3 сакавiка 2021, Серада, 8:34
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International патрабуе расследавання паводле фактаў з аўдыязапісу з голасам Карпянкова

17
Amnesty International патрабуе расследавання паводле фактаў з аўдыязапісу з голасам Карпянкова
ФОТА: TUT.BY

Згодна з міжнародным правам, міліцэйскае кіраўніцтва аддало загад здзяйсняць злачынствы.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе правесці расследаванне паводле фактаў з апублікаванага ініцыятывай ByPOL аўдыязапісу, на якім чалавек з голасам, падобным на голас намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова, кажа пра (жорсткія метады барацьбы з пратэстоўцамі), паведамляюць naviny.by.

«З чарады інкрымінавальных зліваў, якія паказваюць, што беларускія ўлады прынялі пастанову здушыць мірны пратэст з дапамогай наўмысных парушэнняў правоў чалавека, гэты запіс – калі ён сапраўдны – з'яўляецца самым жахлівым, – прыводзіць сайт арганізацыі словы намесніка дырэктара датычна Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніса Крывашэева. – Усё, што на ім гаворыцца, павінна быць неадкладна, аб’ектыўна і эфектыўна расследавана. Калі высокапастаўлены міліцыянт загадвае сваім падначаленым страляць гумовымі кулямі ў геніталіі, у жываты і ў галаву, калі ён прапануе стварыць лагеры для інтэрнаваных для найбольш актыўных пратэстоўцаў, маючы на ўвазе, што іх смерць проста пазбавіць краіну ад нікому не патрэбных людзей, то паводле міжнароднага права ён аддае загад здзяйсняць злачынствы».

«Голас на запісе таксама спасылаецца на прамыя ўказанні “кіраўніка дзяржавы”. Узнікае пытанне, як у такім выпадку могуць быць эфектыўна расследаваныя ў Беларусі факты, якія ўтрымліваюцца на гэтым запісе. Аднак дзяржава ў любым выпадку нясе адказнасць за расследаванне парушэнняў права ў галіне правоў чалавека і павінна змусіць парушальнікаў да судовага пераследу ў рамках справядлівага судовага разбору. Мы меншага не патрабуем», – дадаў Крывашэеў.

Ініцыятыва ByPOL, якая аб'ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 15 студзеня апублікавала аўдыязапіс, на якім чалавек з голасам, падобным на голас Карпянкова, які раней узначальваў ГУБАЗіК, кажа пра метады барацьбы з пратэстоўцамі ў Беларусі. Запіс зроблены ў кастрычніку 2020 года пасля таго, як на пасаду міністра ўнутраных справаў быў прызначаны Іван Кубракоў (гэта адбылося 29 кастрычніка).

Чалавек на запісе паведамляе, што загінулы 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская» Аляксандр Тарайкоўскі памёр «ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі», а расейская траўматычная зброя «з блізкай адлегласці ад баявой нічым не адрозніваецца». Са спасылкай на прэзідэнта гэты чалавек дае ўказанне ўжываць несмяротную зброю ва ўпор. Паводле ягоных словаў, прыйшоў час, калі ні адзін супрацоўнік праваахоўных органаў не павінен выходзіць на масавыя беспарадкі без агнястрэльнай зброі. Таксама ён адзначае: «Лукашэнкам мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане ўжывання зброі».

Гэты ж чалавек паведамляе, што ў Беларусі ствараецца база звестак удзельнікаў пратэставых акцый, і той, хто трапіў у яе другі раз, «той павінен там і застацца». Паводле ягоных словаў, у краіне будзе створаны «лагер для асабліва востракапытных, для адсялення», абнесены калючым дротам.

Як вынікае з запісу, у міліцыі ёсць задача «абараніць усіх: і Лукашэнку, і ягонае асяроддзе, і ягоную сям'ю – разам са службай бяспекі, і абараніць дэпутатаў і асобаў, якія кіруюць дзяржавай, ад гэтых пагрозаў, а яшчэ на вуліцах навесці парадак».

Паводле словаў чалавека на запісе, разабрацца з вулічнымі пратэстамі было даручана да снежня.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».