехала шмат людзей. Не пабаяліся ні далёкія сваякі, ні сябры. У рытуальным бюро сказалі пра захады бяспекі. Міліцыя не суправаджала пахаванне і не кантралявала, ці выконваюцца захады бяспекі. Вольга кажа, што кожны сам адказна паставіўся да гэтага.

«Адчыняць нельга было, бо ён нават не апрануты. Ён у пакеце», — успамінае з плачам Вольга.

Падчас паніхіды людзі маліліся ў касцёле, а труна стаяла на вуліцы.

Цяпер штодня жонка езьдзіць на могілкі. Збіраецца з сіламі, каб завезці туды дзяцей. Найцяжэй старэйшаму, 10-гадоваму сыну. Як даведаўся пра смерць таты, крычаў на ўвесь дом, клікаў яго.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках