7 жнiўня 2020, Пятніца, 21:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Годзе, ягоны час мінуў»: як беларускія спартоўцы выступілі за перамены

11
«Годзе, ягоны час мінуў»: як беларускія спартоўцы выступілі за перамены

Зоркі спорту выказаліся пра тое, што адбываецца ў краіне.

У гэтай электаральнай кампаніі беларускіх спартоўцаў і трэнераў прабіла на шчырасць. Звычайна раздаваліся дзяжурныя галасы «за», а ў ролі бабы Ягі, якая «супраць», выступалі лічаныя людзі. Віталь Гуркоў, Уладзімір Парфяновіч, цяпер нябожчык Віктар Купрэйчык - кагосьці яшчэ ўспомніць можна, але трэба добра падумаць. Мабыць, гнуткасць хрыбта ўсё ж мае межы, колькі яе ні трэніруй. Ідэалагічная мантра «дзяржава робіць для спартоўцаў усё» спрацоўвае ўжо са скрыпам, піша «БелГазета».

Надзея Аcтапчук, бронзавая прызёрка Алімпіяды-2008 у штурханні ядра:

«Я вельмі радая, што наша палітычнае балота, якое зусім застаялася і толькі зрэдку «булькала», нарэшце пачало прачынацца. Людзі ўсьвядомілі, што таксама маюць правы і мусяць іх адстойваць. У жыцьці не магла ўявіць - каб паставіць подпіс за прэтэндэнта, беларусы будуць стаяць у шматгадзінных чэргах. Гэта настолькі дзіўна, што хочацца натхняцца і верыць у лепшае. Шчыра скажу: хацела ў мінулыя выходныя таксама паставіць подпіс, але ня вытрымала такой чаргі на Камароўцы, проста стамілася стаяць. Давялося паўторна выбрацца ў будзень… Нэрвознасьць, няўпэўненасьць - усё відавочна. Таму ўсе брутальныя затрыманьні, крымінальныя справы, ператрусы ў кватэрах і офісах - толькі ад гэтага. Але трэба сказаць, што нават у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі беларусы здолелі пераадолець страх. Магчыма, пабачылі наперадзе пэрспэктыву. Бо калі маеш перад сабой мэту, ідзеш да яе, не зважаючы на перашкоды. Як ні высакамоўна, нават ахвяруючы сабой. У кожным разе тое, што зьмены ёсьць і яны заўважныя, вельмі добра і дае пэўную надзею… Людзі павінны разумець: ня хочаш страціць голас - не хадзі датэрмінова. І праца кандыдатаў у тым, каб пераканаць прыходзіць менавіта ў дзень выбараў. Гэтыя галасы падтасаваць нашмат складаней» (15 чэрвеня, інтэрв’ю радыё «Свобода»).

Аляксандра Раманоўская, чэмпіёнка свету ў фрыстайле 2019 года:

«Аднойчы я брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях, у якіх ад справядлівага судзейства было адна назва. Цяпер я назіраю ў сваёй краіне выбары, якія язык не паварочваецца назваць сумленнымі і справядлівымі. У гэтым свеце наогул такія рэчы маюць права на існаванне, ці гэта пусты гук? Ванітуе ўжо, калі шчыра» (19 чэрвеня, Facebook).

Мікалай Казека, галоўны трэнер зборнай у фрыстайле, пра заяву Раманаўскай:

«Яна дарослы чалавек. Яна мае права на сваё меркаванне, мае права выказваць сваё меркаванне. І нічога дрэннага нікому яна там не сказала. Нікога канкрэтна яна не абразіла. Сказала тое, што думае» (26 чэрвеня, інтэрв'ю by.tribuna.com).

Аляксандр Куль, гулец баскетбольнай каманды Беларусі ў 1993-1994 і 1998-2008 гадах .:

«Калі сітуацыя такая, калі няма ніякіх зменаў, то цяжка жывецца ў кожнай сітуацыі: ці ў спорце, ці ў краіну, ды і ўсюды. Гэта значыць для таго, каб далей рухацца, патрэбныя змены, трэба нейкае развіццё. Я прыхільнік сусветнай практыкі, калі на пасадзе прэзідэнта чалавек павінен заставацца два тэрміны максімум. Павінна быць пераемнасць улады, і тады не будзе застою ў развіцці. Не будзе таптання на месцы... Я, вядома ж, як правільна кажа Бабарыка, за сумленныя і справядлівыя выбары. І, адштурхваючыся ад гэтага, можна чакаць перамогі ад каго хочаце. Але трэба, каб гэта былі сумленныя выбары. Каб былі празрыста падлічаны галасы, каб ніхто нейкім незразумелым чынам не быў зняты з перадвыбарнай гонкі, каб усе кандыдаты знаходзіліся ў роўных умовах. І па выніках гэтага будзе цікава паглядзець на вынік» (12 чэрвеня, інтэрв'ю by.tribuna.com).

Аляксандр Лясун, беларускі (да 2008г.) і расейскі пяціборац, алімпійскі чэмпіён 2016 г ода:

«Падтрымліваю людзей, якія кажуць, што патрэбныя сумленныя выбары. Мне ўсё адно, хто пераможа. Але сам факт таго, што сітуацыя ў гэтым кірунку можа змяніцца, радуе. Я хоць ужо і не рэзідэнт Беларусі, але ў мяне там жывуць сябры, сям'я. Люблю беларускі народ. Зычу яму толькі шчасця» (27 чэрвеня, інтэрв'ю sportbox.ru).

Меліціна Станюта, прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы ў мастацкай гімнастыцы (2007-15гг.):

«У дэмакратычных краiнах, калi грамадзянiн не парушае закон - ён пад аховай! А што гэта было ўчора?!?! Стаiш у чарзе ў краму - сядзiш у аўтазаку! Дзе падзеўся закон, якi нас ахоўвае?!?!» (24 чэрвеня, Facebook).

Алена Леўчанка, бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы 2007 года ў баскетболе:

«Я за сумленныя выбары! Вярніце нам гэтую магчымасць!» (19 чэрвеня, Instagram).

Кірыл Рэліх, баксёр-прафесіянал, інтэркантынентальны чэмпіён WBA 2015 года:

«Калі шчыра, я нічога не ведаю пра кандыдатаў. Але ў сувязі з тым, што праходзяць ператрусы і затрыманні, значыць, ёсць людзі за якіх будуць галасаваць. Асабіста я буду знаёміцца з прэтэндэнтамі, калі прыйдзе пара галасаваць. Адзінае, што мяне вельмі напружвае, гэта тое, што адбываецца на вуліцах краіны. Затрыманні, збіццё - гэта проста ганьба. Мне сорамна за такія дзеянні ўладаў!» (20 чэрвеня інтэрв'ю by.tribuna.com).

Віктар Дойлідаў, трэнер у спартыўнай гімнастыцы:

«Думаю, што Аляксандр Рыгоравіч, калі б ён меў сумленне, то адмовіўся б ад гэтых выбараў. Таму што 26 гадоў кіраваць краінай - досыць. Яго час мінуў... Ну зразумейце, што не можа адзін чалавек вызначаць лёс усёй краіны. Нельга гэтага рабіць! Ён у нас, атрымліваецца, і ў спорце разбіраецца лепш за ўсё, і ў эканоміцы, і ў сельскай гаспадарцы, і ў каранавірусе лепш за ўсіх разбіраецца, і галоўны лекар, і галоўны архітэктар, і галоўны трэнер ва ўсіх тыпах спорту. Ну гэта няправільна! Карону пора ужо зняць з галавы. А 26 гадоў... Краіны, дзе вельмі доўга кіруе адзін чалавек, ужо даўно прыйшлі да краху. А я не хачу, каб маю ўлюбёную краіну Рэспубліку Беларусь чакаў крах. У 90-х гадах у свой час я галасаваў за Лукашэнку, я быў за яго. Гэта быў адзін чалавек. Можа, такі і патрэбны быў. Але ён там і застаўся, у мінулым стагоддзі. А цяпер ужо 2020 год. Ужо ўвесь свет даўно сышоў наперад. А мы ўсе жывем паводле законаў 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Таму патрэбныя перамены... Як можна праз тэлевізію так абзываць людзей? Ну што гэта такое? Ну смех проста. Мне часам за Лукашэнку сорамна. Сорамна яго слухаць. Не мае права прэзідэнт так размаўляць.» (19 чэрвеня, інтэрв'ю by.tribuna.com).