26 красавiка 2024, Пятніца, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што рабіць, калі вас хочуць адправіць у неаплатны адпачынак або звольніць

5
Што рабіць, калі вас хочуць адправіць у неаплатны адпачынак або звольніць
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Парады юрыста.

Як не застацца без працы падчас крызісу? Чаму не варта звальняцца «на пагадненне бакоў»? Як давесці сваю праўду і атрымаць кампенсацыю? Юрыст Свабоднага прафзвязу металістаў Уладзімір Лазоўскі распавядае gomel.today, як абараняць свае працоўныя правы.

«Што здарылася?»

Праз эпідэмію Covid-19 многія прадпрыемствы зачыняюцца альбо скарачаюць штат. Рызыка быць звольненым вялікі. Шмат каму з працаўнікоў прапануюць звольніцца на ўзгадненне бакоў або адпраўляюць персанал у неаплатны адпачынак.

«Мяне пераводзяць на нізкааплатную пасаду. Я магу адмовіцца і чым мне гэта пагражае?»

Пандэмія каранавіруса не адмяніла працоўнае заканадаўства, аднак сёе-тое змянілася. 24 красавіка 2020-га з’явіўся ўказ №143 «Аб падтрымцы эканомікі». Пункт 14 гэтага ўказа дае наймальнікам права: «Змяняць істотныя ўмовы працы работніка, за выключэннем памяншэння сумы аплаты працы, у сувязі з абгрунтаванымі прычынамі неспрыяльнага ўздзеяння эпідэміялагічнай сітуацыі на дзейнасць наймальніка. Наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка пра змяненне істотных умоў працы пісьмова не пазней чым за 1 каляндарны дзень». Раней гэта трэба было рабіць за месяц.

Таксама ў працадаўцы цяпер ёсць магчымасць часова пераводзіць работніка ў іншае падраздзяленне або нават да іншага ўласніка на тэрмін да 3-х месяцаў, для гэтага яму не трэба згода персаналу. Пры згодзе работніка тэрмін такога пераводу можа быць павялічаны.

Калі супрацоўнік адмаўляецца працягваць працаваць «у сувязі са змененымі ўмовамі працы», наймальнік можа яго звольніць згодна з пунктам 5 артыкула 35 Працоўнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

«На прадпрыемстве загаварылі пра звальненне. Што зрабіць, каб мне пазбегнуць гэтага лёсу?»

Працоўная дамова можа быць скасаваная датэрмінова на пагадненне бакоў, на жаданне ці патрабаванне работніка і з ініцыятыве наймальніка. Наймальнік можа гэта зрабіць пры ліквідацыі арганізацыі ці яе філіяла, размешчанага ў іншай мясцовасці, пры скарачэнні штату работнікаў, пры неадпаведнасці работніка пасадзе праз недастатковую кваліфікацыю або паводле стана здароўя.

Калі вы адмовіліся ад пераводу ў іншую мясцовасць ці вас не задавальняюць змены ўмоў працы, то таксама ёсць рызыка быць звольненым. У выпадку, калі на працоўным месцы адноўлены раней незаконна звольнены супрацоўнік, то з вамі хутчэй за ўсё развітаюцца.

У артыкуле 35 Працоўнага кодэкса пералічана мноства іншых пунктаў, паводле якіх работнік можа пазбавіцца працы. Ва ўсіх астатніх выпадках вы маеце права аспрэчыць звальненне, падаўшы заяву ў прафзвязы, Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы ці ў суд.

«Кіраўніцтва раіць звольніцца на згоду бакоў і абяцае «плюшкі» ў выглядзе выплаты N-най сумы. На што паводле закона я магу разлічваць і як не застацца без кампенсацыі?»

Працоўная дамова - гэта не акт прыгоннага права і можа быць скасаваная. Але для гэтага неабходна ўзаемная згода двух бакоў - працаўніка і наймальніка.

Навошта ж наймальнiку ўгаворваць свайго супрацоўніка звольніцца? Прычын можа быць шмат. Такі выгляд звальнення не патрабуе папярэдняга паведамлення работніка або выканання ўстаноўленых заканадаўствам тэрмінаў. А самае галоўнае - пры звальненні «на пагадненне бакоў» супрацоўніку лепш памаўчаць пра дапамогу на звальненне. Захацеў сысці сам? Значыць, можаш быць вольны, але грошай табе не дамо. А вось у выпадку звальнення на ініцыятыву наймальніка ў многіх выпадках, ды калі работнік яшчэ і не вінаваты, яму належыць грашовая кампенсацыя. У залежнасці ад сітуацыі - у суме ад двухтыднёвага да трохмесячнага заробку. Больш падрабязна пра гэта гаворыцца ў артыкуле 37 Працоўнага кодэкса РБ.

Таму прымаць звальненне «на пагадненне бакоў», калі вы сапраўды гэтага не хацелі, не варта. Хай наймальнік звальняе вас у адпаведнасці з прадпісанымі законах нормамі. Тады вы сапраўды можаце разлічваць на кампенсацыю. А вось абяцанні выдаць вам «плюшкі» ў выпадку вашага «добраахвотнага» звальнення, заўсёды могуць застацца толькі абяцаннямі.

«На прадпрыемстве ўводзяць 2/3, а адпаведна, заробак падае. Гэта законна? Магу я не згаджацца на такі графік?»

У Працоўным кодэксе гаворыцца, што пры невыкананні нормаў выпрацоўкі, браку і прастоі не з віны работніка заробак не можа быць ніжэй за 2/3 устаноўленага яму акладу. Такім чынам, на дзве траціны аплаты працы работніка могуць перавесці толькі ў выпадку часовай адсутнасці працы - выхаду з ладу абсталявання або адсутнасці сыравіны. У іншым выпадку падобнае скарачэнне заробку будзе незаконным.

«Мне прапаноўваюць сысці ў неаплатны адпачынак на нявызначаную колькасць месяцаў. Як правільна адмовіцца, каб мяне не звольнілі?»

Наймальнік мае права адправіць супрацоўніка ў неаплатны або часткова аплатны адпачынак пры вымушаным часовым прыпыненні або скарачэнні работ. Таксама неаплатны адпачынак даецца пры адсутнасці працы, на якую супрацоўніка неабходна перавесці на заключэнне медыкаў. Такі адпачынак даецца з вашай пісьмовай згоды. Па дамоўленасці замест адпачынку «без захавання» можа быць дадзеная частка штогадовага адпачынку тэрмінам не менш за 14 дзён. Гэтыя пытанні рэгулюе артыкул 192 Працоўнага кодэкса РБ.

Калектыўная дамова можа прадугледжваць і іншыя нормы, але толькі на карысць работніка.

«Кантракт скончыўся. Але праз крызіс мне яго працягнулі толькі на 2 месяцы. Я магу апратэставаць гэтае рашэнне?»

Так, такую пастанову вы можаце апратэставаць. Справа ў тым, што згодна з Працоўным кодэксам, кантракт заключаецца на тэрмін ад года да пяці гадоў. Пры гэтым тэрмін яго дзеяння не можа быць меншы за адзін год. Канкрэтны тэрмін дзеяння кантракту вызначаецца на дамову работніка і наймальніка. Кантракт на меншы тэрмін можа быць укладзены толькі з пісьмовай згоды супрацоўніка.

Калі вы не далі згоды на кантракт менш за адзін год, то маеце права абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе або звярнуцца ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.

«Праз 2 гады я іду на пенсію, а кантракт скончыўся ў крызіс. Ці маюць права мяне звольніць?»

Калі вы добрасумленны работнік, не парушаеце дысцыпліну, да пенсіі вам засталося не больш за два гады, то наймальнік абавязаны заключыць з вамі кантракт на тэрмін да дасягнення вамі пенсіённага ўзросту. Зразумела, з вашай згоды.

«Мяне несправядліва звольнілі. Хачу падаць у суд. Што мне трэба зрабіць, каб яго выйграць?

Працаўнікі могуць звяртацца ў суд па справах аб звальненні - у месячны тэрмiн з дня ўручэння копіі загада аб звальненні або з дня выдачы працоўнай кніжкі з адпаведнай запісам. Калі вам адмовіліся выдаць гэтыя дакументы - то ў месячны тэрмін з дня адмовы.

Доказы сваёй рацыі павінен падаць работнік або яго прадстаўнік. Таму важна сабраць усе магчымыя пісьмовыя дакументы і паказанні сведак, якія пацвярджаюць парушэнне працоўнага заканадаўства ў вашым выпадку.

У Беларусі шмат выпадкаў, калі незаконна звольненых па рашэнні суда аднаўлялі на працы. Важна не апускаць рукі і змагацца за свае правы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках