19 сакавiка 2024, aўторак, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ключ да перамогі

35
Ключ да перамогі
Фота: «Радыё Свабода»

Да жаданае волі засталося некалькі крокаў.

Відавочна, што большасць беларусаў сёння ненавідзіць Лукашэнку і хоча перамен у краіне. Гэта паказвае і масавы выхад людзей на вуліцы апошнія тыдні; і мізэрны, якi не перавышае трох адсоткаў, рэйтынг дыктатара; і тое, што ўсё больш людзей, якія раней асцерагаліся і маўчалі, пачынаюць выказвацца супраць рэжыму.

Лукашэнка, вядома, збаяўся і запанікаваў, але за ўладу яшчэ сутаргава чапляецца. Толькі за апошнія тры дні ў выніку відавочнай і ганебнай правакацыі быў арыштаваны вядомы блогер і кіраўнік выбарчага штаба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, да 15 дзён арышту асуджаныя лідар Беларускага Народнага Кангрэсу і партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч, каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Андрэй Войніч, лідар «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч. У Берасці судовыя выканаўцы апісалі і канфіскавалі маёмасць сям'і каардынатараў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя і Паліны Шарэндаў. Спіс далёка няпоўны, суды трываюць. Усяго за тры дні арыштаваныя блізу 70 чалавек.

Цяпер шмат што залежыць ад нашай рэакцыі на падзеі. Маўчанне або абыякавасць грамадства будзе ўспрынятая беззаконнікамі, як сігнал для далейшага ціску. Таму нам ні ў якім разе нельга спыняцца.

Давайце ўспомнім факты. Лукашэнка - самазванец, ён нелегітымны, ягонае кіраванне незаконнае. Свет ні разу не прызнаў ягоныя «выбары» свабоднымі і справядлівымі. Увесь ягоны так званы ўрад - хеўра, усе ягоныя так званыя дэпутаты - блазны і дармаеды.

Спектакль з арыштам Сяргея Ціханоўскага ў Гародні паказаў, што сёння гэтая зграя, якая ўчапілася за ўладу, абапіраецца толькі на размаітых прастытутак. Супраць іх сёння ўсе нармальныя і разумныя людзі краіны.

Дзясяткі тысяч чалавек выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Гэта велізарная сіла і велізарны патэнцыял.

Наша сіла - у салідарнасці і таму, найперш, мы павінны абараніць лідараў і дамагчыся іх неадкладнага вызвалення. Як дачка вайскоўца я ведаю: калі сцяг вайсковай часткі дастаецца ворагу або губляецца, то вайсковая частка падлягае расфармаванню. Арыштаваныя лідары Статкевіч і Ціханоўскі - наш сцяг. Мы павінны іх вызваліць усялякім шляхам. У гэтым ключ да перамогі.

Усе патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, калі яны называюць сябе альтэрнатывай дыктатару, абавязаны канкрэтна і ясна выказацца за неадкладнае вызваленне палітычных зняволеных.

Калі яны не зробяць гэтых выразных і ясных заяў, а будуць па-ранейшаму мармытаць нешта агульнае і невыразнае, значыць, яны не з'яўляюцца ніякай альтэрнатывай ашалеламу Лукашэнку.

Быць салідарным - гэта не толькі маральная пазіцыя. Гэта, калі хочаце, дэманстрацыя здаровага сэнсу. Нагадаю, што ў 2010 годзе ў турме апынуліся 8 з 10 удзельнікаў прэзідэнцкай «гонкі». Тады беларусы не змаглі абараніць сваіх лідараў, а краіна засела ў балоце яшчэ на дзесяць гадоў.

Калі Віктар Бабарыка або Валерый Цапкала будуць падзяляць людзей на «нацыяналістаў», «апазіцыянераў» і «сваіх» - значыць, яны не ў стане стаць прэзідэнтамі для ўсяго народа. Для гэтага трэба спусціцца са свайго наменклатурнага «алімпу», выйсці за межы тэрыторый сваіх камяніц і элементарна пачаць паважаць тых людзей, якія жылі ў галоце і патрэбе ўсе гэтыя гады і сёння выйшлі на вуліцы ў пошуках справядлівасці. А таксама тых, хто шмат гадоў рызыкаваў жыццём і здароўем дзеля свабоднай Беларусі. Трэба расплюшчыць вочы і ўбачыць, што ў апазіцыі да Лукашэнкі сёння не толькі кліенты банкаў і рэзідэнты ПВТ, а ўвесь народ - рабочыя, сельскія жыхары, інтэлігенцыя.

Нам жа ўсім трэба перастаць спадзявацца на сталічных «цуда-волатаў», якія нібыта развяжуць усе нашы праблемы. У кожным з нас тоіцца велізарны патэнцыял.

Упэўненая, што ва ўсіх гарадах, дзе сталі доўгія чэргі, каб падпісацца за перамены, знойдзецца група актыўных грамадзян, здольных узяць на сябе адказнасць і арганізаваць умоўны стачкам, каб, не чакаючы «загадаў з цэнтра», пачынаць дзейнічаць. Уласна, менавіта такім чынам праявіў ініцыятыву і стаў лідарам сам Сяргей Ціханоўскі.

Годзе камплексаваць. Давайце верыць у сябе і свае сілы. Да жаданае волі засталося некалькі крокаў.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактар Charter97.org

Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі
Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках