26 красавiка 2024, Пятніца, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cаудаўская Аравія запатрабавала ад Расеі новых саступак у нафце

9
Cаудаўская Аравія запатрабавала ад Расеі новых саступак у нафце

«Перамір'е» было сарванае за два тыдні да чэрвеньскіх перамоваў АПЕК+.

Нафтавае перамір'е паміж Расеяй і Саудаўскай Аравіі, складзенае пасля кароткай, але разбуральнай коштавай вайны, падвісла ў паветры.

За два тыдні да чэрвеньскіх перамоваў АПЕК+, дзе будзе развязвацца далейшы лёс угоды ў скарачэнні здабычы нафты, у Масквы і Эр-Рыяда зноў дыяметральна разышліся пазіцыі, піша finanz.ru.

Расея цвёрда настроеная пачаць павялічваць здабычу нафты з ліпеня, як гэта прадугледжана красавіцкім пагадненнем, расказалі Bloomberg тры расейскія чыноўнікі і два прадстаўнікі галіны.

Згодна з дамоўленасцямі, з траўня да ліпеня краіны АПЕК+ павінны скараціць здабычу амаль на 9,7 млн б/с. Потым паводле плана меркавалася паменшыць аб'ём скарачэння здабычы да 8 млн б/с да канца 2020 года і да 6 млн б/с да траўня 2021-га.

Расея ў рамках угоды планавала нарасціць здабычу на 500 тысячаў бараляў за дзень з ліпеня і яшчэ на столькі ж са студзеня.

Але гэты сцэнар не задавальняе партнёраў з АПЕК+. Яны прапануюць не павялічваць пастаўкі яшчэ два месяцы, падоўжыўшы максімальна магчымыя квоты яшчэ да верасня. Сітуацыю топ-мэнэджары нафтавых кампаній абмяркоўвалі ў сераду на нарадзе з кіраўніком Мінэнэрга Аляксандрам Новакам, расказала «Інтэрфаксу» крыніца, знаёмая з ходам перамоваў.

Расеі, магчыма, давядзецца адмовіцца ад першапачатковай пазіцыі і пайсці на саступкі праз ціск Саудаўскай Аравіі, паведаміла «Коммерсанту» крыніца ў нафтавай галіне. Паводле ейных словаў, саўдыты, якія скарацілі здабычу на 1,3 млн бараляў за дзень паводле ўгоды і яшчэ на 1 млн – добраахвотна, незадаволеныя цяпершнім узроўнем коштаў нафты.

Хоць каціроўкі Brent вярнуліся на ўзровень пачатку сакавіка (36 даляраў за бараль), на рынку па-ранейшаму занадта шмат нафты: здабыча перавышае попыт на 7–12 млн бараляў за дзень.

Мінэнэрга спадзяецца, што рынак збалансуецца ў чэрвені – ліпені дзякуючы росту спажывання, казаў у пачатку тыдня Новак.

Нарада міністра з нафтавікамі скончылася без дамоўленасцяў: шэраг кампаній згодныя на прапанову саўдытаў, іншыя мяркуюць, што з ліпеня трэба пачынаць пампаваць больш.

Раней за скарачэнне здабычы паводле АПЕК+ выступаў ЛУКОЙЛ, супраць – «Раснафта». Канчатковая пастанова пра пазіцыю Расеі будзе прымацца на найвышэйшым узроўні, кажа крыніца «Інтэрфакса».

Праблема з скарачэннем здабычы нафты ў Расеі заключаецца ў тым, што частку запасаў можна страціць, кажа былы галоўны геолаг Дзяржкамісіі РФ у запасах карысных выкапняў Раман Судо.

Калі квота Расеі была невялікай, нафтавыя кампаніі маглі эфектыўна як чаргаваць інтэнсіўнасць рэжымаў эксплуатацыі канкрэтных здабыўных свідравінаў, памяншаючы іх дэбіт, але не даводзячы да поўнага прыпынення свідравінаў, так і чаргаваць радовішчы, пласты, цэхі здабычы.

«Цяпер – толькі поўнае адключэнне (часткі свідравінаў). У многіх свідравінах, з улікам рэшткавых выманых запасаў нафты і пры чаканых коштах нафты (адключэнне) ужо назаўжды», – кажа Судо.

Перамовы АПЕК+, нагадаем, стартуюць 5 чэрвеня з пасяджэння тэхнічнага маніторынгавага камітэта АПЕК+ (JTC), які дае рэкамендацыі і экспертную падтрымку міністэрскаму камітэту АПЕК+. 8 чэрвеня пройдзе пасяджэнне міністэрскага маніторынгавага камітэта (JMMC), 9 чэрвеня сустрэнуцца міністры краінаў АПЕК, 10 чэрвеня – міністры краінаў АПЕК+.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках