15 лiпеня 2020, Серада, 6:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Псіхолагі распавялі пра карысць лаянкі

20
Псіхолагі распавялі пра карысць лаянкі

Мацюкі павышаюць пераноснасць болю.

Прычына гэтага не ясная да канца, але адназначна не звязаная з гучаннем гэтых слоў - выкрыкванне сугучных выдуманых слоў такога эфекту не дае.

Выкрыкванне зняважлівых слоў павышае болевы парог і цягавітасць, высветлілі брытанскія псіхолагі з Кільскага ўніверсітэта. Даследаванне было апублікаванае ў часопісе Frontiers in Psychology, паведамляе gazeta.ru.

Больш раннія эксперыменты ўжо паказвалі, што выкарыстанне зняважлівых слоў можа даваць болесуцішальны эфект. У гэтай працы даследнікі таксама прапанавалі падыспытным выкарыстоўваць падобныя па гучанні выдуманыя словы, каб параўнаць вынік.

Па адной з гіпотэз, грубая лаянка дазваляе знізіць боль за кошт узбуджэння вегетатыўнай нервовай сістэмы дзякуючы вызваленню эмоцый.

Акрамя распаўсюджанай лаянкі fuck даследчыкі загадалі падыспытным таксама выкрыкваць выдуманыя словы fouch і twizpipe. Для даследавання яны адабралі 92 добраахвотнікаў, сярэдні ўзрост якіх склаў 27 гадоў. Яны павінны былі пагрузіць адну руку ў ледзяную ваду тэмпературай блізу 3-5 градусаў і выкрыкваць адно са слоў – сапраўдную лаянку ці адно з двух выдуманых. У працэсе падыспытныя павінны былі паведаміць, калі адчуюць боль, і выцягнуць руку, калі боль стане невыносным.

Падобны дызайн даследавання выкарыстоўваўся і ў іншых даследаваннях сувязі нецэнзурнай лаянкі і болевага парога.

Вынікі выкрывання мацюкоў былі прадказальнымі - гэта падвышала болевы парог падыспытных.

А вось выдуманыя словы, да здзіўлення навукоўцаў, не аказалі ніякага ўплыву ні на яго, ні на пераноснасць болю агулам.

Зрэшты, тлумачэнне гэтаму ёсць, адзначаюць яны.

«Хаця не да канца зразумела, як лаянкавыя словы знаходзяць сваю сілу, ёсць здагадка, што яны засвойваюцца яшчэ ў дзяцінстве, і таму падчас лаянкі спрацоўвае нейкі ўмоўны рэфлекс, які спрыяе выкіду эмоцый, - пішуць аўтары. - Таму словы fouch і twizpipe, хоць і былі сугучныя са зняважлівымі, не давалі эфекту - ён звязаны не з гучаннем слоў, а з іншымі фактарамі».

Таксама навукоўцы папрасілі ўдзельнікаў эксперыменту ацаніць усе тры словы з пункту гледжання гумару, выкліканых эмоцый і адцягнення ўвагі. Аднак значнай розніцы ў выніках не аказалася.

«Хоць лаянка адцягвае мацней, чым прыдуманыя словы, узровень адцягнення не быў звязаны з эфектам палягчэння болю, - удакладняюць даследчыкі. - Адцягваючы эфект, магчыма, не мае ролі для тлумачэння абязбольвальнага ўздзеяння».

Такім чынам, робяць выснову яны, даследаванне пацвердзіла станоўчы ўплыў лаянкі на болевы парог, аднак прычыны гэтага ўсё гэтак жа застаюцца не да канца зразумелыя. Таксама яны падкрэсліваюць, што не вывучалі розніцу паміж эмоцыямі падчас выкрывання таго ці іншага слова. У будучыні яны прапануюць ацаніць як станоўчыя, так і адмоўныя эмоцыі, якія ўзнікаюць у працэсе выкрывання нецэнзурных слоў.