У Літве зноў выявілі кантрабандныя беларускія цыгарэты на 1,4 мільёна еўраў
3- 23.10.2021, 21:50
- 6,360
Гэтым разам у фуры з «торфам».
У Літве распачатае дасудовае расследаванне паводле факту кантрабанды цыгарэт вартасцю 1,4 млн еўраў, паведамляе zerkalo.io са спасылкай на мытную крымінальную службу краіны.
Падчас рэйду на мяжы з Польшчай мытная крымінальная служба Літвы праверыла фуру, у якой везлі нібыта торф з Эстоніі ў Нямеччыну. Замест торфу, заяўленага ў дакументах, мытнікі знайшлі ў 400 тысяч пачках беларускія цыгарэты на суму блізу 1,4 млн еўраў.
Паводле факту кантрабанды распачатае дасудовае расследаванне, тавар і аўтамабіль органы затрымалі, дакументы сканфіскавалі, а кіроўцу фургона адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Якія вялікія партыі кантрабандных цыгарэт фіксавалі на беларуска-літоўскай мяжы сёлета
Гэта адзін з найбольшых выпадкаў кантрабанды, затрыманай на беларуска-літоўскай мяжы.
29 красавіка 2021 года на пункце «Меднікі» (сумежны з беларускім «Каменным Логам»). Беларускую фуру з драўнянымі плітамі адправілі на мытны надгляд, але там яна так і не з'явілася. Самаход знайшлі кінутым з ключамі ў замку запальвання, а кіроўца ўцёк. Вартасць выяўленай кантрабанды ацанілі на 2,4 млн еўра.
У аўто, якое прыехала на пункт «Салечнікі» 17 красавіка 2021 года, выявілася больш за паўмільёна пачкаў цыгарэт з Беларусі на суму 1,73 мільёна еўраў, схаваных у схованках ў драўняных панэлях, якія яшчэ называюць «трунамі». Падазрэнне мытнікаў выклікаў гук, які можна было пачуць пры паляпванні па тавары - стваралася ўражанне, што там ёсць паражніны. Характэрна, што за два дні да гэтага на памежным пераходзе «Райгард» пры аналагічных абставінах затрымалі фуру з Беларусі, якая перавозіла 400 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт вартасцю 1,39 млн еўраў.
Яшчэ адну вялікую партыю выявілі 3 сакавіка на памежным пераходзе «Райгард», і зноў сховы былі абсталяваныя ў «ладунку» піламатэрыялаў, які, як запэўніваў кіроўца, ён вёз у Эстонію. Агулам знайшлі 320 тысяч пачкаў на суму большую за 1 млн еўраў.
5 кастрычніка мытныя органы Літвы выявілі 750 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт агульнай вартасцю 2,7 млн еўраў.
8 кастрычніка літоўскія мытнікі ў пункце «Райгард» у адным з фургонаў, якія рухаліся з Беларусі, таксама знайшлі партыю кантрабандных цыгарэт на суму амаль 1,5 млн еўраў.