26 красавiка 2024, Пятніца, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Праслухоўванне» за грошы: за што знялі начальніка РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля?

9
«Праслухоўванне» за грошы: за што знялі начальніка РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля?
ФОТА: NN.BY

Сталі вядомыя падрабязнасці гучнага звальнення.

«Радыё Свабода» паведамляла, што знялі з пасады начальніка РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандра Шапарава і начальніка крымінальнага вышуку гэтага ж РАУС. Нібыта за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. «Наша Ніва» высветліла падрабязнасці гэтых звальненняў.

Як тлумачаць крыніцы «Нашай Нівы», апрача Шапарава з працы звольнілі яшчэ некалькі супрацоўнікаў, пераважна - крымінальнага вышуку. Некалькі з іх зараз у СІЗА. Сам жа начальнік РАУС, як і начальнік крымінальнага вышуку, пакуль што на волі.

З нашай інфармацыі, прычына звальнення кіраўнікоў РАУС у тым, што аператыўнікі крымінальнага вышуку нібыта фальсіфікавалі справы аператыўнай распрацоўкі. Гэта яны рабілі для таго, каб праводзіць «аператыўна-вышуковыя» мерапрыемствы аб тых асобах, якіх за грошы «заказвалі» зацікаўленыя.

Пры гэтым механіка схемы такая, што ў працэдуру аўтаматычна ўцягнутае і начальства.

Хто ж звычайна заказвае такія справы?

«На абы каго справы заводзіць не будуць. Як правіла, гэта прадстаўнікі бізнэсу, канкурэнты якіх хочуць атрымаць доступ да дакументацыі ці адцягнуць ад рэальнай працы. Задача «пасадзіць» неабавязковая», - кажуць нашыя крыніцы.

Як гэта выглядае на практыцы? Нашы суразмоўцы кажуць, што сілавікі ініцыююць аператыўную распрацоўку «заказанага» чалавека. Для гэтага яны пішуць рапарт аб распачынанні справы. На падставе «інфармацыі». Сапраўднасць гэтай інфармацыі яны нібыта збіраюцца праверыць.

«Рапарт аб распачынанні справы аператыўнай распрацоўкі зацвярджае начальнік РАУС або ягоны намеснік - начальнік крымінальнай міліцыі, - адзначаюць крыніцы. - Далей выносяцца пастановы на кантроль у сетках электрасувязі.

Пасля аператыўнікі атрымліваюць у пракурора санкцыі і запаўняюць заданне на правядзенне кантролю. А затым заданне зацвярджаюць у начальніка РАУС ці «начальніка крымінальнай міліцыі».

Пасля гэтага паперы перадаюцца спецыялістам Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці».

Як кажуць суразмоўцы «НН», пасля атрымання неабходнай інфармацыі справы аператыўнай распрацоўкі, як правіла, закрываюцца, выканаўцы атрымліваюць грошы, а заказчыкі - абяцанае.

«У Расеі даўно існуе такая практыка - ладзіць справы аператыўнага ўліку за грошы. У Беларусі гэта толькі пачынаецца. Такія выпадкі здараліся і раней, у тым жа Гомелі калісьці быў мегаразнос за злівы рытуальным канторам інфармацыі аб памерлых - гісторыя скончылася масавымі вымовамі і некалькімі крымінальнымі справамі для сілавікоў.

Трэба разумець, што ў кожным ведамстве ёсць карупцыя, у кожным ёсць людзі, якія «круцяцца». Вось у міліцыі яны «круцяцца» пераважна так. Пошукі, зслівы, ліпавыя аператыўныя справы - гэта не навіна», - дадае наш суразмоўца.

Нагадаем, адной з самых рэзанансных гісторый праслухоўванняў у Беларусі здарылася ў 2015 годзе з палітыкам Анатолем Лябедзькам. Ён знайшоў у рэстараннай сурвэтніцы жучка. Высветлілася, што ставілі яго не беларускія спецслужбы - КДБ выйшаў на групу адстаўнікоў, якая праслухоўвала чыноўнікаў, сілавікоў, журналістаў.

Маштабы праслухоўванняў былі такія, што гэтую дзейнасць звязалі з цікавасцю адной з суседніх краін, якая звязана з Беларуссю дагаворам аб неправядзенні выведвальнай дзейнасці, і таму дзейнічала рукамі былых спецслужбістаў, якія атрымалі адукацыю ў Расеі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках