26 красавiка 2024, Пятніца, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётра Садоўскі: Лукашэнка — гэта абсалютна недамоваздольны чалавек

10
Пётра Садоўскі: Лукашэнка — гэта абсалютна недамоваздольны чалавек
Пётра Садоўскі

Наступствы непрызнаньня яго легітымнасці могуць быць вельмі сур'ёзныя.

Першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Пётра Садоўскі пракамэнтаваў магчымыя дыпляматычныя наступствы непрызнаньня Аляксандра Лукашэнкі з боку шэрагу краіны, у тым ліку ЗША, Канадай, Нямеччынай, Нідэрляндамі і агулам Эўрапейскім Зьвязам, паведамляе “Радыё Свабода”.

— Што на практыцы могуць азначаць заявы пра непрызнаньне Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам з боку краін, зь якімі ў Беларусі ёсьць дыпляматычныя дачыненьні?

— Мы жывём у час, калі розныя пратаколы імкліва разбураюцца. Зьявілася амбівалентнасьць у дыпляматычных стасунках. Таму ўсё будзе залежаць ад далейшых паводзінаў абодвух бакоў. Можа быць і адкліканьне паслоў, і замарожваньне стасункаў, але можа такога і не адбыцца.

Можа здарыцца і так, што, не прызнаўшы Лукашэнку, тыя краіны, як і прапануе Павал Латушка, пачнуць працаваць з прэм’ерам, што будзе адпавядаць Канстытуцыі Беларусі.

Усё гэта даволі непрадказальна. Шмат што будзе залежаць ад эканамічных і фінансавых фактараў.

Таксама важна, наколькі будзе задзейнічаная Расея як магчымы паўнапраўны мэдыятар.

Але адно я ведаю дакладна. Лукашэнка — гэта абсалютна недамоваздольны чалавек, таму, магчыма, гэта павінен быць нейкі зусім новы яго партнэр, той, з кім можна размаўляць. Ён жа ўпёрся, і канец. Ягоная таемная інаўгурацыя сьведчыць пра тое, што ён нават адышоў ад нейкіх вусных дамоўленасьцяў з Масквой.

— Ці тыя заявы пра непрызнаньне легітымнасьці кіраўніка нешта азначаюць з пункту гледжаньня міжнароднага права?

— Вядома, азначаюць. Калі мае месца факт непрызнаньня, адносіны з той краінай, хаця б часова, павінны наладжвацца ў нейкім новым фармаце.

Напрыклад, ёсьць унутраныя эўразьвязаўскія дамовы 2004 году пра тое, што яны ня могуць уводзіць глябальныя санкцыі — толькі кропкавыя ў галіне эканомікі і таксама кропкавыя супраць тых ці іншых асобаў.

Эўразьвяз ня ёсьць глябальным гульцом, яго цікавяць найперш правы чалавека. Але ў новай сытуацыі мы ня ведаем, як можа павярнуцца справа санкцыяў.

— Але калі гаварыць пра двухбаковыя стасункі. Як іх будаваць пасьля заявы пра непрызнаньне кіраўніка дзяржавы легітымным?

— Калі раней, па змоўчваньні, казалі: мы яго ня будзем уводзіць у санкцыйны сьпіс, трэба, каб былі кантакты, каб выконваліся эканамічныя дамовы, каб Беларусь не пакутавала. І так вось ішло, вырашалі зь ім, незаменным. Цяпер сытуацыя можа зьмяніцца.

Што да двухбаковых дачыненьняў, дык тут шмат што будзе залежаць ад рэакцыі Менску і ад кожнай канкрэтнай краіны, бо, паўтараю, у наш час мяняюцца і ламаюцца стандарты дыпляматыі. Калі ўзяць Аўстрыю — гэта ня тое самае, што, напрыклад, Галяндыя, і так далей.

Вось у адказе нямецкага ўраду, які я атрымаў на свой зварот да Ангелы Мэркель, ёсьць адсылка на дамоўленасьці ў рамках так званага «маскоўскага мэханізму» 1991 году. Ён дае права ладзіць стасункі з той ці іншай краінай з улікам датрыманьня ў ёй правоў чалавека.

Нагадаю, «маскоўскі мэханізм» быў прыняты на 3-й нарадзе Канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні 4 кастрычніка 1991 году ў Маскве. Яго сэнс у тым, што кожны чалец АБСЭ мае права трактаваць рэалізацыю патрабаваньняў па чалавечым вымярэньні прымяняльна да пэўнай краіны і карыстацца мэханізмамі, выкладзенымі ў «Венскім заключным дакумэнце» (1989), «Капэнгагенскім дакумэнце» (1990) і «Маскоўскім заключным дакумэнце» (1991).

Так што тут можа быць самае рознае разьвіцьцё сытуацыі як у двухбаковых дачыненьнях, так і ў дачыненьнях з АБСЭ і міжнароднай супольнасьцю наогул.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках