26 красавiка 2024, Пятніца, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новае даследаванне: Якую ролю маюць розныя паверхні ў заражэнні каранавірусам

Новае даследаванне: Якую ролю маюць розныя паверхні ў заражэнні каранавірусам

Нямецкія вірусолагі вывучылі дамы ў акрузе з вялікай колькасцю захворванняў на COVID-19.

"Sars-CoV-2 перадаецца пераважна праз кропелькі вадкасці ў паветры. Але наколькі заразныя прыбіральні, пульты дыстанцыйнага кіравання і дзвярныя ручкі? Інфармацыю пра гэта дае новае даследаванне", – паведамляе нямецкае выданне Die Zeit.

"У новым даследаванні каманды навукоўцаў пад кіраўніцтвам мікрабіёлага Рыкарды Марыі Шмітхаўзен з Бона і вірусолага Хендрыка СТРЫКАЎ была вывучаная небяспека перадачы вірусу ад чалавека да чалавека праз розныя паверхні. Для гэтага даследнікі вывучылі дамы ў акрузе Гангельт Хайнсберг, рэгіёну Нямеччыны з даволі вялікім лікам заражэнняў".

Даследаванне яшчэ павінна прайсці праверку іншымі навукоўцамі, аднак яно падмацоўвае здагадку, што непрамая перадача вірусу праз паверхні хутчэй мае меншую ролю ў распаўсюдзе захворвання.

"У даследаванні былі вывучаныя ўзоры з 21 абранай выпадковым чынам хатняй гаспадаркі ў акрузе Гангельт у зямлі Паўночная Рэйн-Вестфалія, якія ў сярэднім знаходзіліся на карантыне 5 дзён, бо мінімум у аднаго чалавека ў сям'і быў пацверджаны вірус".

"У гэтых сем'ях навукоўцы вывучылі паветра ў памяшканнях, сцёкавую ваду з ракавіны, душа і прыбіральні, а таксама розныя паверхні, напрыклад пульты дыстанцыйнага кіравання, мэблю і дзвярныя ручкі".

"Вынік аналізу ўсіх вывучаных узораў паветра на Sars-CoV-2 апынуўся адмоўным. Аналіз 10 з 66 узораў сцёкавай вады з ракавінаў, душа і прыбіральні даў станоўчы вынік (15,15%). Найбольш заражанай апынулася сцёкавая вада з ракавінаў (19,23 %), прыкладна так сама часта вірус выяўляўся ў сцёкавай вадзе душа (18,75%), найменшая канцэнтрацыя вірусу была ў прыбіральні (8,7%). Навукоўцы мяркуюць, што гэта можа быць звязана з тым, што вірусная нагрузка найбольш высокая ў глотцы і на руках. Таму пры мыцці рук і чыстцы зубоў вірус з найбольшай верагоднасцю трапляе ў ракавіну", – паведамляе выданне.

Новы вірус быў выяўлены толькі на 3,36% вывучаных прадметаў штодзённага карыстання. Сярод іх былі, напрыклад, пульт дыстанцыйнага кіравання, а таксама металічныя дзвярныя ручкі.

"Узбуджальнік Sars-CoV-2 не быў выяўлены ні на прадуктах харчавання і напоях, ні на жывёлах, раслінах і прадметах адзення", – гаворыцца ў артыкуле.

"Навукоўцы не раяць рабіць паспешлівых высноваў з свайго даследавання. Вынікі сведчаць, што ў хатнім асяроддзі Sars-CoV-2 жыве не надта доўга і таму такі спосаб перадачы мае меншую ролю, але, з іншага боку, магчыма, што вірус ва ўзорах толькі не дажыў да даследавання ў лабараторыі".

"Тым не менш навукоўцы раяць успрыняць вынікі даследавання ўсур'ёз, бо перадачы вірусу праз каналізацыйную сістэму аддаецца мала ўвагі", – паведамляе Die Zeit.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках