Прэзідэнт Літвы: Да лета зможам прышчапіць ад каранавіруса 70% жыхароў
1- 22.01.2021, 18:09
- 11,692
Літва атрымае амаль 4 мільёны доз вакцыны.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў пятніцу падчас выдаленай прэс-канферэнцыі заявіў, што Літва можа спадзявацца на вакцынацыю 70% дарослага насельніцтва краіны да пачатку лета гэтага года. Такой інфармацыяй ён падзяліўся пасля пасяджэння Рады Еўропы, якое адбылося напярэдадні, піша delfi.lt.
«Я б хацеў падзяліцца пэўнай інфармацыяй, атрыманай на ўчорашнім пасяджэнні Рады Еўропы, падчас якога казалі аб пастаўках вакцыны, яе размеркаванні і паскарэнні. Старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен запэўніла нас, што Літва ў I і ва II кварталах гэтага года, практычна да пачатку лета, зможа вакцынаваць 70% дарослага насельніцтва краіны. Гэта нашмат больш, чым мы планавалі і спадзяваліся да нядаўняга часу», - сказаў Наўседа.
Прэзідэнт сказаў, што Літва атрымае амаль 4 млн доз.
З ягоных слоў, вакцынацыя 70% жыхароў можа быць дасягнутая да «дня каранацыі Міндоўга». Ён сказаў, што перамены будуць магчымыя, калі найбліжэйшым часам зацвердзяць вакцыну кампаніі Aztrazenecа.
«Гэтае пытанне будуць абмяркоўваць у наступную пятніцу, калі пастанова будзе станоўчай, вакцына паступіць у Літву ў сярэдзіне лютага. На чарзе іншая буйная кампанія - Johnson and Johnson», - сказаў Наўседа.
Гэтую вакцыну абмяркуюць у сакавіку, калі пастанова будзе станоўчай, то вакцына з'явіцца ў Літве ў красавіку. Гэтая вакцына адрозніваецца тым, што, магчыма, дастаткова будзе адной дозы.
«Магчыма, выстарчыць і адной дозы вакцыны Johnson and Johnson, цяпер праводзяць даследаванні», - сказаў прэзідэнт Літвы.
Ён адзначыў, што ўмовы транспартавання вакцын дзвюх апошніх кампаній нашмат прасцейшыя, а гэта аблегчыць працэс паставак вакцыны ў Літву.
Наўседа сказаў, што самым вялікім выклікам найбліжэйшым часам будзе не недахоп вакцыны, а размеркаванне яе па ўсёй краіне і масавая вакцынацыя.