26 красавiка 2024, Пятніца, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не толькі паўстанец: новы погляд на Кастуся Каліноўскага

Не толькі паўстанец: новы погляд на Кастуся Каліноўскага

Што вядома пра нацыянальнага героя Беларусі як пра палітыка?

Кніга гісторыка Сяргея Абламейкі "Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі" ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройца 2021 года. Яна з’яўляецца аналізам двухсотгадовага адцінка беларускай гісторыі. Галоўная тэма, якую разбірае аўтар —постаць самога Кастуся Каліноўскага, паведамляе "Еўрарадыё".

Якая роля ў кнізе адводзіцца вядомаму беларускаму дзеячу?

— Да гэтага мы ведалі Каліноўскага-паўстанца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Абламейка. - Але я падышоў да гэтага зусім інакш. Яшчэ ўлетку 2019 года я пачаў пераглядаць, што ў нас [іншымі гісторыкамі і пісьменнікамі — Еўрарадыё] напісана, і выявілася, што ніхто раней не падумаў пра Каліноўскага як палітыка. У маёй кнізе ён не паўстанец, тут ён кіраўнік урадаў Літвы і Беларусі. І людзі тут зусім іншыя: героі гэтай кнігі, ягоныя паплечнікі, пераважна былі не вядомыя публіцыстам, пісьменнікам і гісторыкам. Я ўбачыў, што, у прынцыпе, тады адбылося нараджэнне беларускай нацыі. І першым яе разбудзіў і абвясціў Кастусь Каліноўскі. Таму гэтую кніжку можна назваць кароткай гісторыяй нараджэння новай беларускай ідэнтычнасці.

За савецкім часам постаць Каліноўскага ўспрымалася ідэолагамі болей пазітыўна, чым негатыўна. У 1928 году ў Савецкім Саюзе аб паўстанні 1863–1864 гадоў нават знялі фільм.

Цяпер беларускія ўлады праз замацаванне вобразу першага беларускага паўстанца ў сучасным пратэставым руху ледзь не збітыя з панталыку тым, як да яго ставіцца. Хаця яшчэ ў 2019 годзе на перапахаванні парэшткаў Каліноўскага ў Вільні быў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка. Як успрымаць такія змены ў асэнсаванні гістарычных асоб, падзей і стаўленні да іх?

- На жаль, ёсць працяг барацьбы вакол Беларусі, "расейскі свет" змагаецца за Беларусь па-ранейшаму, - кажа далей Сяргей Абламейка. - Акурат гэта стварае асноўную праблему. Сучасная гістарычная навука вельмі цікавая. На Захадзе даўно знайшлі ўсе асноўныя дакументы, цяпер гісторыкі займаюцца пераважна асэнсаваннем таго, што ўжо вядома.

На пачатку дваццатага стагоддзя быў сфармуляваны асноўны прынцып сапраўднай гістарычнай навукі: гісторыкі не маюць права тлумачыць мінуўшчыну з пункту гледжання сучасных прыярытэтаў. Не маюць права пераносіць у мінуўшчыну актуальныя ідэалагічныя схемы. Але гэта акукрат тое, што адбываецца вакол Каліноўскага ўсё дваццатае стагоддзе і цяпер. Заданне гісторыка - зразумець матывы людзей "тады" і растлумачыць іх сучаснаму чалавеку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках