7 снежня 2021, aўторак, 9:00
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Джордж Вашынгтон заўважыў ваенны геній Тадэвуша Касцюшкі

1
Як Джордж Вашынгтон заўважыў ваенны геній Тадэвуша Касцюшкі

На амерыканскі кантынент наш нацыянальны герой выправіўся ў 1776 годзе.

Генерал Тадэвуш Касцюшка... Гэты выдатны чалавек з'яўляецца, мабыць, самым вядомым беларусам. Ён уважаецца за нацыянальнага героя-вызвольніка жыхарамі адразу пяці краінаў, у тым ліку ЗША, Францыі, Польшчы, Літвы і, вядома, самой Беларусі. Тадэвуш Касцюшка з'яўляўся арганізатарам паўстання на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (на землях сучаснай Беларусі) і Польшчы, якія ў тыя гады ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Сёння ў гэтых краінах ён уважаецца за нацыянальнага героя, піша «Літвін».

На прапанову Напалеона стаць правадыром польскага паўстання, а надалей кіраўніком герцагства Варшаўскага, Тадэвуш адказаў адмовай. Для Францыі і Амерыкі ён стаў сапраўдным увасабленнем сумленнасці, нязломнай волі і мужнасці. Гэтыя дзве краіны зрабілі нават яго сваім ганаровым грамадзянінам.

На амерыканскі кантынент Касцюшка выправіўся ў 1776 годзе, даведаўшыся пра распачатую там вайну за незалежнасць. Ідэі каланістаў, якія змагаліся за ўласную свабоду, як мага лепш адпавядалі ягоным уласным памкненням. Тадэвуш заняўся там распрацоўкай умацаванняў і будаўніцтвам форта ў Вест-Лойнце. Надалей, у 1783 годзе, Кангрэс прызнаў ягоныя заслугі і даў яму званне палкоўніка Кантынентальнай арміі, а потым і брыгаднага генерала.

Першапачаткова Касцюшка заняўся ўмацаваннем горада Філадэльфіі, дзе размясціўся з'езд дэпутатаў каланістаў – Кантынентальны кангрэс. Дзякуючы сваім ведам і здольнасцям ён тут жа быў пераведзены ў ваеннае міністэрства галоўным інжынерам.

Другое дасягненне Касцюшкі – распрацоўка ў 1776 годзе магутных абарончых збудаванняў у форце Білінгспорт, у порце, а таксама на мысе Білінг. Пасля пераходу ў Паўночнае войска пад камандаванне генерал-маёра Гейтса Тадэвуш змог выратаваць амерыканскіх салдатаў, што адыходзілі ад форта Тыкондэрога. Ён даў ім заданне ствараць на шляху перашкоды з разбураных мастоў і дамбаў, дзякуючы чаму яны змаглі паспяхова пераправіцца праз раку і сысці ад праціўніка.

Для абароны войска перад бітвай пад Саратогай Касцюшка, старанна даследуючы тэрыторыю, выкарыстоўваючы натуральныя перашкоды, змог у кароткі час узвесці непрыступныя з любога боку ўмацаванні. Менавіта дзякуючы ягоным інжынерным пошукам амерыканская армія змагла не толькі выстаяць пад націскам спаборніка, але і разбіць ворага.

Заслугі Касцюшкі прызнаў не толькі Гейтс, але і сам генерал Джордж Вашынгтон, які ў той час быў галоўнакамандавальнікам Кантынентальнай арміі. Паводле ягоных словаў, ваенны геній маладога інжынера-ліцвіна прынёс арміі перамогу не толькі пад Саратогай, але ў выніку і ў самой вайне за незалежнасць.

У 1778 годзе Тадэвуш выпраўляецца ў форт Вэст-Пойнт. Для ягонага ўмацавання ён не стаў выбудоўваць звыклыя ў той час фартыфікацыйныя збудаванні, а расставіў невялікія фарты і рэдуты на пагорках. Асноўны форт размяшчаўся на схіле самага вялікага пагорка. Пад ім былі расстаўленыя батарэі. Раку Касцюшка загарадзіў магутным ланцугом з якарамі.

Нямала карысці прынёс Тадэвуш і ў Паўднёвай арміі, куды ён адправіўся на загад генерала Вашынгтона. У канцы вайны ён камандаваў выведкай і кавалерыяй.

У 1783 годзе Касцюшка атрымаў ганаровае званне брыгаднага генерала. У гэты ж час Вашынгтон дае яму два пісталеты, іменны пярсцёнак, а таксама шпагу, на якой напісана: «Амерыка і Вашынгтон сябру Касцюшку». Інжынер-ліцвін таксама атрымаў самую прэстыжную ўзнагароду – ганаровы ордэн Цынцынаці, сімвал адвагі і служэння грамадскаму абавязку. Тадэвуш стаў грамадзянінам ЗША, атрымаў у гэтай краіне пажыццёвую пенсію, а таксама 200 га зямельнага надзелу.

Аднак Касцюшка не мог жыць без радзімы і ў 1784 годзе вярнуўся ў Рэч Паспалітую. Удзельнічаючы ў вайне супраць Расеі, ён атрымаў ужо ў Польшчы званне генерал-лейтэнанта. Змагаючыся супраць расейскай акупацыі, надалей ён стаў у Кракаве кіраўніком паўстання. Пахаваны знакаміты герой быў у 1817 годзе ў Швэйцарыі ў склепе царквы Залатурн. Сёння ў ягоным родавым маёнтку знаходзіцца музей.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».