26 красавiка 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беспрацоўнаму з-пад Століна налічылі падатак на няісны даход

23
Беспрацоўнаму з-пад Століна налічылі падатак на няісны даход

На думку лукашыстаў, выжыў, значыць, не галадаў.

Сяргей Ляшкевіч жыве ў вёсцы Рубель Столінскага раёна. Ён беспрацоўны. Ва ўласнасці не мае нават ровара. Але яму налічылі падаходны падатак, большы за тысячу рублёў, піша сайт «Медиа-Полесье».

Як і тысячы ягоных землякоў, Сяргей вырошчвае гародніну, збірае журавіны ў балоце, прадае аптавікам і так зарабляе на хлеб. Дома свайго ў яго няма, пражывае ў бабуліным, аўто, матацыклам, роварам таксама не разжыўся.

У ліпені 2020 года інспекцыя падаткаў і збораў Столінскага раёна запатрабавала ад Сяргея падаць дэкларацыю аб даходах за 2020 і 2021 гады. Падаткавікі палічылі, што, з наяўных у іх звестак, за сем гадоў, гэта значыць, з дня паўналецця, папярэдняя сума перавышэння кошту належнай яму маёмасці і выдаткаў над даходамі склала 13 940,59 рубля.

- Ніхто да мяне не прыязджаў, маёмасць маю не ацэньваў, - распавядае Сяргей. - Проста палічылі мінімальны бюджэт пражытковага мінімуму за сем гадоў. Раз выжыў, з голаду не памёр, значыць, меў такі прыбытак. Спачатку мне было смешна, не мог паверыць, што такое магчыма. Раіўся з адвакатам, ён таксама здзіўлены. У ягонай юрыдычнай практыцы такіх выпадкаў раней не было. Гэта нешта новенькае...

- Тлумачыў інспектару, што вырошчваў агуркі і здаваў іх на аптовым рынку. Вырошчванне сельгаспрадукцыі на прысядзібным надзеле падаткам не абкладаецца. Збіраў журавіны ў балоце і здаваў аптавікам проста на выхадзе з балота. А мне ў адказ - пакажы даведку, што гэта сапраўды так і было. Каму здаваў, калі, колькі і якім коштам... Няма даведкі - плаці падаходны падатак.

Сёння Сяргею Ляшкевічу ўжо не да смеху. У кастрычніку ён атрымаў акт камеральнай праверкі адпаведнасці выдаткаў і даходаў фізічнай асобы. Паводле ўдакладненых звестак, перавышэнне выдаткаў над даходамі склала 6983,83 рубля. З гэтай сумы яму загадана ў 30-дзённы тэрмін заплаціць дзяржаве падаходны падатак па стаўцы 16% - 1117,47 рубля.

Сяргей мяркуе, што гэта толькі пачатак. Напэўна, я не апошні беспрацоўны на Століншчыне, чые даходы і выдаткі палічылі ў падатковай інспекцыі. І калі з мяне, які не мае ва ўласнасці нічога, акрамя SIM-карткі да мабільнага тэлефона, патрабуюць выплаціць такую суму з няіснага даходу, то што тут казаць пра тых, хто за кошт вырошчвання сельгаспрадукцыі і збору дзікаросаў будуе дамы, купляе новую мэблю, аўтамабілі. У іх таксама няма даведак, каму, якім коштам і колькі прадукцыі здавалі...

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках