21 студзеня 2022, Пятніца, 0:05
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі бізнэс пабег у цень з рэкорднай хуткасцю

5
Расейскі бізнэс пабег у цень з рэкорднай хуткасцю

Тэмпы звальненняў сталі блізкімі да абсалютнага рэкорду.

Расейская эканоміка ў другім квартале 2021 года перажыла ўсплёск звальненняў супрацоўнікаў прадпрыемствамі сярэдняга і буйнога бізнэсу. На падлікі аўдытарска-кансалтынгавай сеткі FinExpertiza, за тры месяцы працу страцілі 2,66 мільёна чалавек.

Для адпаведнага перыяду (красавік-чэрвень) гэта максімальнае значэнне, прынамсі, з 2013 года, прыводзіць РБК вынікі даследавання, заснаванага на статыстыцы Расстата.

Тэмпы звальненняў сталі блізкімі да абсалютнага рэкорду, устаноўленага ў 2019 годзе: тады ў трэцім квартале былі звольненыя 2,76 мільёна чалавек. Пад звальненнямі Расстат мае на ўвазе спыненне працоўных стасункаў на ўсякія прычыны, прычым гаворка ідзе толькі пра выпадкі «белага» працаўладкавання.

Сярод прычын звальненняў лідаруе звальненне на ўласнае жаданне. На гэтай падставе свае месцы працы пакінулі 77,2% выбыўшых работнікаў, або 2,06 мільёна чалавек.

Яшчэ 388,3 тысячы чалавек, або 14,6% ад усіх звольненых, спынілі працоўныя стасункі «паводле артыкула», у сувязі са сканчэннем тэрміну дамовы, з прычыны смерці, у сувязі з сыходам на вайсковую службу і на іншых падставах.

Па скарачэнні штата пазбавіліся працы ўсяго 42,8 тысячы чалавек, або 1,6% ад усіх звольненых.

Пры гэтым «хваля звальненняў» была кампенсаваная высокімі тэмпамі найму: прадпрыемствы ў другім квартале 2021 года прынялі на працу 2,35 млн чалавек, што таксама з'яўляецца сезонным рэкордам з 2013 года. Аднак баланс рынку працы застаўся адмоўным: страцілі працу на 310 тысяч больш, чым знайшлі.

Сярод прычын рэкорднай колькасці выпадкаў звальнення ў другім квартале - рост ценявой занятасці і шэрых заробкаў расейцаў, мяркуе старшыня грамадскага руху «Труд» Сяргей Пяскоў.

«Бізнэс ва ўмовах пандэміі і скарачэння прыбытку вымушаны аптымізаваць выдаткі і пераводзіць выплаты супрацоўнікам у канверты, без афіцыйнага працаўладкавання», - адзначае ён.

Пра гэта ж кажа і статыстыка ЦБ, якая фіксуе выбухны рост гатоўкі ў абарачэнні.

Летась на фоне пандэміі гатоўка ў Расеі ўзляцела на рэкордныя 2,6 трыльёна расейскіх рублёў. І хоць цэнтрабанк неаднаразова прагназаваў, што «кэш» вернецца ў банкаўскую сістэму па меры таго, як людзі будуць павялічваць выдаткі, гэтага не адбылося.

За студзень-верасень папяровых грошай у эканоміцы стала больш яшчэ на 600 млрд расейскіх рублёў.

Таксама на сітуацыю паўплывала зніжэнне даходаў рэгіянальных прадпрыемстваў, якія не могуць павышаць аб'ёмы вытворчасці праз падзенне пакупніцкай актыўнасці. Праз гэта кіраўнікі вытворчасцей вымушаныя скарачаць выдаткі і вызваляць персанал, мяркуе Пяскоў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».