26 красавiка 2024, Пятніца, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

12 рэчаў, для якіх найлепшы час - вечар, хоць шмат хто робіць іх зранку

5
12 рэчаў, для якіх найлепшы час - вечар, хоць шмат хто робіць іх зранку

У дачыненні да іх прыказка «Пераначуем – болей пачуем» не дзейнічае.

Ёсць даволі шмат рэчаў, якія нібыта трэба рабіць раніцамі, напрыклад, прымаць душ. Але навуковыя даследаванні даводзяць: менавіта вечар - найлепшы час для іх. А ў канцы вас чакае бонус, які растлумачыць, як вам можа дапамагчы выспацца звычайны аловак.

AdMe.ru сабраў 12 рэчаў, у дачыненні да якіх прыказка «Пераначуем – болей пачуем» не дзейнічае. Калі вы будзеце рабіць іх вечарамі, тая раніца новага дня стане толькі лепшай.

1. З'есці трохі мяса або тварагу

Поўная адмова ад ежы за некалькі гадзін да сну толькі перашкодзіць вам выспацца. Лепш за ўсё зрабіць выбар на карысць тварагу або мяса, бо яны багатыя на бялок і трыптафан - амінаквас, які спрыяе паляпшэнню якасці сну. Абраць у якасці альтэрнатывы вялікую порцыю гародніны - не найлепшая ідэя перад сном: рызыкуеце атрымаць прыпухласць і мэтэарызм.

Голад часта выклікае бессань, а калі легчы спаць без вячэры, то сняданак, мусібыць, будзе занадта сытным. Ды і заснуць пад бурчанне ў жываце - задача не з лёгкіх.

2. Прайсціся

Выпраўцеся перад сном на кароткі шпацыр. Ёнг дапаможа «пераступіць» праз клопаты і трывогі мінулага дня. Вы зможаце атрымаць асалоду ад супакою і абдумаць пытанні, якія хвалююць вас. Акрамя таго, вечаровыя праходкі карысныя для здароўя і дапамагаюць у барацьбе з бессанню.

Менавіта падчас шпацыру вас могуць наведаць новыя ідэі або нестандартныя развязкі праблем. Нездарма яго так любяць кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг і заснавальнік Twitter Джэк Дорсэй.

3. Прадумаць (а лепш запісаць) план дзеянняў на наступны дзень

Аўтар кнігі «Агульны вынік» Дарэн Хардзі упэўнены: складзены з вечара план дзеянняў дапамагае падтрымліваць парадак у жыцці. Мы часта складаем спіс спраў на дзень у ранішнім спеху і ў выніку або забываемся пра важныя, або бяром на сябе больш, чым можам выканаць. Прадуманы план дзеянняў дапаможа вам ранкам не кідацца, а крок за крокам выконваць патрэбныя заданні, не марнуючы каштоўны час і энэргію.

Распарадак дня зусім не пазбаўляе вас неспадзяванак і імправізацый, але пры гэтым вас значна цяжэй будзе выбіць з каляіны.

4. Правентыляваць пакой

У арганізме чалавека ёсць белы тлушч. Менавіта ён адкладаецца на целе там, дзе менш за ўсё хацелася б. Але ёсць таксама і іншы тлушч - буры. Ён удзельнічае ў тэрмарэгуляцыі арганізма і з'яўляецца крыніцай энэргіі. Даследаванні давялі: пры дзеянні халодных тэмператур белы тлушч можа ператварацца ў буры, што, у сваю чаргу, паляпшае метабалізм.

Нягледзячы на тое, што хочацца заставацца ў цяпле як мага даўжэй, лепш пераадолець сябе і адчыніць акно ў спачывальні. Вам не мае быць занадта холадна, але халаднаватае паветра нават у сне прымусіць працаваць буры тлушч і больш актыўна выдаткоўваць энэргію.

5. Падрыхтаваць убор і абед на наступны дзень

Падрыхтоўка ўбору і аксесуараў з вечара ашчаджае вашыя час і нэрвы раніцай. Вы ўратуеце сябе ад пакутлівага соннага выбару, засцеражацеся ад непрыемных сюрпрызаў накшталт заўважанай перад выхадам плямы на кашулі і падарыце сабе яшчэ як мінімум 15 хвілін на ранішнюю каву і лёгкае размінанне.

Таксама збярыце з вечара абед, калі палуднуеце ў канторы, і прадумайце, чым будзеце снедаць. Пустая лядоўня зранку наўрад падсілкуе вас пазітывам і гуморам на дзень.

6. Займацца ёгай і медытаваць

Мы часта пакідаем трэнінг на раніцу і прапускаем яго праз нястачу часу. Але менавіта вечаровая медытацыя і заняткі ёгай - выдатны спосаб упарадкаваць думкі ды эмоцыі, зняць напружанне і сустрэць наступны дзень адкрытымі новаму досведу і ведам. Апошнім часам вельмі папулярная практыка mindfulness - усвядомленая медытацыя. Вымеркуйце хоць бы 10 хвілін перад сном для выканання пары нескладаных практыкаванняў.

У шмат каго з людзей не выходзіць займацца медытацыяй, бо вельмі складана вымкнуць плынь думак у галаве і не рэагаваць на пабочныя гукі. У гэтым выпадку важна перавесці ўвагу на свае ўнутраныя адчуванні. Ляжце, заплюшчыце вочы і ў думках даследуйце кожную частку свайго цела, сканцэнтраваўшы на ёй сваю ўвагу, а затым разнявольце яе. Пасля гэтага заснуць вам будзе значна прасцей.

7. Прыняць гарачы душ або ванну

Гарачы душ зранку - не найлепшы выбар, бо нашмат больш карысці ён прынясе вам увечары. Калі тэмпература вашага цела змяняецца пад уздзеяннем цяпла, гэта выклікае моцнае жаданне хутчэй заснуць. Так што цёплая ванна - выдатны спосаб перамагчы бессань.

Зрэшты, гарачая ванна або душ перад сном маюць яшчэ некалькі прыемных бонусаў: супакойваюць нервы, чысцяць сітавіны, нармалізуюць узровень глюкозы ў крыві і разнявольваюць хрыбет, а гэта пасля 8-гадзіннага працоўнага дня ў канторы вельмі важна.

8. Прачытаць некалькі раздзелаў кнігі, якую вы хацелі б запомніць

Навукоўцы Сусэцкага ўніверсітэта давялі, што чытанне - найлепшы спосаб разняволіцца, бо занурэнне сябе ў іншы свет адцягвае ад бягучых праблем нашмат больш эфектыўна, чым кубак гарбаты або праслухоўванне музыкі. Вам дастаткова прабавіць толькі 6 хвілін з кнігай, каб паменшыць узровень трывогі і разняволіць цягліцы.

Ваш мозг лепш запамінае менавіта тое, што Вы чытаеце перад сном, і гэта дапамагае студэнтам перад здачай іспытаў. Ніякіх смартфонаў і кампутараў - выкарыстоўвайце звычайныя кнігі, каб не мець праблем з выпрацоўкай мелатаніна ад святла экрана.

9. З'есці ківі, каб лепш выспацца

Шмат хто з нас пакідае садавіну на раніцу, але, выяўляецца, сярод яе ёсць такая, што значна больш карысна з'есці ўвечары. Да прыкладу ківі. Даследаванне тайваньскіх навукоўцаў давяло: ужыванне 2 ківі за гадзіну да сну на працягу месяца дапаможа хутчэй засынаць і лепш высыпацца. Вітаміны C і E у ківі рэгулююць нэйронныя сувязі ў мозгу, якія адказваюць за здаровыя цыклы сну, і стымулююць выпрацоўку сэратаніну.

Не варта замяняць ківі лімонам: атрымаеце супрацьлеглы эфект. Цытрын бадзёрыць, напаўняе энэргіяй і сілкуе ваш арганізм. А вось шклянка цёплай вады з мёдам і лімонам такога эфекту мець не будзе.

10. Выпіць шклянку вішнёвага соку

Даследаванні, праведзеныя ва Універсітэце штата Луізіяны, паказалі, што 2 шклянкі вішнёвага соку, выпітага бліжэй да вечара, дапамагаюць спаць лепш і мацней і павялічваюць працягласць сну амаль на 90 хвілін. Чырвоныя пігменты праантацыянідыны ў вішні памяншаюць хуткасць раскідання трыптафану, дазваляючы яму працаваць даўжэй у вашым целе.

Вы не прыхільнік вішнёвага соку? Тады ўключыце ў сваю вячэру марскую водарасць. Паводле звестак даследавання навукоўцаў Оксфарда яны багатыя на амега-3-квас і таксама дапамагаюць спаць мацней і лепш.

11. Расчасаць валасы

Працэдура расчэсвання перад сном добра чысціць скуру галавы ад змярцвелых каморак, пылу і скурнага сала, а лёгкі масаж мяккай шчоткай дапамагае ў транспартаванні кіслароду і пажыўных рэчываў да каранёў валасоў. А раніцай іх не давядзецца похапкам разблытваць і ўкладваць.

Вядомы стыліст Вялікай Брытаніі Сэм Барнэт запэўнівае, што расчэсваць валасы дастаткова 2-3 разы на дзень, інакш яны становяцца больш тлустымі і крохкмі. І рытуал «трэба правесці грабянцом па валасах 100 разоў» не вытрымлівае ніякай крытыкі.

12. Прааналізаваць мінулы дзень

Прааналізуйце пражыты дзень, успомніце ўсё тое добрае, што здарылася з вамі, падумайце над тым, што вам хацелася б змяніць, зрабіце некалькі запісаў у сваім дзённіку, калі ведзяце яго. Даследаванні даказваюць: аналіз пражытага дня (нават калі ён быў не найлепшым) вельмі карысны. Ну а калі станоўчых эмоцый перад сном не хапае, зрабіце нешта прыемнае - ды хоць катка паціскайце.

Шчасце ва ўменні радавацца сапраўднаму. У жыцці няма нічога сталага. Большасці з нас толькі вечар выпадае прабавіць з любымі людзьмі, дый тое не заўсёды. Падзякуеце ім за ўсё добрае і скажыце, як моцна Вы іх любіце.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках