26 красавiка 2024, Пятніца, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ананімныя сведкі ў балаклавах спадзяюцца сысці ад адказнасці, але кожны суддзя вядомы

29
Ананімныя сведкі ў балаклавах спадзяюцца сысці ад адказнасці, але кожны суддзя вядомы
МІХАІЛ ПАСТУХОЎ

Неўзабаве сонца ўзыдзе на нашым небасхіле.

Колькасць беларускіх суддзяў складае звыш 1200 чалавек, прычым, больш за дзве траціны з іх – жанчыны. Кажуць, вайна – справа мужчынская. Але на нашай вайне актыўна ваююць жанчыны. Чаму яны настолькі жорсткія? Пра гэта – размова «Беларускага партызана» з доктарам юрыдычных навук, прафесарам Міхаілам Пастуховым.

- Цяпер эпіцэнтр рэпрэсій перамясціўся ў суды. Як атрымалася, што кожны палітычны судовы працэс ці прысуд - гэта шок?

- За дзейнай уладай суды сталі прыладай расправы з непажаданымі людзьмі. З выкарыстаннем свайго становішча яны выносяць пакаранні і тым самым ствараецца бачнасць нейкай законнасці. Напраўду цяперашнія суддзі з'яўляюцца суўдзельнікамі таго, што адбываецца. На маю думку, група ўлады ператварылася ў карпарацыю, якая ўтрымлівае ў закладніках насельніцтва краіны. І ў гэтай карпарацыі судам адведзеная роля карных органаў.

- Колькі ў краіне суддзяў? Чаму ўсе яны паслухмяна выконваюць палітычны заказ?

- Цяпер колькасць беларускіх суддзяў складае звыш 1200 чалавек, прычым, больш за дзве траціны з іх – жанчыны. Гэта тлумачыцца тым, што асноўным рэзервам судовых кадраў з'яўляюцца сакратары судовых пасяджэнняў, якія пішуць пратаколы і займаюцца іншай руціннай працай. За час сваёй дзейнасці яны адаптуюцца, атрымліваюць завочную юрыдычную адукацыю. Пасля дасягнення 25-гадовага ўзросту іх прасоўваюць на судовую пасаду як добра навучаных і правераных работнікаў. Для гэтага маюцца стымулы: значны рост заробку, прысваенне высокага класа дзяржаўнага службоўцы, магчымасць атрымання службовага жылля, перспектывы кар'ернага росту. Да таго ж такія суддзі добра ведаюць, што ад іх хочуць улады.

Суддзі знаходзяцца пад пільнай увагай вышэйшых і кантрольных органаў. Яны праходзяць перыядычныя атэстацыі на прадмет прафесійнай пісьменнасці і палітычнай лаяльнасці. Яны дзейнічаюць строга на ўказанні свайго начальства і не наважваюцца яму пярэчыць. Ад гэтага залежыць іх заробак (у тым ліку прэміяльныя) і перспектывы росту (падаўжэнне кантракту). Суддзі, як і «сілавікі», знаходзяцца пад прыкрыццём «сістэмы» і ведаюць, што ім нічога не будзе ў выпадку выканання «заказаў».

- У адрозненне ад людзей у балаклавах, якія выступаюць у якасці пацярпелых і сведак у судах, у суддзі ёсць прозвішча і імя. Па сканчэнні часу такога суддзю могуць судзіць за неправамерныя прысуды і пакаранні?

- Так, суддзям даводзіцца рабіць сваю працу публічна. Іх Прозвішчы і подпісы застаюцца пад кожным агучаным прысудам як сляды альбо законнай, альбо супрацьпраўнай дзейнасці. Калі зменіцца сістэма ўлады, то ў іх не будзе «даху», які раней абараняў ад гневу несправядліва асуджаных. Вельмі магчыма, што ім давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закона.

Аднак за цяперашняй сістэмай улады суддзі не могуць дзейнічаць па-іншаму. Больш таго, іх прашэнне аб адстаўцы можа быць расцэненае як здрада ў дачыненні да ўлады. Такіх суддзяў могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці з надуманых (напрыклад, інсцэніраваць перадачу хабару) або рэальных абвінавачванняў.

На мой погляд, у новых варунках варта правесці татальную кадравую чыстку судоў. Для гэтага трэба ўвесці прынцып выбарнасці суддзяў. Пасля рэкамендацыі кандыдата на замяшчэнне пасады суддзі з боку органа судзейскага самакіравання ён павінен атрымаць падтрымку прадстаўнічага органа ўлады (парламента для суддзяў вышэйшых судоў, мясцовага прадстаўнічага органа – для астатніх суддзяў). Толькі новыя суддзі, свабодныя ад повязі мінулай сістэмы могуць вяршыць законнае правасуддзе. Напрыклад, яны могуць лёгка перагледзець усе справы мінулых гадоў, а таксама бесстаронна правесці працэсы ў дачыненні да тых былых суддзяў, якія ўчынілі злачынствы супраць правасуддзя.

- Палітвязні ў Беларусі з'явіліся не сёння. Увесь свет ведаў аб гэтай праблеме. Чаму нягледзячы на ўсе намаганні, палітвязняў стала не менш, а значна больш?

- Цяпер, паводле звестак праваабаронцаў, такіх асоб амаль 200 чалавек. На мой погляд, гэта адбылося з той прычыны, што пасля распаду СССР беларусы так і не здабылі свабоды. Савецка-партыйны рэжым неўзабаве змяніўся рэжымам адзінаасобнай улады. Ён стаў яшчэ больш жорсткім, чым улада за камуністамі. Сістэма ўлады была пабудаваная на прынцыпе асабістай адданасці і кругавой парукі. Ва ўсіх сферах жыцця быў устаноўлены жорсткі кантроль з цэнтра: у сферы эканомікі, фінансаў, СМІ, выбараў. Адбылася «зачыстка» ў сферы дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый. На месцах сфармаваная «прэзідэнцкая вертыкаль». У выніку краіна ператварылася ў рэжымны лагер са шматлікімі наглядчыкамі і кантралёрамі. Усякая актыўнасць і незадаволенасць жорстка душацца.

Пазітыўным фактарам з'яўляецца тое, што многія грамадзяне ўсвядомілі сваё бяспраўнае і залежнае становішча і зразумелі, што ўяўляе сабой дзейная ўлада. Расце грамадская свядомасць і салідарнасць людзей. У той жа час улада слабее, губляе свой патэнцыял, дэградуе. Час перамен наблізіўся. Падзеі ў Расеі даюць дадатковую надзею, бо там такі ж рэжым, як і ў Беларусі. Таму наша вызваленне ад прыгнёту ўлады з'яўляецца агульнай справай. Думаю, што неўзабаве сонца ўзыдзе на нашым небасхіле і напоўніць жыццё святлом і радасцю.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках