26 красавiка 2024, Пятніца, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Baltic Pipe вызначана нясе пагрозу для Расеі і «Газпрома»

12
Экспэрт: Baltic Pipe вызначана нясе пагрозу для Расеі і «Газпрома»

Чым абернецца для РФ скасаванне Польшчай Ямальскага кантракту.

У мінулую нядзелю, 17 траўня, праз 25 гадоў скончыўся тэрмін дзеяння нявыгаднага для Польшчы Ямальскага кантракту на пастаўкі расейскага газу, з прычыны якога Варшава панесла шматмільярдныя страты. Праз заканчэнне гэтай дамовы Польшча аднавіла кантроль над сваім участкам Ямальскага газаправода і цяпер можа выкарыстоўваць яго ў адпаведнасці са сваімі эканамічнымі інтарэсамі і рэгуляваць кошты на транзіт газу на аснове аўкцыёнаў. Якое значэнне гэта будзе мець для энэргетычнай незалежнасці Польшчы, і як гэта адаб'ецца на расстаноўцы сіл на газавым рынку Еўропы, у эфіры Польскага Радыё распавёў намеснік галоўнага рэдактара выдання energetyka24.com Якуб Вех.

- Што на практыцы азначае завяршэнне тэрміну дзеяння Ямальскай дамовы?

- Гэта азначае, што цяпер транзіт газу па Ямальскаму газаправодзе будзе ажыццяўляцца на рыначных умовах - аб'ём газу, які будзе па ім праходзіць, і адпаведныя даходы будуць ўсталёўвацца шляхам правядзення аўкцыёнаў. Гаворка ідзе аб скасаванні кантракту паміж Польшчай і Расеяй, на ўмовы якога не магла паўплываць нават Еўрапейская камісія, хоць ёю былі зроблены адпаведныя спробы блізу 10 гадоў таму. Цяпер мы пераходзім на рынкавы рэжым. Насуперак інфармацыі, якая паступае з Расеі, гэта не азначае, што пастаўкі газу ў Польшчу аказаліся пад пагрозай, або што Польшча мае намер канфіскаваць расейскі газаправод. Не. Гэта толькі імкненне да празрыстасці прынцыпаў абслугоўвання гэтага газаправода і іх уніфікацыі з прынцыпамі, якія дзейнічаюць у іншых краінах Еўрапейскага звязу.

- Пяройдзем ад Ямалськага газаправода да газаправода Baltic Pipe, будаўніцтва якога павінна вось-вось пачацца. Ці можна казаць пра тое, што гэты новы газавы маршрут нясе пагрозу для Расеі?

- Газаправод Baltic Pipe закліканы адкрыць краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы доступ да газу, які б паходзіў не з Расеі. Ён вызначана нясе пагрозу для Расеі і «Газпрома», між іншым, з таго пункту гледжання, што газ з нарвежскіх радовішчаў, які будзе па ім паступаць у Польшчу, будзе канкураваць з расейскім. Такім чынам Baltic Pipe істотна абмяжуе колькасць расейскага газу ў Польшчы і суседніх краінах. Рэалізацыя гэтага праекта можа стаць сапраўдным пераломным момантам, бо ён адкрые непасрэдны канал паставак нарвежскага газу ў рэгіён. Варта адзначыць, што Нарвегія з'яўляецца другім па велічыні пастаўшчыком газу ў ЕЗ пасля Расеі. Можна сказаць, што такім чынам Польшча асвоіць цэлы сектар газавага рынку ў цэнтры Еўропы. У нас ужо ёсць тэрмінал звадкаванага газу ў Свінавуйсці, адкуль мы транспартуем далей сыравіну з ЗША і Катара. Гэты тэрмінал актыўна пашыраецца. Неўзабаве будзе пабудаваны яшчэ адзін такі вузел, які забяспечыць нам дадатковыя аб'ёмы блакітнага паліва. Baltic Pipe як пастаянны газаправод мае велізарнае значэнне для польскага рынку, але таксама для ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая будзе падключаная да Польшчы ў рамках ініцыятывы «Трохмор’я». Гэта знізіць цэны і за кошт канкурэнцыі зробіць сітуацыю больш рынкавай, так што Расеі будзе нялёгка навязаць сваю цану спажыўцам у рэгіёне. Гэта таксама зробіць немагчымым прымяненне газавага шантажу, то бок палітычнай зброі, якой актыўна карыстаецца Расея, выкарыстоўваючы для гэтага сваю энэргетычную сыравіну.

- Як на перспектыву будаўніцтва Baltic Pipe рэагуе «Газпром»?

- У «Газпрома» цяпер вельмі шмат праблем, калі казаць пра продажы сваёй сыравіны, і Baltic Pipe з'яўляецца адной з іх. Зусім нядаўна расейскі канцэрн прайграў у Стакгольмскім судзе польскаму PGNiG, які дзякуючы гэтаму дамогся змены цэнавай формулы, на падставе якой расейскі газ прадаецца ў Польшчы, а таксама кампенсацыі пераплачаных раней сродкаў сумаю 6 млрд злотых (больш за 1,3 млрд еўраў). З рук «Газпрома» таксама выслізнула Украіна, якая пачала закупляць газ на еўрапейскім рынку. Гэта той жа расейскі газ, але ён ужо купляецца па зусім іншых коштах. Нядаўна Кіеў таксама паведаміў, што, магчыма, неўзабаве ва Украіну будуць пастаўленыя вялікія аб'ёмы амерыканскага звадкаванага газу, які даставіць Польшча. Сваю справу таксама зрабіў каранавірус, які абмежаваў попыт на выкапень паліва ва ўсім свеце. З Нямеччыны ўжо паступаюць сігналы, што, магчыма, ужо ў жніўні «Газпрому» давядзецца скараціць пастаўкі газу ў гэтую краіну з прычыны перапоўненых там запасаў сыравіны. Гэта таксама адаб'ецца на гандлёвым балансе расейскага канцэрну. Такім чынам вымалёўваецца цэлая мазаіка розных праблем для «Газпрома». Baltic Pipe, магчыма, не самая вялікая з іх, але гэты газаправод цалкам сабе можа стаць бяльмом на воку расейцаў, якія хацелі б манапалізаваць як мага больш рынкаў у Еўропе.

- Да ўжо сказанага можна дадаць яшчэ адну праблему, з якой можа сутыкнуцца «Газпром». На днях амерыканскі сенатар Тэд Круз прыстрашыў Расеі новымі санкцыямі ў выпадку, калі Nord Stream II будзе ўсё ж такі дабудаваны. Давайце нагадаем нашым слухачам, што гэты газаправод з сябе ўяўляе.

Nord Stream II з'яўляецца блізнюком першай галінкі, якая павінна быць дабудаваная да канца гэтага года. Яго павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю ў снежні 2020 года, але гэтага не адбудзецца ў сувязі з запозненай пастановай Даніі аб кладцы труб гэтага газаправода, а таксама з прычыны санкцый, якія з'явіліся ў бюджэце Пентагона ў снежні мінулага года. Таму рэалізацыя Nord Stream II істотна пазніцца, прынамсі на некалькі месяцаў. Сёння ніхто не можа сказаць дакладна, калі гэты газаправод будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Такім чынам рэалізацыя мэты, якую пераследвала будаўніцтва Nord Stream II, а менавіта транзіт газу ў абыход Украіны, была істотна адсунутая ў часе. Для Украіны гэта б азначала не толькі страту штогадовых даходаў сумаю 2 млрд даляраў, але і стратэгічныя страты ў выглядзе паслаблення дзяржаўнай бяспекі. Скасаванне транзіту расейскага газу праз Украіну, магло б абярнуцца ўзмацненнем агрэсіі РФ у дачыненні да гэтай краіны. Страта істотнага козыра Еўропы ў выглядзе транзіту газу праз Украіну магла б схіліць Расею да далейшай агрэсіі, але гэтага не адбылося. У сувязі з запазненнем рэалізацыі Nord Stream II расейцам давялося заключыць з Украінай дадатковы кантракт на транзіт газу. Такім чынам цяпер ніхто не ведае, калі будзе завершана будаўніцтва Nord Stream II, як і наколькі гэта будзе мэтазгодным, улічваючы гатоўнасць амерыканцаў увесці дадатковыя санкцыі, калі гэта адбудзецца, якія, у сваю чаргу, маглі б прывесці да поўнага фіяска расейскага праекта.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках