26 красавiка 2024, Пятніца, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец-імунолаг: Такіх наступстваў каранавірусу, якія былі вясной, цяпер не будзе

2
Навуковец-імунолаг: Такіх наступстваў каранавірусу, якія былі вясной, цяпер не будзе
ФОТА: POLITICO.COM

Ва ўсім свеце расце колькасць новых выпадкаў COVID-19, але на смяротнасць гэта практычна не ўплывае.

У Беларусі зноў павялічваецца колькасць зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу. У рост пайшоў каранавірус і ў многіх іншых краінах. Да нас ужо прыйшла тая самая другая хваля? Чаго ад яе чакаць? Ці можа абараніць нас ад каранавірусу вакцына, якую рэкордна хутка зарэгістравалі ў Расеі і будуць ужываць у нас? Kp.by пагаварыў з Андрэем Ганчаровым, кандыдатам медыцынскіх навук, дырэктарам Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі.

«Ёсць здагадка, што большасць людзей, чый арганізм празмерна бурна рэагаваў на вірус, памерлі»

- Андрэй Яўгенавіч, другая хваля каранавіруса на падыходзе, мяркуючы па росту захворвання? Яна будзе такой жа небяспечнай, як і першая?

- Ва ўсіх еўрапейскіх краінах з пачатку жніўня пачаўся значны ўздым захворвання. Другая хваля ўжо ідзе. У некаторых краінах, напрыклад у Гішпаніі, мяркуючы па графіках, яна нават сыходзіць, будзем спадзявацца. У Францыі нашмат перавышаныя тыя паказчыкі, што былі вясной. Але лятальнасць не значна ўзрастае. Гэта можа гаварыць, з аднаго боку, аб паступовай мутацыі віруса, якая прыводзіць да зніжэння яго вірулентнасці (уласцівасць паражаць арганізм). З іншага боку, ёсць здагадка, што большасць людзей, чый арганізм празмерна бурна рэагуе на вірус, памерлі. Імаверна, такіх наступстваў, якія былі вясной, цяпер не будзе. Можна казаць таксама аб аптымізацыі спосабаў лячэння інфекцыі. Але нічога прынцыпова новага пакуль няма.

- Але гэта не касуе наступствы, на якія скардзяцца тыя, што перахварэлі на каранавірус - праблемы з лёгкімі, сэрцава-судзіннай сістэмай?

- Безумоўна, каранавірус паражае практычна ўсе органы. У кагосьці мацней, у кагосьці не. Але казаць, што ўсе захварэлыя на яго будуць пакутаваць ад наступстваў усё жыццё, я б не стаў. Пакуль масавай праблемы ніхто не бачыць. Таго пнеўмаскляроза (паражэнне лёгкіх. - Рэд.), якога чакалі павальна, - яго няма.

- Не магу не закрануць тэму, якая выклікала вялікі рэзананс. Вы таксама ведаеце, што, паводле звестак ААН, у Беларусі смяротнасць у першым паўгоддзі гэтага года апынулася на 5500 чалавек вышэйшай за сярэднюю за апошнія пяць гадоў. Акадэмік Аляксандр Мрочак у каментары гэтых лічбаў заўважыў, што беларусы нічым не адрозніваюцца ад еўрапейцаў па ўспрыманні каранавіруснай інфекцыі, і за гэтымі высокімі лічбамі - сапраўдная статыстыка смяротнасці, звязанай з каранавірусам…

- Сапраўды, у краінах, параўнальных па колькасці насельніцтва з Беларуссю - Швэцыі, Бельгіі, памерла ад каранавіруса больш за 5 тысяч чалавек. Трэба адзначыць, што прынцыпы падлікаў смяротных выпадкаў ва ўсіх краінах розныя. Галоўнае пытанне - памёр пацыент ад каранавіруса ці гэтая інфекцыя была спадарожнай. Некаторыя мяркуюць, што раз каранавірус выяўлены, значыць, ён і ёсць прычына смерці, хоць па факце не заўсёды так.

- У Беларусі рыхтуюцца да выпрабавання расейскай вакцыны ад каранавіруса. І медыкаў, і тых, хто не мае дачынення да медыцыны, насцярожвае, што яна была створаная занадта хутка, каб пайсці ў масы. Але можа, цяпер такі тэмп жыцця, што паскараецца ўсё, у тым ліку і стварэнне новых прэпаратаў?

- Не думаю, што будуць нейкія сур'ёзныя наступствы ад гэтай вакцыны. Але маё прыватнае меркаванне, зарэгістраваная яна занадта паспешліва. Вектарныя вакцыны ніколі шырока не выкарыстоўваліся, і гэта асноўная праблема. Так, яны ёсць, але дапушчаныя для ўжывання ў абмежаванай колькасці.

Неабходна прасачыць, па-першае, частату пабочных з'яў, а гэта можна зрабіць толькі пры шырокім ахопе. Па-другое, аддаленыя наступствы, што вельмі важна. Гэтага пакуль не зроблена. У Расеі прыблізна 90 чалавек прышчэпленыя, і гэтага занадта мала, каб ацаніць наступствы. Таму і трэба праводзіць трэцюю фазу выпрабаванняў, якая будзе праходзіць і ў Расеі, і ў Беларусі.

Расейская вакцына створаная на аснове ДНК адэнавірусу, у якую ўбудаваны ген каранавіруса SARS-CoV-2. Яна можа стацца неэфектыўнай, калі ў прышчэпленага чалавека ёсць імунітэт да адэнавіруса - яны ў нас цыркулююць увесь час, гэта пятая частка ўсіх ВРВІ. Каб звесці да мінімуму гэтую рызыку, вакцына ўводзіцца ў два этапы з рознымі адэнавірусамі.

Дарэчы, толькі што апублікаваныя звесткі аб тым, што прыпыненыя выпрабаванні 3-й фазы вакцыны супраць каранавіруса вытворчасці Astra Zeneca. І прычынай з'яўляецца ўскладненне ў аднаго з прышчэпленых. А і расейская вакцына створаная адпаведна з гэтай тэхналогіяй.

- Акрамя ўбудаванага гена каранавіруса што яшчэ можа быць галоўнай дзейснай сілай вакцын?

- Адзін з варыянтаў - інактываваны вірус. Але бялкі каранавіруса не адрозніваюцца вялікай здольнасцю выклікаць імунны адказ. Дарэчы, гэтым збольшага тлумачыцца і невялікая колькасць антыцелаў пасля хваробы. Таму эфектыўнасць інактываванай вакцыны - вялікае пытанне. Хоць у Кітаі такую стварылі, правялі выпрабаванні на невялікай колькасці добраахвотнікаў і сцвярджаюць, што эфект ёсць.

У прынцыпе, падобныя з расейскай вакцынай генетычныя канструкцыі створаныя ў многіх іншых краінах. Проста ніхто не заяўляе, што вакцына гатовая да шырокага ўжывання датуль, пакуль не скончаная трэцяя фаза даследаванняў. Але цалкам магчыма, што расейская вакцына выявіцца рабочай і бяспечнай.

- Калі паводле стандарту, колькі гадоў распрацоўваюцца новыя вакцыны?

- Па-рознаму. Калі вакцына супраць цалкам новага патагена, то да 10 гадоў.

«Бесперапыннае выкарыстанне антысептыкаў для прафілактыкі прынясе больш шкоды, чым карысці»

- У вашым інстытуце супольна з БДМУ распрацоўваюць метад лячэння віруснай пнеўманіі мезенхімальнымі ствалавымі клеткамі. І першыя пацыенты ўжо атрымліваюць гэтае лячэнне. У гэтым выпадку выпрабаванні доўжыліся доўга?

- Мезенхімальныя ствалавыя клеткі - гэта не лекі, а біямедыцынскі клетачны прадукт, атрыманы з донарскіх клетак. Гэта значыць, не чужародныя для чалавечага арганізма рэчывы. Таму да іх не выстаўляюцца такія ж звышстрогія патрабаванні, як да лекавых сродкаў, і пералік выпрабаванняў у гэтым выпадку мінімальны. Тут важна пацвердзіць, што гэта менавіта тыя клеткі, якія заяўляюцца, вызначыць іх жыццяздольнасць і мікрабіялагічную чысціню.

- Дзе гэты метад ужо быў апрабаваны?

- У лячэнні сістэмнай чырвонай ваўчанкі. Атрыманыя нядрэнныя вынікі ў запаволенні прагрэсавання захворвання. Ёсць надзея, што гэты метад у комплекснай тэрапіі будзе эфектыўным і ў іншых выпадках.

- Раскажыце папулярна, як працуюць донарскія ствалавыя клеткі пры пнеўманіі.

- Яны ўводзяцца ўнутрывенна. І ў мезенхімальных ствалавых клетак ёсць уласцівасць накіроўвацца менавіта да лёгачнай тканкі, што робіць іх прывабнымі ў лячэнні захворванняў лёгкіх. Дзеянне гэтых клетак накіраванае перш за ўсё на падаўленне запалення. Пнеўманія - гэта абавязкова запаленне лёгачнай тканкі, а пры каранавіруснаасацыяванай пнеўманіі яно залішняе. Ствалавыя клеткі накіроўваюцца ў ачаг запалення, каб здушыць гэтую празмерную рэакцыю, якая знішчае орган. Нельга сказаць, што яны спраўляюцца з захворваннем у адзіночку, але яны ўзмацняюць эфект лячэння, бо сумяшчальныя з усімі прэпаратамі.

- Каранавірус зноў пайшоў у рост, трэба выбраць эфектыўную абарону. Што цяпер мае права на жыццё, з улікам наяўнага досведу: маскі, пальчаткі, антысептыкі?

- Захаванне дыстанцыі - так. Маскі - так. Асабліва падчас павелічэння захворвання. Хай яны не будуць фільтраваць стоадсоткава, але вірусную нагрузку, ад якой залежыць шанец заразіцца, знізяць. Асноўны шлях перадачы каранавіруснай інфекцыі паветрана-кропельны. Кантактны таксама магчымыя, але ў меншай ступені. Таму сталае выкарыстанне антысептыкаў прынясе больш шкоды, чым карысці. Часцей карыстацца імі павінны людзі з групы рызыкі - ва ўзросце, старэйшым за 65, са спадарожнымі захворваннямі (цукровы дыябет, сэрцава-судзінныя паталогіі і інш.). Пальчаткі - поўны нонсэнс! Дарэчы, выжывальнасць каранавіруса на паверхнях да двух тыдняў была моцна перабольшаная. Максімум некалькі гадзін.

- А прафілактыка? Праўда, што дэфіцыт вітаміну D - гэта наогул схільнасць да каранавіруса?

- Апублікаваныя некаторыя звесткі, што недахоп вітаміну D звязаны з захворваннем на каранавірус. Але варта таксама мець на ўвазе, што вітамін D у вялікай колькасці прыгнятае імунную сістэму. Гэта аксіёма. Таму прымаць яго без падстаў не варта. Умацоўвайце імунітэт добрым адпачынкам, паўнавартасным сном і харчаваннем.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках