14 жнiўня 2020, Пятніца, 20:46
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У выпадку нерэгістрацыі Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі беларусы масава выйдуць на вуліцы

57
Зміцер Бандарэнка: У выпадку нерэгістрацыі Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі беларусы масава выйдуць на вуліцы
Фота: belsat.eu

Чыноўнікі і сілавікі ўжо шукаюць зручны варыянт змены ўлады Лукашэнкі.

Ярмошынскі ЦВК прызначыў прыняцце пастановы пра рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты на апошні дзень – 14 ліпеня. Ці ёсць верагоднасць, што альтэрнатыўныя прэтэндэнты, Святлана Ціханоўская і Віктар Бабарыка, не будуць зарэгістраваныя і што рабіць у гэтым выпадку?

На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

– Думаю, што ў выпадку нерэгістрацыі Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі ўсе палітычныя працэсы ў Беларусі паскорацца ў разы. Беларусы масава выйдуць на вуліцу, патрабуючы рэгістрацыі сваіх кандыдатаў. А мы ведаем, што свае подпісы за іх паставілі мінімум 600 тысячаў чалавек, а рэйтынг у Лукашэнкі ніякі.

Лукашэнка атрымае санкцыі – прычым як з боку Захаду, так і з боку Расеі. Ужо вядома, што заходнія краіны патрабуюць ад уладаў Беларусі зарэгістраваць альтэрнатыўных кандыдатаў, інакш будуць санкцыі. Паводле маёй інфармацыі, роўна такую ж умову Лукашэнка атрымаў з боку Пуціна: яму пастаўлена патрабаванне зарэгістраваць апазіцыйных кандыдатаў. Тым больш як мінімум адзін кандыдат – я кажу пра Віктара Бабарыку – добразычліва ўспрымаецца ў Расеі, таму што для яе гэта – правераны чалавек. Нелегітымны прэзідэнт у Беларусі Расеі больш не патрэбны.

Надзеі Лукашэнкі на тое, што ён адмахнецца і выставіць падстаўных, на гэты раз не пройдуць, таму што ціск на яго ідзе з трох бакоў.

– Як Вы ацэньваеце дзеянні штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў у гэтай сітуацыі? Што б Вы хацелі ім сказаць з улікам наяўнага ў вас досведу палітычных кампаній?

– Відаць, што на людзей са штабоў ідзе ціск, у тым ліку з боку беларускіх спецслужбаў. Я ім зычу проста цвёрдасці, мужнасці і разумення таго, што яны прадстаўляюць не толькі сябе, але і мільёны беларускіх выбарнікаў, якія ў іх кандыдатах убачылі надзею на перамены ў краіне і на змену свайго ўласнага становішча.

– Якія яшчэ патрабаванні варта вылучаць пратэстоўным беларусам, калі ім давядзецца выйсці на вуліцы з прычыны нерэгістрацыі сваіх кандыдатаў?

– Патрабаванне толькі адно – рэгістрацыя сваіх кандыдатаў. У выпадку іх нерэгістрацыі ўладамі – гэта будзе азначаць пачатак кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання.

Людзі будуць бачыць і рэакцыю краінаў-суседак, ключавых палітычных гульцоў у асобе Захаду і Расейскай Федэрацыі. Сітуацыя тады ўжо будзе ісці толькі пра адхіленне Лукашэнкі ад улады. Іншых варыянтаў тады ўжо не будзе, таму што самі выбары стануць проста бессэнсоўнымі. Момант ісціны наступіць ужо ў гэты перыяд.

– Што калі напалоханы Лукашэнка захоча ўжыць сілу: ён жа пагражаў паўторам падзей у Андыжане?

– Гэты чалавек відавочна не адэкватны – мы гэта разумеем.

Але, з іншага боку, даверу з боку дыктатара да сілавікоў няма ніякага. За апошні год ён памяняў міністра ўнутраных справаў, кіраўніка і намеснікаў сваёй адміністрацыі, міністра абароны, кіраўніцтва Генштаба, кіраўніка Рады бяспекі. Ён памяняў урад, памяняў кіраўніцтва Камітэта дзяржкантролю і, нарэшце, памяняў кіраўніцтва ваеннай выведкі. Да 14 гадоў зняволення хочуць асудзіць шматгадовага кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі Уцюрына, арыштаваны былы кіраўнік ДФР...

Гэта значыць, абсалютна ніякага даверу да сілавікоў у Лукашэнкі няма. Ён ведае, што сілавікі ім незадаволеныя. Гэтае закісанне ўжо перакідаецца ў інтэрнэт, прычым у ім удзельнічаюць не толькі вайскоўцы, але і міліцыянты.

Таму я магу толькі паўтарыць, што калі Лукашэнка паспрабуе прынесці ўзбекскі досвед у нашу еўрапейскую краіну, то яго напаткае лёс Чаўшэску. Вайскоўцы і сілавікі ў гэтым выпадку з ім цырымоніцца не будуць, бо ведаюць, што атрымаюць поўную падтрымку народа.

Усе разумеюць, што змена ўлады ў Беларусі будзе толькі пазітыўнай для ўсіх слаёў грамадства, у тым ліку для сілавікоў і чыноўнікаў. Менавіта таму з'явіліся такія кандыдатуры, як Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка: практычна гэта праява наменклатурнай змовы і змовы сілавікоў супраць Лукашэнкі.

Сітуацыя палепшыцца для ўсіх слаёў насельніцтва, як гэта было ў Цэнтральнай Еўропе. Гэта – не нулявы варыянт, лепш стане ўсім. Горш – толькі сям'і Лукашэнкі і апошнім прыдуркаватым сілавікам, накшталт кіраўніцтва АМАПа. Усе астатнія ад сыходу Лукашэнкі перамогуць.

Бачачы неадэкватнасць кіраўніка, чыноўнікі і сілавікі цяпер проста шукаюць зручны варыянт, як зрабіць змену ўлады менш балючай для ўсіх слаёў грамадства. Вядуцца і ўнутраныя перамовы ў кіроўных вярхах Беларусі. Я ведаю, што з боку ўладаў ужо ідуць перамовы і з ншымі краінамі, і з прадстаўнікамі апазіцыі для спакойнай, бязбольнай змены ўлады ў краіне.